Чаму гарадзенскія ўдзельнікі арт-прасторы мала кажуць пра мары?

Арганізатарам імпрэзы выступіла грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар”.

 

Атмасфера “Кальяннай” была ўтульнай і даволі нефармальнай. Эксперты з розных галін мастацтва, прадстаўнікі СМІ, навучэнцы “Школы маладога журналіста” паспрабавалі акрэсліць, што неабходна змяніць і палепшыць у культурным жыцці Гродна. Мадэратарам дыскусіі выступіла госця з Мінску – арт-мэнэджар Ірына Герасімовіч.

 

Правакацыйная на першы погляд назва “Горад без галерэй” з’яўляецца адмысловай: у Гродне ёсць галерэі, тэатры і кавярні, але ёсць і пэўныя праблемы і цяжкасці. На пачатку дыскусіі мадэратар Ірына прапанавала памарыць і распавесці пра тое, якім у ідэале можа быць культурнае жыццё Гродна. Аднак пра бачанне ідэальнай сітуацыі пачуць удалося мала, бо ўдзельнікі больш сканцэнтраваліся на праблемах у сваёй галіне мастацтва. Было заўважна, што кожны хацеў выказацца пра набалелае.

 

Чаму прысутныя мала казалі пра свае мары, падзялілася меркаваннем Ірына Герасімовіч.

 

 

У залі прысутнічала некалькі мастакоў і прадстаўнікоў галерэй горада. Адпаведна тэма выяўленчага мастацтва гучала часцей. Ірына Сільвановіч, дырэктар выставачнай залы па вуліцы Ажэшкі большы акцэнт зрабіла на станоўчыя бакі:

 

Тэма галерэйскай работы для мяне вельмі блізкая, бо ўсё маё жыццё звязана з выяўленчым мастацтвам. Cітуацыя не такая страшная, як гэта, бывае, гучыць. У Гродне шмат мастакоў, якія вельмі актыўна працуюць. Таму ўнутраны патэнцыял вялікі. У горадзе шмат галерэй, і звязаная з імі тэндэнцыя вельмі станоўчая. Напрыклад, галерэі “Крыга” зараз даюць ячшэ некалькі памяшканняў, таму яна будзе павялічвацца. Я таксама задаволеная вернісажамі ў Гродне і не ўспрымаю іх ў якасці канкурэнтаў нашай выставачнай залы. Канешне, ёсць пэўныя цяжкасці з размяшчэннем выстаў, транспарціроўкай. Але ўсе іх можна вырашыць.

 

 

 

Мастак Сяргей Грыневіч сканцэнтраваўся больш на праблемах і цяжкасцях выяўленчага мастацтва Гродна. Ён адзначыў, што трэба развіваць інфраструктуру і сучаснае мастацтва:

 

У Гродне сапраўды больш прыватных галерэй у параўнанні з іншымі абласнымі цэнтрамі, але так склалася гістарычна. У горадзе кідаецца ў вочы адсутнасць абласнога мастацкага музея. У гістарычным музеі шмат карцін з розных часоў і рознага ўзроўню, але пакуль не будзе адпаведнай галерэі ці мастацкага музея, іх ніхто не ўбачыць. Востра стаіць праблема з сучасным мастацтвам. На мой погляд, у Гродна яго наогул не існуе. Гродна не бачыў арт-актывізму: інсталяцый, перформенсаў, хэппэнінгаў. І, канешне, неабходна развітая інфраструктура.

 

Мастак Аляксандр Сільвановіч звярнуў увагу на тое, што трэба рыхтаваць гледача. Зараз у школах прыбралі прадмет “Сусветная мастацкая культура”. З-за гэтага дзеці не ведаюць нават асноваў.

 

Мастакі таксама казалі пра неабходнасць паляпшэння якаснага узроўню прасторы. Бо каб прывезці выставу нейкага мастака, яе трэба спачатку апрацаваць. Неабходным з’яўляецца таксама ўзаемадзеянне паміж рознымі дзеячамі арт-прасторы і адсутнасць залішняй канкурэнцыі паміж імі. Наяўнасць розных фарматаў галерэй – дзяржаўных і недзяржаўных – таксама аказвае станоўчы ўплыў.

 

Тэма літаратуры таксама не засталася без увагі. Літаратар Юрый Гумянюк казаў пра неабходнасць аднаўлення незалежных газет і літаратурна-мастацкіх часопісаў:

 

Літаратары зараз маюць два саюзы – дзяржаўны і незалежны, апошні з якіх улады прыгнятаюць. Міністэрства інфармацыі і Міністэрства адукацыі забараняе сябрам незалежнага саюзу літаратараў выступаць у школах, на адкрытых пляцоўках. Неабходны літаратурна-мастацкі часопіс, дзе можна было б друкавацца літаратарам. Мастацкія творы зараз нібы незапатрабаваныя. Таму літаратар вымушаны сам плаціць, каб надрукавацца.

 

 

Наступным крокам было абмеркаванне праблем тэатру. Як адзначыў харэограф і рэжысёр гродзенскага драматычнага тэатра Аляксандр Цебянькоў, тэатральнае жыццё горада вельмі беднае:

 

Летні перыяд – мёртвы сезон. Горад вымірае ў параўнанні з гарадамі Еўропы і тамтэйшымі фестывалямі. Я бачу неабходнасць арт-цэнтра, які б меў інфармацыйную функцыю. Пажадана, недзяржаўны.

 

Эксперты пагадзіліся з Аленай Заяц, якая закранула набалелую тэму крытыкі:

 

Я лічу, што крытыка ў нас наогул адсутнічае. Большасць рэчаў проста хвалебныя. Крытыкі баяцца пакрыўдзіць чалавека. А між тым крытык павінен дапамагаць творцы прывіваць густ публіцы. Канструктыўная і змястоўная крытыка ўплывае на фарміраванне густу публікі.

 

Адсутнасць фестываляў відавочная ва ўсіх сферах культурнага жыцця. Алег Жугжда, рэжысёр гродзенскага тэатра лялек:

 

У нашым горадзе фестывальны рух загублены. А калі б фестывалі былі, людзі наведвалі б іх.

 

Таксама ўсе эксперты агучылі пытанне масавага гледача, на якога ўсе арыентуюца: невядома, як ён фарміруецца і хто на гэта ўплывае.

 

Напрыканцы Ірына папрасіла кожнага ўдзельніка сказаць, як менавіта ён збіраецца змяніць тую сітуацыю, якая існуе навокал яго. Бо з канкрэтных рашэнняў асобнага чалавека складаюцца глабальныя змены ў грамадстве. Пасля сканчэння прэс-клубу Ірына Герасімовіч падзялілася сваімі ўражаннямі ад дыскусіі

 

Ці змяняецца нешта ад падобных прэс-клубаў? Арганізатарка Хрысціна Марчук кажа, што пасля падобных дыскусій верагоднасць зменаў павялічваецца ўдвая. А калі мы наогул не будзем размаўляць, нічога так і не зменіцца.

 

alt=”Image 19726″ >

 

Ніжэй падаецца відэа, падрыхтаванае адмыслова для дыскусіі. Розныя ўдзельнікі гарадзенскай арт-прасторы адказвалі на адно пытанне: Як яны ацэньваюць культурнае жыццё Гродна?

 

Аўтары роліка: Хрысціна Марчук, Юля Каляда, Ганна Марза

 

 

Сценаграма сустрэчы (у скароце) даступная на сайце грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”.

 

Рэпартаж “Белсата” у тэму:

 

Здымкі Юлі Каляды