Як карабель назавеш, ці Імёны, папулярныя ў гродзенцаў

Часам бацькі падыходзяць да падбору імя крэатыўна, часам абіраюць больш простыя, шырока вядомыя імёны. Па звестках за 2011 год самыя папулярныя дзявочыя імёны – Дар’я, Марыя, Анастасія і Паліна, хлопчыкаў часцей за ўсё называлі Максім, Мікіта, Аляксей і Аляксандр. Мода на гэтыя імёны асабліва не змяняецца, самыя вялікія лічбы ў статыстыцы народжаных дзяўчынак і хлопчыкаў звязаныя менавіта з імі.

 

Яшчэ сёння да самых папулярных імён можна аднесці такія як Ксенія, Вікторыя, Ганна, Арцём, Кірыл, Арсеній, Міхаіл. Заўважна мода змяняецца ў адносінах да меньш вядомых імен.

 

– Яшчэ пару год таму ў нас рэгістравалі шмат Даніэляў, была тэндэнцыя на замежныя імёны, – кажа Людміла Танцарава.

 

І сапраўды, па аналітычных дадзеных за 2009 год зарэгістравана шмат замежных і складаных імён – Арыянна (Арианна), Барбара, Глафіра, Віорыка, Каміла, Ніколь, Лізі, Алівія, Меліта, Паўліна-Марыя, Эльнарэ. Больш экзатычных імён прыходзяцца на дзяўчынак, але ж і сярод мужчынскіх імён сустракаюцца Даніэл, Дэвід, Арон, Дамянік, Эмір, Астап, Платон, Эльдар, Эрнэст.

 

Малюнак крыху змяніўся ў мінулым годзе: да пералічаных іншамоўных імён дадаліся больш сталыя, у тым ліку стараславянскія імёны – Варвара, Міхаліна, Радаслава, Софья, Яраслава, Ясенія, Мілана, Архіп, Гаўрыіл, Елісей, Лаўрэнцій, Радыён, Карней, Міраслаў і Ярамір.

 

Каб афіцыйна надаць імя дзіцяці патрэбен удзел аднаго з бацькоў, але ж гэта адносіцца толькі да дзяцей, народжаных ў зарэгістраваным шлюбе. Калі дзіця рэгіструецца з устанаўленнем бацькоўства, але бацькі пры гэтым афіцыйна не распісаныя, патрэбна прысутнасць і таты, і мамы.

 

Ёсць бацькі, якія выбіраюць імя для дзіцяці па святцах, бо лічаць, што святы, у чый гонар было названа дзіця, будзе яго нябесным заступнікам, анёлам-захавальнікам.

 

Лічыцца, што імя надаецца на ўсё жыццё і часам нават паўплывае на лёс, але ж бываюць выпадкі, калі чалавек не задаволены сваім імем і хоча яго памяняць.Самастойна гэта можна зрабіць толькі з 16-ці гадоў, маючы на тое важкія прычыны, напрыклад, цяжкую прамаўляльнасць. Каб змяніць імя, трэба напісаць заяву ў ЗАГС з падрабязным апісаннем сваёй сітуацыі. Потым такія заявы разглядае Ўпраўленне юстыцыі аблвыканкаму.

 

Змяніць можна не толькі імя, прозвішча і імя па бацьку таксама «перапісваюць», але пры гэтым чалавек не павінен мець за плячыма крымінальную адказнасць. Усе працэдуры, звязаныя са зменай імя, платныя, трэба заплаціць пошліны і атрымаць новыя дакументы.