Як я «здымала кіно»

|

Атрымаўшы заданне ад рэдактара ТС напісаць рэпартаж аб першых здымках, разгубілася. З чаго пачаць? Можа з таго, што на працягу аднаго тыдня праца зрывалася 5 разоў і столькі ж разоў аднаўлялася? Або з таго, што адчувала сябе побач з аператарам і рэжысёрам у сваёй талерцы, быццам яна (талерка) зробленая пад мой рост і памер. Або з таго, што нарэшце стаю перад прафесійнай камерай, уключанай «на мяне» і нешта вяшчаю пра музычную групу «Мамкины бусы»? А рука з мікрафонам здрадліва трасецца, ці то ад холаду, ці то ад хвалявання? А дыкцыя… Слова «імправізаваны» наогул вымавіла толькі на трэці раз!

Я падрыхтавала пытанні для маіх першых герояў (цікава, ці здагадваліся яны, што – эксперыментальныя?), якія, як мне падавалася, «абавязвалі» герояў эмацыйна раскрыцца. Але раз-пораз я са страхам і лісліва зіркала на рэжысёра Аляксея, спрабуючы ўлавіць яго рэакцыю. А ён быў заняты аператарам! І я адчувала сябе такой пакінутай… Ратаваў толькі мікрафон, адносіны з якім ужо паспелі наладзіцца.

Мне падавалася, што ўсё прайшло на добрым базавым узроўні, які я паспяхова перасягнула… Але толькі ў мантажнай усядзець не змагла: занадта хваравіта ўспрыняла ўласныя памылкі. І кожны, ужо бачны зараз промах на экране, прымушаў мяне зажмурвацца ад уласнага дылетанцтва…

А далей мяне чакае «начытанне» і прагляд змантаванай перадачы. Потым – эфір. Спадзяюся, усе памятаюць, што першы блін камяком? Гэта на ўсялякі выпадак, пакуль другая перадача не выйшла…

Ліза Гарохава

Фота аўтара