У гродзенскім садку будзе беларуская група!

Група для самых маленькіх беларусікаў будзе арганізаваная!

 

Неабходная колькасць  для стварэння групы набіралася доўга і з перашкодамі. Па-першае, гэта абумоўлена невялікай згуртаванасцю дзяцей і іхніх бацькоў паміж сабою. Інфармацыя распаўсюджвалася бацькамі па знаёмых, на Гродзенскім форуме і ў сацыяльных сетках. Але сабраць мінімальную (12 чалавек) групу нават з рознаўзроставых дзетак (2-4 гады) за два гады пошукаў мы так і не змаглі.  Па-другое, бацькі, хто ўжо займаўся гэтым пытаннем са старэйшымі дзецьмі, мелі настолькі негатыўны вопыт, што цяпер выклікала ў іх поўную апатыю, і яны нават не ўносілі свае прозвішча ў спіс, бо не верылі ў станоўчы вынік. 

 

Спачатку мы павінны былі паказаць, што мы ёсць. І не ленавацца набраць нумар  аддзела адукацыі.

 

Аддзелы адукацыі не ішлі нам насустрач. Два гады таму ў сродках інфармацыі – як незалежных, так і дзяржаўных – была пададзеная інфармацыя па вывучэнні попыту на стварэнне такой групы. Я запісала свайго сына ў абодва раёны. У Ленінскім раёне, як мне падалося, цікаўнасць да гэтага пытання была, бо была заведзеная табліца, куды запісвалі ўсіх ахвотных.

 

Праца ў Кастрычніцкім раёне зводілася да таго, што бацькі самастойна ў заяве («дзе-небудзь на палях», як мне сказалі ў «адным акне») павінны былі дапісаць сваё жаданне навучаць дзіця па-беларуску. Ніхто гэтыя заявы не падсумоўваў і ў асобны спіс не выводзіў. Але мяне пераконвалі, што вось калі б такіх заяў на адзін пэўны садок з дзецьмі строга аднаго ўзросту знайшлося 12 штук, то – усё да вашых паслуг. Назваць гэта крокам насустрач і дапамогай у арганізацыі немагчыма.

 

Тады мы пачалі працаваць з Ленінскім раёнам. І тут раптам раскрылася праблема – неадказнасць. Проста поўнае ігнараванне. Мала таго, што самі не ініцыявалі збор і адкрыццё групы, дадзеныя былі раскіданы па некалькіх камп’ютарах, дык яшчэ і не заносілі ў спіс па стварэнні беларускай групы тых, хто прыходзіў  да іх запісвацца самастойна. Такімі  высілкамі выніку мы не ўбачылі б ніколі.

 

Справа была вырашаная пасля візіту ў гарвыканкам да начальніка аддзела адукацыі  г. Гродна Блажэя Сяргея Валяр’янавіча. На яго загад гэтая група і будзе адкрыта. А другая добрая навіна – садок будзе максімальна набліжаны да цэнтру, а не на Дамброўскага, што вельмі адпалохвала некаторых бацькоў.

 

Ну што ж, выдатны пачатак пакладзены! Няхай гэтая эксперыментальная група працягне развіццё і адраджэнне беларускай мовы і культуры сярод моладзі ў нашым горадзе. І самае галоўнае – група садка №45 па адрасе Сухамбаева,5 чакае новых выхаванцаў. Заявы прымаюцца ў Ленінскім аддзеле адукацыі па адрасе вул. Савецкая, 14, каб. 253, тэлефон – 74-07-85.