Наступны прыпынак Астравецкага… метро

|

І гэта толькі першы крок на неверагодным атамным шляху. А потым – новыя жыллёвыя кварталы, дзіцячыя садкі, шматлікія прамысловыя прадпрыемствы, якія будуць сілкавацца ад атамнай станцыі, навуковыя цэнтры, навучальныя ўстановы… І далей – сямімільнымі крокамі.

 

Гэта, калі на станцыі нічога не «бабахне». Ды не, такога не будзе, сцвярджаюць штатныя атамныя прапагандысты. У будучай беларускай АЭС прадугледжаны аж чатыры ступені абароны, во як! Ну, а калі тры з іх не спрацуюць, а чацвертую адключыць дзяжурны аператар Вася, бо яму так зручней працаваць? Што тады?

 

Сярод гэтых наіўных пытанняў можна выдзяліць галоўнае: як у Астраўцы будзе ўлічвацца чарнобыльскі вопыт? Ці будзе ён улічвацца ўвогуле? Можа, у новым беларускім горадзе ўжо цяпер трэба пачынаць маштабную работу ў гэтым кірунку? Няхай кожны астраўчанін ведае – «ляснула» на станцыі, і ён прыходзіць, скажам, да будынка райвыканкама, а там ужо чакаюць аўтобусы. Без панікі пагрузіліся і паехалі. І неабходна праводзіць такія трэніроўкі рэгулярна, каб давесці працэс да аўтаматызма.

 

Дарэчы, куды ехаць, калі раптам адбудзецца штосьці надзвычайнае? На ўсялякі выпадак ўжо сёння ёсць сэнс абдумаць, дзе можна размясціць эвакуацыйныя пункты. Мяркую, што стваральнікам Астравецкай АЭС было б някепска надрукаваць падрабязную мадэль гіпатэтычнай аварыі на станцыі. Каб усе заранёй ведалі, што нават калі на атамным аб’екце ўзарвецца ўсё магчымае, гэта створыць небяспеку, дапусцім, для насельніцтва Астравецкага, Ашмянскага, Іўеўскага раёнаў, а, да прыкладу, шчучынцы могуць спакойна корпацца на сваіх агародах.

 

У маёй бібліятэцы ёсць невялічкая кніжка «Гэта павінны ведаць кожны». У Савецкім Саюзе яна кожны год перавыдавалася вялізнымі тыражамі. Там зразумела і проста распавядалася пра тое, што трэба рабіць пры ядзерным нападзе. Ваенная пагроза ў наш час, здаецца, крыху адсунулася. Аднак было б цалкам нармальна надрукаваць практычны дапаможнік «Што рабіць пры катастрофе на АЭС?». Я проста ўпэўнены, што такая кніжка павінна быць для пачатку ў кожнай астравецкай сям’і.

 

Было б зусім не лішнім наладзіць грунтоўнае вывучэнне ў астравецкіх школах такога прадмету, як радыяцыйная бяспека. Практычныя заняткі па гэтай важнай тэме можна было б даваць дзеткам у летніках – вось неабсяжнае поле дзейнасці для БРСМ. Карацей кажучы, прыход мірнага атама ў нашыя дамы неабходна сустракаць падрыхтаванымі.

 

А метро ў Астраўцы з цягам часу сапраўды можа з’явіцца. Вось толькі вельмі хацелася б, каб станцыі ў ім называліся неяк інакш, а не так, як здалося аўтару.