У цэнтры Смаргоні прапануюць паставіць “лаўку Напалеона”

Скульптар Валеры Калясінскі кажа, што ён разам з аднадумцамі архітэктарамі Бажыдаем і Бурым прыйшлі да разумення таго, што Смаргонь мае права мець помнік Напалеону Банапарту.

 

Смаленск, Малаяраславец, Барадзіно, Бярэзіна. Усюды ёсць нейкія помнікі, нейкія мемарыяльныя знакі вайне 1812 года. Натуральна, што такія помнікі прыцягваюць турыстаў, грамадскасць. А сёлета спаўняецца 200 год, як Напалеон быў на беларускіх землях і атрымаў тут паразу.

На лаўцы будуць атрыбуты і аксэсуары Напалеона.

Імператар, па задумцы аўтараў праекта, на гэтай лаўцы прыняў рашэнне ўцёкаў з Расіі:

Гэта быў вельмі трагічны перыяд для гісторыі Беларусі, – гаворыць спадар Калясінскі, – тут пацярпела шмат людзей. І для нас гэта была грамадзянская вайна. З аднаго боку быў прарасійскі лагер, з другога – у асноўным шляхта, тыя, хто памятаў старыя вольнасці і ўступаў у армію Напалеона, які абяцаў аднавіць Вялікае княства Літоўскае.

Аўтарам праекта хочацца, па словах Валерыя Калясінскага, неяк нейтральным чынам, без ідэалагічнага складніка, улічваючы складанасць тагачаснай сітуацыі і расклад сіл на Беларусі, адзначыць прысутнасць Напалеона ў Смаргоні. На лаўцы не будзе партрэта Напалеона, толькі вензель, кавалак карты з надпісам: “Смаргонь”, славуты трохкутны брыль імператара:

– У Варшаве нядаўна ўстанавілі бюст Напалеона, і гэта зразумела, – тлумачыць Калясінскі. – Ён абяцаў палякам адрадзіць Войска Польскае і зрабіў гэта. У нас, у Беларусі, не ўсё так адназначна з-за крывавай гісторыі той грамадзянскай вайны.

Валеры Калясінскі прадставіў свой праект, які знаходзіцца пакуль у эскізе, смаргонцам і гасцям з Галандыі, якія ў сераду далі старт у Смаргоні дабрачынна-гістарычнай акцыі “У экіпажы на конях па шляху Напалеона для дзяцей Чарнобыля”.

Лепшым месцам для ўстаноўкі лаўкі, на думку Валерыя Калясінскага, месца ў цэнтры Смаргоні каля фантана паблізу былога кальвінскага збору (цяпер касцёл Святога Міхала. – Рэд.) Гэта гістарычны цэнтр, дзе хутчэй за ўсё быў Напалеон і дзе ён мог прыняць гэта вядомае рашэнне – пакінуць войска ў Расіі і ехаць у Парыж.