У Наваградскім раёне згарэла сядзіба О’Руркаў
8 мая, прыблізна а шостай гадзіне раніцы, ў былой сядзібе О’Руркаў, што месцілася ва Уселюбе, у Навагрудскім раёне, пачаўся пажар.
«Калі мы прыехалі, а дзясятай раніцы, сядзіба яшчэ дагарала. — расказвае дырэктар краязнаўчага музея Тамара Вяршыцкая. — Мы прыехалі туды разам з нашчадкам О’Руркаў Алегам О’Руркам, які якраз імкнуўся вярнуць сабе сядзібу ».
Самая верагодная версія здарэння — у былой сядзібе ночылі бамжы, якіх напярэдадні бачылі ў вёсцы.
«У выніку ад сядзібы не засталося нічога. — кажа спадарыня Вяршыцкая. — Ёсць адна сцяна, але з ёй ужо нічога не зробіш. Да драўлянай сядзібы была прыбудавана цагляная частка, сучасная, але і ў яе згарэў дах”.
Алег О’Рурк якраз імкнуўся вярнуць сядзібу сабе — адклаў ад’езд на адзін дзень, і якраз у гэты дзень і адбыўся пажар.
«Цяпер прададуць сядзібу за адну базавую» — пракаментаваў пажар О’Рурк.
Сядзіба была выстаўлена на аўкцыён, але некалькі гадоў ніхто яе не купляў.
Цяпер на продаж выстаўляць, па вялікім рахунку, няма чаго. Першапачатковы кошт сядзібы складаў $10 тысяч.
Алег О’Рурк, лічыць, што мае ўсе правы на сядзібу — яе сканфіскавалі ў 1939 годзе, таму плаціць дзесяць тысяч даляраў за незаконна адабранае ён не збіраўся.
«Я лічу, што лепей гэтыя грошы пусціць на рэстаўрацыю». — кажа О’Рурк.
Ад сваіх намераў вярнуць сядзібу Алег О’Рурк не адмаўляецца — ён хоча цалкам адрэстаўраваць яе, вярнуць ёй першапачатковы выгляд.
Мясцовыя жыхары падтрымліваюць ініцыятыву нашчадка О’Руркаў.