У палоне нерухомасці

|

Жан Дамінік Бабі паралізаваны. Адзіная частка ягонага цела, якой ён цяпер можа варушыць, гэта левае вока. Яно – адзіны сродак зносін нядаўняга свецкага льва з навакольным светам. Няма больш дарагіх машын, фотасэсій, прыгожых дзяўчат. Толькі стэрыльная беласць шпітальнага пакою, працэдуры, бясконцая нерухомасць. Лагапед, якая ўзялася за выпадак Жана, выдумляе незвычайны спосаб камунікавання – з дапамогай лыпання вокам.

Жульен Шнабель гэта адзін з тых еўрапейскіх творцаў, чыё імя не выклікае часцей за ўсё ніякіх асацыяцый. Разам з выбітным аператарам Янушам Камінскім ён стварыў стужку, вартую вышэйшых пахвал – прыгожую і арыгінальную. Аператарская праца на вышыні, але іншага і не варта было чакаць ад чалавека, які зняў «Штучны інтэлект», «Спісак Шындлера», «Уратаваць радавога Райана» ды процьму іншых фільмаў капіталістычнага генія Стывена Спілберга. На экране змяняюць адзін аднога кадры рэальнасці і сноў, від «з вока героя» і паглыбленне ў яго думкі.

Скафандр, пра які вядзецца гаворка – гэта цела Жан-До, якое больш яго не слухаецца. Ён сам – каляровы матылёк, якому пастка не дае расправіць крылы. Але ці быў ён шчаслівы да таго, як яго паралізаваў locked-in сіндром? Шанцы, з якіх мы не скарысталіся, людзі, якіх мы не навучыліся любіць – вось яго ўспаміны. Жан-До дае нам перасцярогу, бо сам ужо не можа выправіць сваіх памылак. Ды і наўрадці ён бы за гэта ўзяўся.

Уяўленне і памяць – спосабы, якія мае Жан-До, каб выходзіць са скафандра. У цяжкай працы ён стварае сваё пасланне свету – вынік гэтых падарожжаў у мінулае. Але каб даведацца як, варта паглядзець стужку.

Фільм ставіць істотныя пытанні з памежжа біяэтыкі: ці існаванне Жан-До гэта яшчэ жыццё? Калі так, то ці яно лепшае за неіснаванне? Але ёсць і іншыя праблемы, якія могуць датычыць саміх гледачоў. Кожны з нас у сваім скафандры, а звычайна нават у некалькіх. Мы не заўважаем іх, пакуль можам з іх выйсці. Але ў адну хвіліну мы можам страціць усё. І можа здарыцца, што чагосці ўжо ніколі не выправім.

Што застаецца тады? «Нерухомыя падарожжы пасажыра патануўшага карабля, выкінутага на бераг адзіноты», як напісаў у сваё кніжцы Жан-До? Даруйце, здаецца, я ўжо зашмат сказаў.

Фільм: Скафандр і матылёк / Le scaphandre et le papillon, Францыя-ЗША, 2007 г., 112 хв.

Рэжысёр: Жульен Шнабель

Жанр: біяграфічны / драма

Прыватная ацэнка: 9/10

З.Ы. Фільм атрымаў 40 узнагародаў і 36 намінацый на фестывалях ва ўсім свеце.

Аляксей Шота