Першабытныя паселішчы на беразе Нёмана

|

Зараз каля вёскі Каматова Гродзенскага раёна на пляцоўцы Нёманскай ГЭС вядзецца чарговы этап археалагічных даследаванняў. Падчас раскопак высветлілася цікавая асаблівасць – культурныя пласты больш ранніх эпох знаходзяцца вышэй, чым больш позніх гістарычных перыядаў.

Гэта тлумачыцца сукупнасцю прыродна-кліматычных фактараў, уздзеянне якіх парушыла гістарычную чарговасць. Пласты з парэшткамі першабытных культур, які размешчаны на верхніх тэрасах прыбярэжнай тэрыторыі, “праселі”, накрыўшы сабой ніжнія тэрасы з больш познімі паселішчамі.

Гэтыя раскопкі пашырылі ўяўленні адносна ранняга Сярэднявечча (10-11 ст. н.э.). Яны таксама пацвердзілі тэзіс пра тое, што буйны горад як сярэднявечны Гродна абавязкова павінен быў “харчавацца” за кошт суседніх паселішчаў. Раней паселішчаў ранняга Сярэднявечча ў раёне Гродна было знойдзена няшмат.

Сярод знаходак гэтых даследаванняў – артэфакты ІІІ тыс. да н.э. (культура шнуравай керамікі), а таксама каменная шліфаваная сякера мяжы ІІ-І тыс. да н.э. (позні каменны век), а таксама артэфакты эпохі позняга Сярэднявечча.

Паводле prosto-free.livejournal.com