Ці пагражае гродзенскай польскай школе русіфікацыя?

|

Нібыта  гарадскія ўлады маюць намер перанесці ў школу некалькі класаў з суседняй перапоўненай рускамоўнай школы.

Такую інфармацыю бацькам перадалі настаўнікі, прозвішчы якіх не раскрываюцца. Настаўнікі, у сваю чаргу, пачулі пра гэта ад дырэктаркі школы.

 

Сябра Рады школы Веслаў Кеўлік:

Такія ідэі былі і раней, але зараз пра гэта гаворыцца, як пра факт.

Я разумею, што мікрараён Дзевятоўка, дзе знаходзіцца школа, вельмі хутка забудоўваецца, расце колькасць дзяцей і школы перапоўненыя.

Але, па-першае,  польская школа пабудавана яшчэ ў 1996 годзе на сродкі польскай дзяржавы для таго, каб нашыя дзеці маглі вывучаць польскую мову, культуру, і беларускую таксама.

Лепшае выйсце – будаўніцтва яшчэ адной агульнаадукацыйнай школы.

Па-другое, увядзенне рускамоўных класаў можа стварыць канфлікт  паміж самімі вучнямі. Па-трэцяе, школа мае свае традыцыі, напрыклад, на школьным узроўні адзначаюцца польскія святы, і ці не будзе гэта ўваходзіць у супярэчнасць? Гэта мае сэнс для вучняў польскага паходжання.

Калі ўжо мы атрымалі такі прэзент ад польскага ўраду, то чаму цяпер нашыя дзеці павінныя цярпець? Многія аддавалі сваіх дзяцей у гэтую школу, бо яна не перагружаная, дзецям больш увагі надаецца.

 

Да спадара Веслава ўжо звоняць бацькі, выказваюць сваё абурэнне. Па сканчэнні веснавых канікул яны збіраюцца абмеркаваць сітуацыю з адміністрацыяй польскай школы.

 

“Школа належыць не беларускім уладам, а афіцыйнаму Саюзу палякаў на Беларусі, таму ніякае рашэнне, якое яе тычыцца, не можа быць прынята без кансультацый з уладальнікам”, – прыводзіць telegraf.by словы сакратара СПБ Эдварда Калошы.

 

Паводле яго, пытанні дзейнасці польскай школы рэгулююцца пагадненнем паміж СПБ і органамі адукацыі Беларусі:  “Гэта значыць, што без згоды Вярхоўнай рады Саюза любыя істотныя рэформы прынцыпаў навучання ў школы з’яўляюцца незаконнымі, у тым ліку з пункту гледжання беларускага заканадаўства”.

Дырэктарка навучальнай установы Данута Сурмач ад каментароў адмовілася.

 

Здымак з сайта http://hdr.by