Мікалай Аўтуховіч: «Быў, ёсць і застаюся чалавекам»

|

17 студзеня палітвязня чакае суд  адносна змены рэжыму ўтрымання. Ставіцца пытанне пра змену рэжыму ўтрымання з калёніі на турму. Аўтуховіча будзе абараняць адвакат.

Сп. Мікалай выказвае падзяку ўсім знаёмым і незнаёмым людзям, якія маральна падтрымлівалі яго.

Палітвязень просіць у сваім лісце не перажываць за яго:

«Хай мы яшчэ не выйгралі. Але не прайгралі. Вялікі крок наперад усё ж зроблены. Інфармацыя адносна парушэння правоў чалавека становіцца галоснай».

У сваім пасланні Мікалай Аўтуховіч звяртаецца не толькі да сваіх прыхільнікаў, але і прадстаўнікоў улады, таго, хто лічыцца «гарантам Канстытуцыі Беларусі»

Ён адзначае:

«Я пратэстую, бо ўспрымаю жыцьцё такім, якое яно ёсць насамрэч, а не такім, якім яго хочуць паказаць тыя, хто трымае ўладу. Хай ведаюць, што не кожны прагінаецца ў выніку „бязмежжа“ і не з кожнага можна зрабіць жывёліну.

Я не гандлюю сумленнем, быў, ёсць і застаюся чалавекам, міма зла не праходжу і маўчаць не буду.

Падмяняючы паняцці, улада ўсталявала ў калоніі свае парадкі. Нязгодных з імі тут не трымаюць, іх адпраўляюць у іншыя месцы. Нязгодных не чуваць і не відаць.

Неабмежаваныя магчымасці гэтак званага выхаваўчага працэсу прымушаюць здацца ды капітуляваць нават любога моцнага мужыка …

Часам здаецца, што калі адміністрацыя скажа асуджаным, што з заўтрашняга дня ва ўстанове будуць карміць  праз дзень, а з вясны праз два дні, то мала хто будзе абурацца. Рамонты ў бараках заўсёды робяцца за кошт асуджаных. Сваякі вязуць матэрыялы або проста шлюць грошы. Хто адмовіцца, таго адразу пераводзяць у атрад, дзе практычна няма бытавых умоў.

Хачу запытацца ў гаранта Канстытуцыі — прэзідэнта, ці выдаткоўваліся за час яго кіравання сродкі для капітальных рамонтаў у калоніях. Калі не, то чаму. Таксама хачу спытаць, чаму асуджаных кормяць як палонных ворагаў — што кінулі, то тыя і ядуць. Чаму не прытрымліваюцца нормаў, усталяваных заканадаўствам? Хто крадзе сродкі?”

Аўтуховіч працягвае ў сваім лісце задаваць пытані да Лукашэнкі : “Чаму ўжываныя выхаваўчыя мэтады ў дачыненні да нязгодных не адрозніваюцца ад гестапаўскіх? У асуджаных няма аніякіх правоў. Скаргі з калоніі не выходзяць, адміністрацыя проста не прапускае іх, і яны ўвогуле знікаюць.

 

Пракуратура і суд абараняюць інтарэсы адміністрацыі. Дамагчыся справядлівасці тут немагчыма. Кругавая парука, як і ва ўсёй краіне. Ніколі не пакараюць свайго без адмысловых указанняў на тое. Народ заўсёды застаецца ў дурнях.

Спадар Лукашэнка, дзе Закон?», — піша ў сваім пасланні Мікалай Аўтуховіч”