Піцер: не толькі Зімні і Аўрора
Пачатак вясны – не лепшая пара для турыстаў у Санкт-Пецярбурзе.
На Няве ляжаць глыбы-ільдзіны.

Каб пазбавіць жыхароў і гасцей горада спакусы пераходзіць раку па лёдзе, па яе сярэдзіне раз-пораз праходзіць ледакол, але начныя маразы ўсё роўна пакуль бяруць сваё.

Скаваныя марозам і славутыя піцерскія каналы.
Самы сезон тут – у траўні-чэрвені, калі стаяць белыя ночы. У гэтую пару ў горад прыязджае найбольш турыстаў, большасць з якіх затым сюды больш не вяртаецца з-за шалёна высокіх коштаў і не самага лепшага сервісу.
Апроч помнікаў архітэктуры, якіх тут сапраўды безліч, у Піцеры ёсць куды скіроўваць аб’ектыў фотаапарата.

Закаханыя парачкі замілавана вядуць гутаркі ў скверыках і парках.

А вось гэтая пара пакуль саромеецца фотааб’ектыва.

Хтосьці прызнаецца ў сваіх пачуццях на асфальце (відаць, па гэтай дарозе мае ехаць каханая).

А вось гэтая каларытная пара ўжо адзначае на Неўскім пачатак свайго сумеснага жыцця.

Няхай сабе без вялікай кампаніі – абы ім было добра!

Гэты юнак са сваімі здольнасцямі балансаваць па агароджы маста над Грыбаедаўскім каналам таксама не застанецца без увагі.

Аматары куражу і жартаў не пакідаюць без увагі нават гадавыя справаздачы. Гэты экземпляр трапіў пад пікантнае месца. Цікава, што хацеў сказаць гэтым аўтар жарта?

Калі б трэба было абраць нейкі адметны піцерскі тыпаж, то ў лік прэтэндэнтаў напэўна патрапілі б піцерскія кандуктары.
Часта гэта асобы, скажам так, бамжападобнага выгляду. Напэўна, сацыяльныя службы такім чынам працаўладкоўваюць неабароненыя катэгорыі насельніцтва.
Праўда, трапляюцца і выключэнні. Ну а тое, што сонныя – не страшна.

Пры такім наплыве людзей і пры такіх адлегласцях стоміцца хто хочаш.
Ну а гэты каларытны вобраз абмінуць было проста нельга! На пытанне, што б азначала гэтае мастацтва на твары, матуля дзяўчынкі з ўсмешкай адказала: “У нас сёння выдатны настрой і мы б хацелі частку яго падарыць гаражанам”. Дзякуй, нам і тым, хто бачыў гэты твор мастацтва, сапраўды было радасна!

Буйнае расійскае палітычнае жыццё апошніх месяцаў таксама патрапіла ў наш фотааб’ектыў.

Тройка маладых людзей ладзіла на Неўскім пікет супраць кіраўніка мясцовага антыалкагольнага руху, які, па іх словах, патрапіў за краты з-за змовы паміж алкагольна-тытунёвым лоббі і мясцовымі ўладамі.

Як і ў Беларусі, міліцыя (дакладней – паліцыя), адрэагавала на пратэст хутка…
Адна з распаўсюджаных раней на Захадзе баек пра Расію распавядала, што па вуліцах тамтэйшых гарадоў ходзяць мядзведзі. Мы не верылі, пакуль на ўласныя вочы не ўбачылі.

А і сапраўды ходзяць! Цяпер гэтую байку ўзялі на ўзбраенне мясцовыя спецыялісты па рэкламе.
Дарэчы, рэкламы тут сапраўды багата. У тым ліку – нетыповай для беларускага вока.

Тут табе і прапановы масажу «з працягам» і Люба, якая гатовая сёння сустрэцца для «несур’езных адносінаў».

Яшчэ адна адметнасць горада – культ тамтэйшага футбольнага клуба «Зеніт».
Каманда вызначаецца не толькі тым, што лідзіруе зараз у чэмпіянаце Расіі, але і тым, што не ўсключае ў свой склад цемнаскурых футбалістаў, з-за чаго яе часта вінавацяць у расізме.

Зараз кумір піцерскіх фанатаў №1 – Андрэй Аршавін, які вярнуўся зімой у каманду пасля некалькіх сезонаў, праведзеных у лонданскім «Арсенале». Відаць, супрацоўнікі крамы на Неўскім таксама заўзятары Аршавіна.
Зімні палац, як і іншыя помнікі-візітоўкі Піцера, стаіць на месцы і карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў.

Засталіся ў горадзе і сляды бальшавісцкай рэвалюцыі і імёны яе правадыроў.

Па-ранейшаму з аншлагамі ідуць спектаклі ў Марыінскім і іншых тэатрах горада.

Мы, напрыклад, здолелі набыць дастаткова танныя квіткі на «Станционного смотрителя» толькі дзякуючы папярэдняй (за пару тыдняў) замове.

Мы з задавальненнем пападарожнічалі па горадзе над Нявой…і з радасцю вярталіся ў такую родную і блізкую Гародню.
Як даехаць:
З Гродна лепгш дабірацца з перасадкай у Мінску, бо цягнік Гродна-Санкт-Пецярбург ходзіць толькі два разы на тыдзень і каштуе даражэй за іншыя беларускія цягнікі да Піцера. Самы танны варыянт – ехаць у 18.48 цягніком Брэст-Санкт-Пецярбург. Плацкартны квіток з Мінску абыйдзецца прыкладна ў 392 тысячы ў адзін бок.
Кошты на мясцовы транспарт: метро 25 руб., аўтобусы, тралейбусы, трамваі – 21 руб., маршруткі – 30 руб.
Курс абмену: прыкладна 29 руб. за 1 даляр. Кошты на харчаванне: ад 100 да 250 руб. за комплексны абед. Кава ў кавярні – 45-60 руб.
Кошты пражывання: рэкламныя абвесткі на Неўскім зазываюць у хастэлі з коштамі за месца ад 500 да 1000 руб. Пражыванне ў больш-менш прыстойным гатэлі (у нумары з усімі выгодамі) не вельмі далёка ад цэнтра абыйдзецца прыкладна ў 2000 руб.
Самыя танныя квіткі ў Марыінскі тэатр
Падарожнічай па свеце з дапамогай нашай “Мапы падарожжаў”!
Глядзі Мапу падарожжаў “Твайго стылю” у вялікім памеры
