45 калектываў выступяць на фестывалі “Каложскі дабравест”

Духоўныя спевы прадэманструюць калектывы з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны, Румыніі, Сербіі, а таксама ўпершыню ў гэтым годзе чакаецца выступ візантыйскага хора “Этымілон” з Грэцыі. Акрамя вядомых калектываў з вялікіх гарадоў, арганізатары Фестывалю надаюць увагу ўдзелу невялікіх ансамбляў з вёсак, падкрэсліў падчас прэс-канферэнцыі дырэктар і мастацкі кіраўнік фестывалю Уладзімір Лябецкі:

 

Імкнемся прадстаўляць менавіта такія ансамблі, якія дэманструюць мастацтва, якое было яшчэ ў тыя часы, калі ўсё царкоўнае забаранялася ўладамі. Я маю на ўвазе калектывы з вёсак – напрыклад, Самойлавічаў ці інш. Такія калектывы мы запрашаем да ўдзелу ў заключным туры, таму што ва ўсім свеце, на жаль, такія калектывы паступова паміраюць, бо іх састарэлыя ўдзельнікі сыходзяць, а разам з імі і народнае спеўнае мастацтва. Таму я ганаруся, што на нашым Фестывалі такое мастацтва яшчэ прадстаўлена.

 

Пра стан царкоўнага спеўнага мастацтва ўзгадаў старшыня міжнароднага журы фестывалю “Каложскі дабравест” протаіерэй Андрэй Бандарэнка:

 

Калі мы пачыналі гэты Фестываль, то першая задача была паглядзець, што адбываецца ў нашай епархіі з царкоўнымі спевамі. 10 год Фестывалю паўплывалі на развіццё царкоўных спеваў. Бо кожны хор у епархіі ведае, што трэба будзе адсправаздачыцца падчас адборачнага этапу на ўдзел у Фестывалі, і гэта ў нейкім сэнсе стымулюе да развіцця. Найлепшы стан царкоўных спеваў, безумоўна, у Гродне – тут усе магчымасці. А чым далей у глыбінку, тым большыя там праблемы. Сёння мы згадвалі хоры, заснаваныя на народнай аўтэнтычнай традыцыі. Дык вось гэтыя спевы, дзе захавалася мясцовая духоўная традыцыя, гінуць. А раней жа спевы былі часткай жыцця, у тым ліку і духоўныя. Таму вельмі цікавыя тыя калектывы, якія спрабуюць аднаўляць больш старажытныя народныя спевы.

 

Праграма сёлетняга “Каложскага дабравесту” выглядае наступным чынам.

 

20 лютага запланаваны паказ мастацкага кіно у кінатэатры “Усход”, а таксама адкрыццё фотавыставы “Свет праваслаўя” ў фае кінатэтра.

21 лютага ладзіцца вечар аўтарскай песні і духоўнай паэзіі. Традыцыйны канцэрт перамесціцца з залы Музея гісторыі рэлігіі ў залу царкоўна-прыхадскога комплексу Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора, з прычыны таго, што аматараў духоўнай паэзіі штогод робіцца ўсё болей, і змясціць усіх ахвотных зала музея не ў стане.

 

22 лютага ўласна конкурсная частка Фестывалю распачнецца малебнам у кафедральным саборы. У 12 гадзін у Музеі гісторыі рэлігіі будзе адкрыццё выставы вышыванай іконы народнай мастачкі Галіны Курносавай. А ўвечары а 18 гадзіне ў абласным драмтэатры адбудзецца адкрыццё Фестывалю. Традыцыйна яго адкрые хор святароў, які сёлета адзначае 10-годдзе існавання. Таксама выступяць лаўрэаты мінулага Фестывалю “Каложскі дабравест”, прыхадскія хоры – архіерэйскі хор кафедральнага Свята-Пакроўскага сабора, Сабора Усіх Беларускіх Святых, дзіцячы хор Свята-Нікольскага храма з Бераставіцы. Другая палова канцэрта будзе прысвечаная выступу дзяржаўнага камернага хора пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай.

 

23 лютага і 24 лютага з 10 гадзін адбудуцца традыцыйныя конкурсныя праслухоўванні ў гарадскім доме культуры. У гэтыя ж два дні запланаваныя вечаровыя канцэрты па-за праграмай конкурсу Фестывалю.

 

Было вельмі шмат калектываў, якія выказалі жаданне выступіць у пазаконкурснай частцы з канцэртам, – распавёў адміністратар Фестывалю Алег Комар. – На жаль, усіх запрасіць не можам, таму сёлета з асобнымі канцэртамі на “Каложскім дабравесце” выступяць тры лепшыя замежныя калектывы. 23 лютага ў 18 гадзін у Новы замку выступяць два расейскія калектывы: дзіцячы хор “Вдохновение” з Масквы, у 2-м аддзяленні – народны хор “Віват” з Ніжняга Ноўгарада. 24 лютага ў Новым замку ў 18 гадзін адбудзецца канцэрт хору мужчынскага Свята-Пакроўскага манастыра з Харкава.

 

Каб трапіць на адзін з гэтых вечаровых канцэртаў, трэба будзе набыць уваходны квіток у музей Новага замка.

 

25 лютага а 15 гадзіне ў драмтэатры адбудзецца абвяшчэнне вынікаў Фестывалю і гала-канцэрт.

 

Па словах арганізатараў, усе квіткі на гала-канцэрты прададзеныя. У продаж у касах драмтэатра яны не паступаюць – разыходзяцца праз царкоўныя прыходы.

 

Здымак з bas.racyja.com