Летняя школа-экспедыцыя ў Жалудку
Навуковы цэнтр «Сэфер» быў створаны ў 1994 годзе з мэтай садзеяння навуковым даследванням у вобласці іўдаікі ды выкладання яўрэйскіх дысцыплін у ВНУ. Цэнтр аб’ядноўвае ўсіх, хто звязаны з даследаваннямі яўрэйскай цывілізацыі і аказвае падтрымку студэнтам, акадэмічным супрацоўнікам у вывучэнні розных аспектаў іўдаікі.
У дадзены момант «Сэфер» – гэта адна з найбуйнейшых арганізацый на постсавецкай прасторы, якая займаецца развіццем розных аспектаў габрэйскіх даследванняў, вывучэння спадчыны ды сучаснага стану габрэйскіх суполак. Сярод дзейнасці навуковага цэнтра асобным пунктам стаяць палявыя летнія школы-экспедыцыі. У гэтым годзе даследчыкі запрашаюцца ў Санкт-Пецярбург, Меджыбож, Бельцы (Малдова) ды ў Рыгу.
Што тычыцца палявой школы на тэрыторыі Гродзенскай вобласці, то яе праграма ўключае не толькі лекцыі вядучых спецыялістаў Расіі і Беларусі ў вобласці гісторыі яўрэяў Усходняй Еўропы, яўрэйскай этнаграфіі і эпіграфікі, традыцыйнай народнай культуры паліэтнічных рэгіёнаў, але і практычныя заняткі па зборы фальклорна-этнаграфічнага матэрыла (вусная гісторыя, этнакультурныя стэрэатыпы, міфалогія і штодзённасць). Таксама плануецца праца па апісанню яўрэйскіх могілак XVII-XIX ст. з расшыфроўкай каталагізацыяй эпітафій.
Школа адрасавана гісторыкам, этнографам, філолагам, культуролагам ды спецыялістам, навуковая праца якіх тым ці іншым чынма звязана з яўрэйскай культурай. Як зазначыла Ірына Кашталян (фота на застаўцы), каардынатар праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі»:
– Такія школы будуць вельмі карысны беларускім даследчыкам і маладым навукоўцам. Там заўсёды цікавая і насычаная праграма. Нам вельмі важна імкнуцца да разумення Беларусі як мульцікультурнай краіны, асабліва ў міжваенны перыяд.
Летняя школа ў Жалудку прадставіць слухачам магчымасць акунуцца ў свет яўрэйскага мястэчка і дакрануцца да яго багатай гісторыі. Экскурсійная праграма школы ўключае наведванне старажытных гарадоў Навагрудак і Мір ды вандроўку па «яўрэйскаму» Гродна. Плануюцца лекцыі-канцэрты яўрэйскай музыкі.
Больш інфармацыі можна знайсці на афіцыйным сайце навуковага цэнтра. Там жа можна знайсці анкету ўдзельніка для запаўнення, якую трэба пераслаць да 15 мая 2012 г. па адрасе [email protected].