Аўтар мульціка-жаху “Лядзяш” прэзентаваў сваю творчасць у Гродне

 

“Дзецям да 12 глядзець толькі з бацькамі”

 

На пачатку паказу адна з глядачак падзялілася сваімі перажываннямі:

 

Я бачыла “Лядзяш” – гэта проста жах.

 

Мультфільм-жах “Лядзяш” Генадзь Буто стварыў ў якасці адной з серый антынаркатычнага серыялу для падлеткаў «Ре-анимация». Гэта трагічная гісторыя пра знікненне чалавека з-за наркатычнай залежнасці. Фільм раскрывае сваю сутнасць праз дакладна падабраныя вобразы. Тут не патрэбны словы, бо кожная дэталь, рух, дзеянне гавораць пра самае галоўнае. А музыка, якую спецыяльна стварыў кампазітар Bruno Letort, робіць непаўторную жахлівую атмасферу.

 

 

Генадзь распавёў, што пасля аднаго з паказаў фільма адной дзяўчынцы стала кепска, і на яго пасыпаліся скаргі. Пасля гэтага выпадку давялося ўвесці абмежаванні на прагляд –“Дзецям да 12 год глядзець толькі з бацькамі”.

 

З чаго пачаліся мульцікі

 

Генадзь Буто нарадзіўся ў Менску, але жыў і вучыўся ў Гародні. Скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “прамысловы дызайн”. На апошнім годзе вучобы захапіўся анімацыяй. Тады і вырашыў, што будзе аніматарам.

 

Першай сур’ёзнай працай творцы стаў кліп “Пантеры” для беларускага гурта “Ананімка”. Гурт характарызуе свой стыль як “дзіцячы панк-рок”. Героі кліпа, дзяўчынка і яе сябар машына-аркестр, вандруюць па Зямлі і знаёмяцца з яе жыхарамі. Па-дзіцячы вясёлыя і незвычайныя вобразы, насычанасць дэталямі і шматлікімі дробязямі, дынамічны сюжэт раскрывалі сакрэт суіснавання ўсяго жывога ў міры і згодзе.

 

Генадзь у асноўным працуе ў тэхніцы перакладной кампутарнай анімацыі (2D-анімацыя). Але, кажа аніматар, ён імкнецца пашырыць свой досвед. Так, за перакладным 2D кліпам “Скоро всё *нется” для вядомага расейскага гурта “Барто”, з’явіўся 3D-кліп на песню ”Танцпол”. Гурт “Барто” існуе на мяжы жанраў электраклэшу і электрапанку. Выкарыстоўвае электра-саунды 90-х, насычае тэксты ненарматыўнай лірыкай з выразным іранічным і сацыяльным падтэкстам. Пры паказе ягоных кліпаў давялося выдаліць з залі непаўнагадовых дзяцей. Бо як аказалася, анімацыя – гэта не толькі “мульцікі для дзяцей”.

 

Частку сваіх прац Буто рабіў для удзелу ў конкурсах. Па словах аніматара, у гэтым ёсць свае ”плюсы”. Першае – гэта пэўны час, што дапамагае акумуляваць творца да працы. Па-другое – незвычайныя ўмовы. Так, у праекце “Brainless Johnny” неабходна было спалучыць такія рэчы, як 7 год, пазяханне і адраджэнне. Трэцяе – матэрыяльны складнік, што не можа не заахвочваць.

 

“Brainless Johnny” – класічная анімацыя, то бок маляваная, была створана для аўстралійскага анімацыйнага конкурсу Graphic Animation Compеtition, арганізаванага Sidney Opera House.

 

Тое, што можа зрабіць кожны

 

Назіранне за наваколлем таксама можа стацца цікавым праектам. На працягу двух год Генадзь Буто здымаў выгляд са свайго акна. 500 здымкаў было зроблена камерай звычайнага мабільнага тэлефона Sony Ericsson K750i. Здымкі аніматар звёў у відэашэраг і наклаў музыку – так з’явіўся stop motion праект “Panoramia“. Звычайныя рэчы, якія мы назіраем кожны дзень, могуць загучаць у новым філасофскім рэчышчы.

 

“Я беларускі аніматар”

 

Анімацыйны паказ ад Генадзя Буто скончыўся прэзентацыяй новага кліпа “Мілая” для маскоўскага гурта Кэрры. Але гэта была не апошняя разынка вечара. Гутарка гледачоў з аніматарам – вось дзе нарэшце ўсе прысутныя змаглі выпусціць пар. Гледачы засыпалі Генадзя пытаннямі: аніматарам якой краіны ён сябе лічыць? Якую музыку слухае? Што яго натхняе? Якая сітуацыя з анімацыяй у Беларусі і чаму ён паехаў у Піцер?

 

 

Большасць прац Генадзя Буто былі адзначаны ўзнагародамі ў Расіі, але сам творца лічыць сябе беларускім аніматарам і гарадзенцам. Сёння Генадзь працуе на студыі “Мельница” ў Санкт-Пецярбурзе. А ў вольны час працягвае працаваць над праектамі, якія замаўляюць ў Беларусі.

 

Увогуле аніматар, па словах Генадзя Буто, гэта ўніверсальная прафесія. Можна ствараць анімацыю незалежна ад таго, дзе ты жывеш – у сусветнай сталіцы ці ў лесе. У Санкт-Пецярбург ён паехаў не жыць, а працаваць. Працаваць, каб атрымліваць новы досвед, развівацца. Атрымаць тое, што немагчыма знайсці ў Беларусі.

 

 

Генадзь не цураецца рабіць і камерцыйныя праекты – рэкламныя ролікі для тэлебачання. Творчыя працы, кліпы для сяброў прыносяць не столькі прыбытак, а больш творчае задавальненне. Натхняюць творцу простыя рэчы: назіранне за наваколлем, музыка, восень, адзінота. У Беларусі, па словах аніматара, вельмі спрыяльная глеба для творчасці.

 

 

Галоўны здымак – з кліпа “Пантэры” гурта “Ананімка”