Паштоўкі як хобі і сродак зносін

|

Дзесяцімільённая паштоўка, зарэгістраваная 27-га студзеня 2012, была адпраўлена з Японіі ў Германію.

 

Алена Склюева, адна з гродзенскіх калякцыянерак, распавяла «Твайму стылю», што зараз атрымліваецца ў горадзе ў дадзенай сферы калекцыянавання:

– Гэтым хобі я захапляюся напрацягу 2 год, і за гэты час ужо атрымала афіцыйна (калі патрэбна рэгістравацца на сайце, а кожнай паштоўцы прысвойваецца асабісты нумар) больш за 500 розных паштовак з усяго свету. Яшчэ каля 1000 паштовак атрымала «неафіцыйна». Даведалася я пра посткросер дастаткова спантанна. Чула, бачыла некаторыя моманты па расейскаму тэлебачанню, аднак не надавала гэтаму ніякага значэння… А потым на гродзенскім форуме выпадкова ўбачыла тэму, пару месяцаў назірала за ёй: што атрымліваюць дзяўчаты, як яны дзеляцца сваімі дасягненнямі і вырашаюць пытанні. І ў рэшце пачала спрабаваць сама: вельмі прыгожыя паштоўкі былі ў дзяўчат! Першая праблема з якой я сутыкнулася – гэта тое, што ў нас вельмі малы выбар паштовак, таму цяжка набыць нешта цікавае і арыгінальнае. Мірскі замак – традыцыйна папулярная тэма ў посткросінгу, Браслаўскія азёры, Белавежская пушча… Але гэтага вельмі мала, і яно вельмі хутка разбіраецца. А паштоўкі, якія больш нестандартныя, напрыклад, прысвечаныя мастацтву, жывапісу… Іх можна набыць толькі ў Нацыянальным мастацкім музеі.

 

Алена дзеліцца сваімі ўражаннямі пра тыя паштоўкі, што ёй дасылаюць:

– З-за мяжы прыходзяць цікавыя паштоўкі: напрыклад, з арыгінальнымі сюжэтамі, якія нічога не тычацца, але своеасаблівыя, эксклюзіўныя. Посткросеры за мяжой ладзяць сустрэчы. У нас такія мерапрыемствы яшчэ не сталі традыцыяй. Мы з дзяўчатамі з гродзенскага форуму сустракаліся некалькі разоў за мінулы год. У межах форуму мы размаўляем, абменьваемся сваімі набыткамі. У гэтым плане вельмі сяброўскі калектыў: хто што дзе набыў, распавядае астатнім, каб тыя таксама маглі папоўніць свае калекцыі.

 

Даведка «Твайго Стылю»: У посткросінгу ўдзельнічаюць толькі адзінарныя паштоўкі (без канверта). Посткросінг – міжнародны праект, у якім сёння прымае ўдзел 202 краіны і задзейнічана ўжо больш за 284,000 чалавек па ўсім свеце. Па колькасці ўдзельнікаў наша краіна займае 9-е месца.Гродна з’яўляецца адным з цэнтраў посткросінгу. У горадзе каля 200 актыўных збіральнікаў паштовак, і іх колькасць расце кожны месяц.