Калекцыянеры талентаў

Яны расказалі пра сваю дзейнасць і прадставілі апошнія дасягненні. Між іншым гарадзенцам, пры падтрымцы ГА «Трэці Сектар», быў прапанаваны кінапрагляд аматарскага кіно ад «Byzond Pictures&Perpetuum mobile». У зале быў аншлаг.  «Твой Стыль» паразмаўляў з маладымі кінематаграфістамі.

>

 

Вера Анціпава (на здымку):

– Кароткаметражнае кіно – найбольш хуткі і найменш затратны спосаб заявіць аб сабе ў кінаіндустрыі для маладога рэжысёра. Раней не было магчымасці глядзець такое кіно ў Беларусі, ніякага фестывалю не было… але неабходнасць наспявала і здзейснілася! Канешне, нельга сказаць, што незалежнае аматарскае кіно – гэта элітарнае кіно, але – і не масавае, – пачала расповед Вера Анціпава.

 

Якой бачыце сваю місію?

– Я сачу за маладымі рэжысёрамі, назіраю, як яны развіваюцца, эвалюцыяніруюць. Кінафестываль – выдатная магчымасць падтрымкі і надання большага сэнсу іх імкненням, бо многія з іх на пэўным этапе сярод здымак пачынаюць не разумець, для чаго ўсё гэта робіцца, і праца спыняецца. Наша місія – адшукваць і развіваць таленты. Натхняць маладых кліпмейкераў, каб яны нешта стваралі, дапамагчы ім убачыць свой шлях і перспетывы. Гэта своеасаблівы гістарычны працэс – дынаміка і тэндэнцыі развіцця кіно!

 

Адкуль ідэя назвы вашага кінафестывалю?

– «Perpetuum mobile» – назва з надзеяй на тое, каб кінафестываль рухаўся далей, для натхнення маладых рэжысёраў і творчага пошуку, іх пастаяннай працы ў кінематографе, дзе кожны можа ўнесці штосьці сваё.

 

Якія ідэі выношваеце на будучыню?

– У планах – стварэнне нечага накшалт беларускіх паказаў за мяжой.

 

Alexei De Bronhe (на здымку):

– Яшчэ са школы хацелася самому ствараць міры, а не зубрыць зададзеныя матэрыі. Слоўнік ангельскай мовы выкарыстоўваўся мною у якасці барабаннай устаноўкі. А першы мой досвед аранжыроўкі быў такім: я стукаў асадкамі па кнігах і запісваў на магнітафон. Потым захапіўся стварэннем коміксаў, марыў стаць рэжысёрам, да чаго і цяпер працягваю рухацца. А музыка – гэта маё сэрца і сэрца кінематографа – таксама! – Так апісвае творчую дзейнасць Alexei De Bronhe, які пасля кінапрагляду ў кавярні «Кальянная №4» прадставіў свае музычныя творы.

 

– Калі штосьці ствараю – сам сабе не належу. Гэта вось музыка – адлюстраванне майго цяперашняга ўнутранага стану, а ён, у сваю чаргу – вынік сённяшняга ўзаемадзеяння з гродзенцамі.

 

Чым займаецеся як уладальнік лэйблаў?

– Я не толькі здымаю кіно і пішу музыку, але і «збіраю» творчасць іншых, бо, мабыць, здольны ацаніць чужое. А тым, што мне падабаецца, хочацца падзяліцца і з іншымі. Я збіраю і аграняю дыяманты. Увогуле, менавіта пры ўзаемадзеянні з іншымі творчымі людзьмі ідзе фарміраванне мяне самога, маёй творчасці. Дзякуючы гэтаму – я сам нешта ствараю!

 

Якія рэчы могуць закрыць крыніцы вашага натхнення?

– Абыякавасць і хлусня ненадоўга забіваюць, ствараецца нешта накшалт чорнай дзіры…Але потым, праз некаторы час – быцам узвышаешся над усім гэтым, і ўсё праходзіць!

 

Фота: Юлія Каляда