Што хавае Нёман?
Аб гэтым і шмат чым іншым мы вырашылі запытацца як ў гісторыкаў, так і ў спецыялістаў з ратавальнай станцыі на Нёмане, якія маюць пастаянныя дачыненні з ракой, у тым ліку – працуюць на дне.
– Якія каштоўнасці можа захоўваць Нёман?
– Усё, што заўгодна, але у першую чаргу – дэталі ваеннай амуніцыі, – распавядае студэнт 5-га курсу гістфаку Алесь Хацько (на здымку).
Як вядома ў Гісторыка-археалагічным музеі захоўваюцца гарматы, якія ў свой час затапіў Пётр Першы пры адступленні, і якія былі паднятыя ў другой палове 60-х гадоў. Нам рэгулярна трапляюцца кулі, ядры, гранаты, шомпалы часоў Паўночнай вайны і ня толькі. Баі Першай і Другой сусветных войнаў пакінулі па сабе масу гільзаў, салдацкіх гузікаў, какардаў тых жа польскіх легіянераў. Мой бацька, напрыклад, яшчэ ў дзяцінстве разам са сваёй дваровай “камандай” знаходзіў на Нёмане і крамянёвы пісталет, і сярэднявечную сякерку, і безліч балванак ад гранатаў.
Багата, безумоўна, і цывільных знаходак: керамікі, шкла, ланцугоў, якімі замацоўвалі чоўны, знаходзілі мы нават хірургічныя прыналежнасці, аптэчны посуд, дробныя манеты часоў ВКЛ ды герцагства Варшаўскага з пазнакай “1811” – гэта ўжо рэха Напалеёнаўскіх часоў.
Нельга забывацца, што праз Нёман заўжды ладзіліся пераправы ды масты, дзе людзі нешта гублялі, ды і гараджане зкідвалі розную непатрэбшчыну ў ваду, каб далёка не хадзіць.
– Чым абумоўлены шырокі асартымент знаходак з Нёмана?
– Нёман – гэта шлях, артэрыя, якую заўжды выкарыстоўвалі людзі, – адказвае загадчык кафедры археалогіі ГрДзУ Сяргей Піваварчык (на здымку).
Ён служыў фактычна адгалінаваннем шляху “з варагаў у грэкі”, які праходзіў па маршруце: Балтыка – Нёман – Ваўкавыя – Ясельда – Прыпяць – Днепр – Чорнае мора. Шмат у чым гэты шлях быў зручнейшым за ўсім вядомы праз Дзвіну ды Волгу. Таму, фактычна з 10 ст., моманту славянскай каланізацыі тутэйшых земляў, на Нёмане у ваколіцах сучаснай Горадні бурліла жыццё, а значыць, у ваду немінуча траплялі прадметы ўжытку.
Хрэстаматыйнай, напрыклад, сталася знаходка рыцарскага рыштунку, які хлапчукі знайшлі на беразе Нёману ды прынеслі археолагу Краўцэвічу.
– Ёсць легенда, нібыта ў рысе горада ў Нёмане ёсць затоплены танк…
– У горадзе – наўрад ці. А вось, напрыклад, каля Гожы, дзе была пераправа летам 1941 г., калі патанула шмат тэхнікі пры адступленні савецкіх войскаў ад Аўгустоўскага каналу – цалкам мажліва.
…Добра памятаю мемуары аднаго чырвонаармейца, які так і піша: “на маіх вачах пад воду пайшоў плот з дзвума машынамі”. Пераправу, вядома, інтэнсіўна бамбілі немцы.
Кур’ёзны выпадак у нас адбыўся на Шчары ў Мастоўскім раёне: знайшлі нібыта танк пад вадой, падагналі экскаватар, выцягнулі, а аказалася: башня ад баржы… Бываюць і такія расчараванні.
– А пра помнік Сталіну затоплены чулі што-небудзь?
– Чуў, аналагічны сюжэт расповедаў пра “затопленага Сталіна” ёсць, як мінімум, яшчэ і ў Лунна. Фактычных сведчанняў мы пакуль, на жаль, не маем.
– Ці ёсць, на ваш погляд, перспектывы ў падводнай археалогіі на Нёмане?
– Думаю, што ёсць і вялікія: бо знайсці ў Нёмане можна шмат чаго, нават па берагах. Мой знаёмы “чорны археолаг”, напрыклад, штогод ходзіць па берагах Нёмана ўверх-уніз, без рыдлёўкі, без усялякіх прыладаў, і знаходзіць: і манеты, і пярсцёнкі… А колькі можна было б на дне знайсці?
Праблема ў тым, што пакуль у нас няма ані падрыхтаваных спецыялістаў, ані тэхнікі. З часам, спадзяюся, сітуацыя зменіцца.
Ад прафесіяналаў ад навукі мы звярнуліся да спецыялістаў у водных абшарах. Наконт нёманскіх знаходак з намі пагадзіўся пагутарыць начальнік цэнтральнай ратавальнай станцыі Мікалай Яскевіч:
>
Гарадзенская ратавальная станцыя
-…Так, знаходзім, пастаянна: ядры, цвікі, манеты… Знайшлі, быў выпадак, каменную сякеру з адтулінай, а іншым разам нямецкі штылет – даволі рэдкі, егерскі, акурат тых частак, якія змагаліся з партызанамі. Усё здаем у музей альбо на кафедру археалогіі.
– А наконт затопленага танку ці помніка Сталіну чулі што-небудзь?
– Танку ў гарадской рысе дакладна няма: мы ж вывучылі тут кожны метр. А вось помнік Сталіну разам з Леніным на лаве, а дакладней – ягоныя кавалкі, ляжыць у Нёмане акурат насупраць Каложы, зараз ужо замыты ўвесь. На пачатку 90-х думалі яго падняць, бо меркавалі, што метал, а аказалася, што гіпсавы…
Той самы помнік Сталіну і Леніну
Адразу за старым мостам, напрыклад, ляжаць парэзаныя парэшткі ўзарванага падчас вайны маста – ніхто іх не чапаў ды не падымаў. Глыбіня тут у сярэднім 3-3.5 метры, каля Каложы – 6. А наконт падводнай археалогіі скажу, што вада тут мутная. Тыя ж металічныя прадметы – у любым выпадку іржа з’есць…
І фатаграфаваць ня трэба мяне: няголены, ды і апрануцца прыгожа трэба было б… – далікатна пасміхнуўся каларытны начальнік станцыі, з-пад кашулі якога выглядала цельняшка, – Вы летам прыходзьце: на лодцы вас пакатаем!