Дыктатура абразілася на люстэрка

На канстатацыі трапнасці каментара паважанага эксперта развагі пра фільм, які не месціцца ані ў межах журналісцкай этыкі, ані журналісцкага (ды і нават прапагандысцкага) майстэрства, можна было б скончыць. Аднак з таннай падробкі БТ вынікае больш смутная выснова.

 

Нядзельны «наеБАШ пра БАЖ» у выкананні дзяржаўных прапагандыстаў – гэта папяраджальны стрэл у накірунку незалежнай беларускай журналісцкай супольнасці. Гэта сігнал таго, што над адной з найбольш уплывовых і патрэбных грамадскіх арганізацый навісла пагроза знішчэння. Логіка дыктатуры, якая пануе ў нашай краіне, не ўнікальная і не адрозніваецца ад логік іншых дыктатур. І ёй, як іншым, уласцівае пачуццё помслівасці, якое перарастае ў параною.

 

На Беларусі ўжо даўно знішчаныя дзеяздольныя структуры палітычнай апазіцыі. Пасля жорсткага прысуду кіраўніку Праваабарончага Цэнтра «Вясна» Алесю Бяляцкаму – у значнай ступені знішчаны і праваабарончы рух. Пра ўсе гэтыя і іншыя непрывабныя бакі дыктатуры інфармуем мы – незалежныя журналісты. Мы, як люстэрка ў знакамітай казцы Пушкіна, калі ведаем, што ёсць нешта прыгажэйшае, чым дыктатура – кажам пра гэта, нягледзячы на помслівасць дыктатара. А ён, як казачная царыца, гатовы разбіць кожнае люстэрка, якое кажа яму праўду.

Анджэй Пісальнік, сябра Гродзенскай філіі БАЖ