Запрашаюць валанцёрскія летнікі Гродзенскай вобласці

|

МГА “ Гісторыка”  запрашае з 16 да 29 ліпеня на летнік ва Ўсялюбе, што ў Наваградскім раёне. Тут да нашага часу захаваўся адзін з найбольш старажытных касцёлаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Касцёл Сьвятога Яна Хрысціцеля, збудаваны напачатку 15 стагоддзя, як мяркуецца, Янам Нямірам, канюшым Вітаўта Вялікага. Намаганні валанцёраў будуць накіраваныя  на  інвентарызацыю старых могілак і аднаўленню капліцы-пахавальні Оруркаў,якая была збудавана  ў 1837 годзе.

Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне  +375295043114 (Таша) ці на сайце http://my-historica.org

 

Гэтае ж аб’яднанне запрашае ў Крэва для распрацоўкі  ды адпрацоўкі на  практыцы  турыстычных роварных маршрутаў. Пройдзе гэты летнік  з  20 да 26 жніўня.

Сумесна з  ГА “Беларускі камітэт ICOMOS” з 30 ліпеня  да  12 жніўня ў  мястэчку Гальшаны  МГА “Гісторыка” ладзіць яшчэ адзін  летнік па добраўладкаванні тэрыторыі замка ды прыборцы старадаўніх могілак.

 

Увесь летні перыяд  (акрамя тэрміну 3-24 ліпеня) валанцёраў чакае  Любча. Арганізатарам летніка  “Любча над Нёманам 2012” выступае МГА “Беларуская асацыяцыя студэнтаў-архітэктараў”.

Працы тут хопіць усім. Трэба будаваць купалы, класці сцены, рыхтаваць  цэглу, даглядаць парк… Увогуле,  аднаўленне Любчанскага замку – унікальная з’ява для Беларусі, бо рэстаўрацыя помніка архітэктуры XVI стагоддзя вядзецца  рукамі валанцёраў і энтузіястаў  пад кіраўніцтвам Івана Пячынскага, які стварыў Фонд “Любчанскі замак”, і за ахвяраванні неабыякавых. За некалькі мінулых гадоў дзякуючы адданай працы валанцёраў была адроджана з руінаў Кутняя вежа, расчышчаны  завалы смецця на тэрыторыі замчышча, ідзе рэканструкцыі помніка.

Таму, калі ў вас ёсць жаданне паўдзельнічаць у сапраўды гістарычнай справе,  – Любча чакае вас. Тым больш умовы пражыванне прыстойныя – ёсць памяшканне, ложкі, коўдры ды кухня. Лепш, канешне, загадзя патэлефанаваць: +375298969785       (Валянціна),             +375297461185       (Наста),             +375295571124       (Цімох), ці зайсці за дадатковай інфармацыяй на сайт: http://icomos.by

 

З 1 па  18 жніўня Дабрачынны фонд “Крэўскі замак” запрашае ў летнік, падчас якога пройдуць археалагічныя раскопкі, збор вуснай інфармацыі ды прыборка тэрыторыі старых могілак. Таксама для людзей творчых будзе праведзены фота- ды мастацкія плэнеры. Акрамя гэтага будзе праца па добраўладкаванню тэрыторыі замка ды даследванне старажытнай забудовы мястэчка. Пражыванне ў памяшканні ды наметах. Для ўдзелу ў летніку неабходна запоўніць анкету і адправіць на адрас [email protected] . Анкеты валанцёраў даступныя на сайце www.kreuskizamak.by

 

Гальшаны з 1 па 14 жніўня запрашаюць на археалагічныя раскопкі  на гальшанскім гарадзішчы. Каб паўдзельнічаць, трэба патэлефанаваць арганізатарам – археолагам  з  Акадэміі навук.
Кантакты: +375 29 7651704 (Павел),  +375 29 878 1918  (Яўген)