Асцерагайцеся інтэрнэт-махляроў

Паведамленні такога зместу нярэдка атрымліваюць карыстальнікі Інтэрнэту ад імя сваіх знаёмых. Будзьце ўважлівымі, замест знаёмага такое паведамленне можа даслаць махляр, каб выцягнуць вашыя грошы. Інтэрнэт-махляры «працуюць» звычайна ў папулярнай сацыяльнай сетцы «Одноклассники», але часам спрабуюць дзейнічаць праз «Вконтакте» і праз іншыя інтэрнэт-сервісы.

>

Ілюстрацыя http://www.bd-vrn.ru

Механізм падману палягае на тым, што карыстальнік «Одноклассников» атрымоўвае ад свайго нібыта сябра паведамленне з прапановай атрымаць сюрпрыз, але для гэтага «сябру» неабходны нумар вашага мабільнага тэлефону, на які абавязкова прыйдзе «код актывацыі» (часцей за ўсё – набор лічбаў). Гэтыя лічбы вы пазней павінны паведаміць «сябру». Калі карыстальнік выканае ўсе патрабаванні «сябра» і чакае абяцанага сюрпрыза, на яго тэлефон прыходзяць SMS-паведамленні пра тое, што паслуга аплачана (дададзена). Уласна ў гэты момант большасць разумее, што іх падманулі і заўважае, што з рахунку спісалася пэўная сума грошай – ад 3 000 да мільёна рублёў.

 

Часам махляры дзейнічаюць трохі іншым шляхам і для атрымання «сюрпрызу» ахвяры прапаноўваецца перайсці па спасылцы, якую тая атрымлівае на нумар свайго тэлефона пасля таго, як «сябра» даведаўся пра гэты нумар. Тады, каб страціць грошы, дастаткова ў падключаным да інтэрнэту тэлефоне проста перайсці па гэтай спасылцы. Вось што пра свой прыкры досвед распавяла «Твайму стылю» адна з ахвяраў махлярства, гарадзенская студэнтка Яўгенія Глінкіна:

 

Я атрымала ліст ад сяброўкі, якую добра ведаю і якая сапраўды не мела нумару майго мабільнага. Яна абяцала мне падарунак. Калі я дала ёй свой нумар, то хутка атрымала SMS-паведамленне з наборам лічбаў. Сяброўка вельмі прасіла мяне ёй яго пераслаць. Я гэта зрабіла і праз некаторы час на мой тэлефон пачалі прыходзіць SMS-кі (13 у агульнай колькасці) з тэкстам пра тое, што паслуга аплачана. Але ж я нічога не заказвала і не купляла…Якая паслуга? Тады толькі я ўбачыла, што махляры скралі ў мяне амаль 400 000 рублёў.

 

Ужо потым Яўгенія высветліла, што сапраўдную старонку яе сяброўкі ўзламалі і ад яе імя даслалі падобныя паведамленні ўсім яе знаёмым. Пра тое, што выпадкі махлярства, ахвярай якога стала Яўгенія, нярэдкасць пацвердзіў у размове з намі гарадзенскі супрацоўнік аднаго з сотавых аператараў. Ён папрасіў не называць яго імя, але пацвердзіў, што да іх у офіс даволі часта звяртаюцца пакрыўджаныя кліенты з прэтэнзіяй, што сотавы аператар не блакіруе іх нумары, калі з рахунку ўжо спісалася даволі вялікая сума грошай.

 

– Але ж зразумейце, калі абанент заказвае нейкую паслугу, то адразу плаціць толькі за SMS-паведамленне – гэта 180 рублёў, – тлумачыць наш суразмоўца. – Потым, толькі праз нейкі час, звычайна праз некалькі гадзін, мы бачым якімі паслугамі карыстаўся абанент і колькі гэта каштуе на самой справе. Мы бачым, калі абанент быў у інтэрнеце ( і перайшоў па спасылцы на тэлефоне – аўт.), на якіх сайтах і што пампаваў ды інш. Толькі тады мы маем магчымасць паінфармаваць яго пра стан рахунку.

 

Атрымліваецца, што махляры ад імя абанента сотавага аператара і з яго нумару тэлефону заказваюць сабе ўсялякія паслугі, тады як ахвяра нават гэтага не ўсвядамляе.

 

– Мы па магчымасці ідзем на сустрач абанентам і калі вы ці вашыя знаёмыя сутыкнуліся з гэтым, то вам варта падыйсці да нас у офіс і напісаць спецыяльную заяву, зараз на разглядзе знаходзіцца 5 заяў карыстальнікаў, – кажа суразмоўца і нагадвае пра неабходнасць быць ўважлівымі, заўсёды пільна сачыць за тым, каму і якую інфармацыю пра сябе вы распавядаеце. – Нельга ні ў якім выпадку нікому называць свае пін–коды, сакрэтныя словы-паролі і іншыя прыватныя дадзеныя. Не дазваляйце сабе падманваць!

 

Існуе неверагодная колькасць спосабаў падману даверлівых людзей. Гэта можа быць просьба ад нібыта вашага сотавага аператара паведаміць ваш нумар тэлефона пад выглядам таго, што сотавы аператар пераналаджвае сетку. Здараецца, што махляры паведамляюць праз СМС, што ваша банкаўская картка нібыта заблякаваная, і вам неабходна паведаміць усе дадзеныя пра яе, уключна з пін-кодам, каб картку разблякаваць.

 

Нярэдка махляры карыстаючыся нашай даверлівасцю і тым, што мы не дбаем пра захаванне ў таямніцы персанальных дадзеных, спрабуюць выцягнуць з нас грошы не толькі ад імя нашых знаёмых, але і ад імя нашых сваякоў. Можна сказаць, што здольны махляр знойдзе падыход да кожнага, нават самага пільнага чалавека. Таму кожны з нас павінен памятаць, што бяспека нашых зберажэнняў – гэта ў першую чаргу нашая праблема. Заўсёды некалькі разоў падумайце, перш чым паведаміць каму-небудзь свае персанальныя дадзеныя, нумар тэлефону, адрас інтэрнэт-пошты ці іншую прыватную інфармацыю.