Амаль 30% п’яных кіроўцаў у Гродне затрымліваюць па тэлефанаваннях грамадзян

|

Пасажыр “Аўдзі” звярнуў увагу на маршрутку, якая віхляла па праезджай частцы праспекта Янкі Купалы і прыціснула да ўзбочыны некалькі машын.

Насупраць шклозавода “Газэль” ледзьве не збіла светлафор. Як толькі мікрааўтобус спыніўся на наступным пешаходным пераходзе, неабыякавы пасажыр “Аўдзі” выйшаў з машыны і падыйшоў да “Газэлі”. Убачыўшы, што кіроўца маршруткі пьяны, мужчына забраў у яго ключы і выклікаў супрацоўнікаў ДАІ.

Утрыманне алкаголя ў арганізме кіроўцы больш чым у 7 разоў перавысіла дапушчальную норму, піша gaigrodno.by.

Да затрымання парушальнік ужо справакаваў ДТЗ на вуліцы Гая.

 

Начальнік Аддзела агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Яўген Дудко:

Безумоўна, мы будзем дзякаваць неабыякаваму чалавеку, што спыніў пьянага кіроўцу, паводзіны якога на дарозе маглі прывесці да цяжкіх наступстваў.

На сёння амаль 30% затрыманняў п’яных кіроўцаў адбываецца па званку грамадзян: людзі бачаць падазроныя паводзіны кіроўцы, тэлефануюць нам, паведамляюць марку, колер машыны, кірунак руху, і праз некалькі хвілін нарад ужо на месцы.

 

Раней гарадзенцы менш рэагавалі на надзвычайныя сітуацыі на дарозе, затое маглі патэлефанаваць у ДАІ з ілжывым даносам на суседа. Сітуацыя змянілася пасля трагедыі ў Лідзе, калі па віне пьянага кіроўцы 8 жніўня 2008 года загінула сям’я з 5 чалавек.

 

Яўген Дудко:

– Тады група п’яных людзей ад’ехала ад бара “Лідскае піва”. Гэта бачылі каля 100 сведкаў – людзі, якія палілі побач з барам, гулялі з дзецьмі, але ніхто з іх не адрэагаваў, ніхто не патэлефанаваў у ДАІ. У выніку – лабавое сутыкненне, 5 загінулых і сярод іх 9-месячны хлопчык і 3-гадовая дзяўчынка. А калі б у той сітуацыі хоць адзін чалавек пазваніў да нас, трагэдыі б не здарылася.

 

Пасля гэтага выпадка і агітацыйнай кампаніі, разгорнутай ДАІ, стаўленне людзей да пьяных кіроўцаў на Гарадзеншчыне змянілася. Праз год пасля трагедыі ў Лідзе, ад таго ж самага бара зноў ад’ехаў аўтамабіль з кіроўцай нападпітку. Гэтым разам сведкі зрэагавалі, і праз некалькі хвілін парушальнік быў затрыманы.