“Нёман”- БАТЭ: Мы змагаліся, але прайгралі

|

У гэты  зусім не летні дзень народ на футбол ішоў з чаканнем убачыць прыгожы футбол.

Шэраг папярэдніх удалых гульняў у выкананні “Нёмана” надаваў гарадзенскім заўзятарам надзеі на паспяховы зыход сустрэчы з лепшай камандай краіны.

 

Пасля стартавага свістка на поле выбег сабака, якога гледачы сустрэлі бурнымі апладысментамі. Прабегшыся, сабака нагадзіў на полі (дзіўна, але яму ніхто не перашкодзіў).

Праз пару хвілін, калі сабаку выгналі за межы поля, гульня аднавілася.

 

Спачатку барысаўскі клуб дыктаваў свае ўмовы, хаця шматлікія атакі БАТЭ да голу так і не прыводзілі, у гэты вечар быў на вышыні Чэрнік, які не раз ратаваў сваю каманду.

 

«Нёман» спрабаваў сёе тое паказаць наперадзе, але абарона гасцей выдатна выконвала сваю працу. Толькі пад канец першага тайма ў «Нёмана» з’явіліся першыя небяспечныя атакі, якія маглі прывесці да голу. Але  БАТЭ пашанцавала: на апошніх хвілінах тайма «Нёман» так і не здолеў забіць гол.

 

Другі тайм гаспадары пачалі больш актыўна, але праз пару хвілін госці ўзялі мяч пад кантроль і зноў сталі насядаць на вароты Чэрніка. На 65-ай хвіліне ў БАТЭ выходзіць на замену Вадзім Курловіч, які дэбютаваў у гэтым  чэмпіянаце. Яму спатрэбіліся ўсяго дзве хвіліны, каб арганізаваць гол. Менавіта пасля яго ўдару галавой мяч патрапіў у штангу і адскочыў да Канцавога. Дасведчаны форвард зрабiў лік 1:0 на карысць гасцей.

 

Праз 15 хвілін барысаўчане падвоілі перавагу: Канцавы злева навесіў на Радзівонава, той галавой зрабіў пас у цэнтр штрафной, а Бага апярэдзіў Чэрніка і адправіў мяч у сетку над брамнікам.

 

Каб неяк выратаваць гульню, Саладоўнікаў выпускае Савіцкага, Лясюка і Крывабока.

Пад канец матчу «Нёман» усімі сіламі пайшоў у атаку, што прынесла свой плён. Спачатку Дзянісевіч, затым Лясюк прымусілі Гарбунова дэманстраваць цуды рэакцыі і выцягваць мяч з-пад перакладзіны.

 

Гаспадары ўсё ж такі даціснулі свайго суперніка і забілі гол прэстыжу. Лясюк на 91-й хвіліне  зрабіў лік 1-2. Маглі і ўратаваць гульню, але чэмпіён гэтага не дазволіў. Матч так і скончыўся пад ціскам гаспадароў.

 

Гульцы пакідалі поле пад бурныя апладысменты гледачоў. Матч атрымаўся прыгожым, багатым на цікавыя моманты. Нягледзячы на паразу, «Нёман» захаваў за сабой 6-ты радок у турнірнай табліцы.

 

Наступны тур гарадзенская дружына прапускае, а чарговы хатні матч «Нёман» правядзе з салігорскім  “Шахцёрам”.

 

Фота Яраслава Ванюкевіча (верхні здымак) і Руслана Кулевіча

Відэа Руслана Кулевіча