Авангардны кінапаказ адбыўся ў Гродне

|

Пьер-Люк Вайянкур прэзентаваў гарадзенцам праграму “Аб галавакружэнні і руінах. Праламленні ў авангардным кіно”. Праграма складаецца з 8 стужак розных рэжысёраў, пачынаючы з 60-х гг. Канадскага рэжысёра ў Беларусь запрасілі ўдзельнікі Руху kinaklub.org. Гарадзенскія арганізатары імпрэзы – Кальянная №4 і грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар”. Малады рэжысёр прадстаўляе Інстытут каардынацыі і прапаганды эксперыментальнага кіно (ICPCE, Монрэаль, Канада). Ён ужо правёў серыю кіналекторыяў ў Мінску і Гомелі.

 

 

 

Адчувалася, што глядзець кіно для прысутных было цяжкавата. Мноства колераў, сімвалаў, знакаў, якія пастаянна рухаліся і змяняліся, адрозніваліся ад звычайнага кіно. Незычайнай таксама была адсутнасць пэўнага сюжэта.

 

Пьер-Люк пастараўся растлумачыць асаблівасці авангарднага кіно:

 

Яно ненаратыўнае і нефігуратыўнае. Гэта значыць, там няма актораў і лінейнага сюжэта. Авангарднае кіно нельга аддзяліць ад тэхнікі, у якой яно зроблена. Інструменты, якімі карыстаецца авангарднае кіно, звязаны з успрыманнем. Гэта спроба вывучыць псіхіку чалавека, дакрануцца да міра пачуццяў, да іррацыянальнага. Авангарднае кіно вельмі блізкае да авангарднага жывапісу.

 

У анатацыі да прагляду Вы сказалі, што кіно дэманціруецца і ператвараецца ў попел. Чаму гэта так?

 

Я казаў пра тэлевізійныя праграмы. З пачатку эры гукавага відэа ў тэлевізійных праграмах назіраецца вялікая колькасць настальгіі і меланхоліі. Яны нагадваюць рэшткі попелу.

 

 

Фільмы ў праграме паказваюцца ў пэўнай паслядоўнасці. Пра што яна сведчыць?

 

Паслядоўнасць з’яўляецца аглядам асноўных тэхнік, якія выкарыстоўваюць фільммэйкеры. Таксама мы бачым развіццё, станаўленне авангарднага кіно з самага яго пачатку – з 60-х гг. да сучаснасці.

 

– Якую ролю ў авангардным кіно адыгрывае музыка?

 

Музыка цесна пераплецена з выявай. Часам фільм натхняе на напісанне музыкі, а часам музыка натхняе на стварэнне фільма. Фільммэйкеры ў авангардзе часта працуюць разам з музыкантам. Авангарднае кіно – гэта таксама эксперымент з гукам.

 

Пасля прагляду прысутныя задавалі рэжысёру пытаннні і абмяркоўвалі прагледжаныя фільмы. Для многіх авангард паказаўся занадта авангардным. Прысутныя пацікавіліся ў рэжысёра, чаму ў фільмах так многа цёмных колераў. Аказалася, што сам рэжысёр ніколі не звяртаў на гэта ўвагу і растлумачыў, што гэта асаблівасці нацыянальнага ўспрымання.

 

 

Нягледзячы на тое, што палова аўдыторыі сышла пасля першай часткі паказу, некаторых гледачоў паказ канадскага рэжысёра ўсё ж такі натхніў.

 

Аляксандр, фатограф: Я бачу, што я не адзінокі ў сваіх марах і ідэях. Паказ быў для мяне магчымасцю пабачыць новыя тэхнікі. Напрыклад, мне спадабалася ідэя маляваць на плёнцы. Збіраюся выкарыстаць яе ў сваім новым арт-праекце.

 

Павел, арт-менэджар: У такіх работах аўтары падымаюць важныя для грамадства праблемы, якія перадаюцца праз сімвалы. Мы проста многае не разумеем, і трэба вучыцца. З дапамогай такіх паказаў ты адчуваеш рэжысёра, потым ты можаш даведацца болей, супаставіць усё і прыйсці да нейкага агульнага складніка.

 

 

Той, хто хоча пазнаёміцца з праграмай самастойна, можа лёгка знайсці фільмы ў сеціве:

 

Паязды – Карл Лем’е/ 2010/ Канада

Кепская кроў для вампіра – Лізан Цібадо / 1984 / Германія, Канада

Адна спроба з тысячы – Жан-Клод Лабрэк / 1970 / Канада

Хрома Поўдзень – Эцьен О’Ліры / 1968 / Францыя-Канада

Магчыма/Мы – Саламон Нагле / 2003 / Польшча, Канада

Генітальная малітва – Серж дэ Катрэ / 2009 / Канада

Цёмная ноч – П’ер-Люк Вайянкур / 2011 / Канада

Горад Мары – Аляксандр Лароз / 2006–2010 / Канада