Сітуацыя вакол польскай школы ў Гродне выйшла на міждзяржаўны ўзровень

|

Камісія па справах сувязаў з палякамі замежжа польскага Сейму аднагалосна асудзіла планы па стварэнні рускамоўных класаў у СШ№36 і заклікала да актыўных дзеянняў польскае МЗС.

 

Праблему актыўна асвятляюць польскія СМІ.

 

Адна з газет цытуе прадстаўніка Таварыства “Wspólnota Polska”, з фінансавай падтрымкі якога будавалася школа №36 у Гродне.

Адзіныя  ў Беларусі польскія школы ў Гродне і Ваўкавыску будавалася за польскія грошы.

 

Ніякія змены ў польскай школе ў Гродне не могуць адбывацца без згоды прызнаванага беларускімі ўладамі Саюза палякаў на Беларусі на чале з Мечыславам Лысым (польскі бок гэтую арганізацыю не лічыць легітымнай).

 “Wspólnota Polska” папярэджвае, што, калі школа будзе выкарыстоўвацца іншым чынам альбо яе статут будзе зменены, СПБ павінны будзе вярнуць польскаму боку сродкі, выкарыстаныя на будаўніцтва школы. Пра гэта папярэджаны і беларускія ўлады.

 

Тым часам запланаваны на 22 мая агульнашкольны бацькоўскі сход з удзелам загадчыка аддзела адукацыі Ленінскага раёна Гродна Сяргея Ламекі ў СШ№36 з польскай мовай навучання не адбыўся.

Бацькам паведамілі, што сход адменены з-за таго, што ніякага рашэння аддзел адукацыі дагэтуль не прыняў.

 

Замест схода ў суседнім касцёлы адбылася імша ў інтэнцыі польскай школы.

 

Самыя актыўныя бацькі ўсё ж сабраліся, каб у чарговы раз абмеркаваць сітуацыю з дырэктаркай навучальнай установы. Прадстаўнікам бацькоўскіх камітэтаў удалося сустрэцца  і са спадаром Ламекам.

 

Сябра Рады школы Веслаў Кеўлік:

Чакаем да канца навучальнага году. Спадзяемся, што ўлады выслухаюць нас, грамадзян Беларусі. Мы звярнуліся з афіцыйнымі лістамі, просім зразумець нашыя праблемы, нашы аргументы.

На наш ліст з Мінадукацыі прыйшоў адказ, што разгляд нашай справы перадалі ў Гродзенскі гарвыканкам.

 

Людзі надалей занепакоеныя.

У польскай школе і зараз вучацца дзеці розных нацыянальнасцяў, і іх бацькі таксама разумеюць сітуацыю і выступаюць за захаванне польскай мовы навучання ў школе.


На папярэдняй сустрэчы з прадстаўнікамі бацькоўскіх камітэтаў польскай школы 7 мая загадчык аддзела адукацыі Ленінскага раёна Гродна Сяргей Ламека пацвердзіў планы па стварэнні ў польскай школе з наступнага навучальнага  года двух класаў з рускай мовай навучання.

На думку бацькоў, пераканаўчых довадаў на карысць стварэння рускамоўных класаў у школе яны не пачулі.

Тая сустрэча скончылася абяцаннем чыноўніка давесці да свайго кіраўніцтва меркаванне бацькоўскіх камітэтаў.