Дзень дабрыні ў Гродна

Стомленыя высокімі коштамі і няспыннымі лозунгамі травеньскіх свят, гараджане змаглі нарэшце проста адпачыць. Кожны ахвотны мог цалкам бясплатна пагуляць на траве ў валейбол ды імправізавны міні-футбол.

 

Для аматараў духоўнай музыкі і аўтарскай песні ў амфітэатру быў арганізаваны дабрачынны канцэрт. Удзел у ім бралі навучэнцы 5-ай гімназіі, якія парадавалі гледачоў народнымі песнямі ды бальнымі танцамі.

   

Для дзяцей былі прыдуманы простыя, але захапляльныя забаўкі на свежым паветры.

   

У адным кутку парка можна было навучыцца рабіць фрызуры, у другім – парыбачыць, а можна было паўдзельнічаць у спартовых спаборніцтвах.

 

А адзіная міліцэйская машына аказалася… яшчэ адным атракцыёнам. Дакладней, не яна, а тое, што адбывалася побач. Ветлівыя міліцыянты-кінолагі са сваімі чацвераногімі гадаванцамі прадстаўлялі паказальную праграму, якая выклікала сапраўдны ажыятаж сярод наведвальнікаў парка. А ў некалькіх кроках ад яе кожны ахвотны мог пазваніць у сапраўдныя царкоўныя званы ды пачуць розныя цікавыя гісторыі пра іх паходжанне і асаблівасці.

   

Была арганізавана выстава-кірмаш творчасці дзяцей-інвалідаў, а таксама выхаванцаў гродзенскіх дзіцячых дамоў. Кожны мог унесці свой, нават самы маленькі, грашовы ўклад у агульную справу – збор грошаў на дабрачынныя патрэбы ды выбраць што-небудзь на памяць з прадстаўленых на сталах вырабаў. Выручаныя грошы поўдуць на дапамогу ўсім тым, хто жыве у нястачы – інвалідам, дзецям-інвалідам, дзецям з няшчасных і шматдзетных сем’яў. Арганізатары плануюць аказаць ім пасільную дапамогу ў набыцці неабходных дзіцячых рэчаў, адзення, прадуктаў харчавання, медыкаментаў, рэабілітацыйных сродкаў.

Надвор’е не радавала гледачоў, радавалі выступы…

Клоўн раздаваў дзецям паветраныя шарыкі

Фота аўтара