«Басовішча 2012»: легендарны фэст яшчэ жывы

|

Хутчэй за ўсё ў гэтым годзе Басы чарговы раз пабілі рэкорд па колькасці наведнікаў – так мала людзей у лесе пад Гарадком не было ўжо даўно. Шматлікія сталыя наведнікі фестываль праігнаравалі, а новых з гэтакім складам музыкаў наўрадці можна было прыцягнуць. У выніку – тыповыя ўдзельнікі фэсту гэта цяпер беларускія студэнты, што жывуць у Польшчы, ды тыя, хто ўжо занадта звыкся ездзіць у ліпені ў Гарадок, каб цяпер мяняць традыцыі.

 

Нават Аляксандр Памідораў – вядучы, лепшага за якога не знайсці – трапіў на сцэну хутчэй за ўсё выпадкова. А прынамсі, так там выглядаў.

 

 

Конкурсная частка ўжо раней значна дэвальвалася, а цяпер дык зусім страціла значэнне. Ужо даўно ў конкурсе не перамагаў гурт, які б пасля гэтага стаў значнай з’явай на беларускай сцэне. А калісьці ж так было. Сёлетнія пераможцы «Адборышча» (пра ўзровень правядзення якога можна скласці ўражанне з гэтага артыкула) выйгралі ўсяго толькі права зайграць перад дзясяткам-другім чалавек у другі дзень фэста. З такім падыходам і не дзіва, што няма такой колькасці ахвотных заяўляцца ў конкурсную праграму, як калісьці.

 

IQ48 спявалі пра тое, што «Парыж так далёка ад Гродна»

 

Музычная частка гэтым разам – канчатковая нецікавая. Выклікаў сум ужо склад гуртоў, хоць гэта і не галоўнае на Басах, бо большасць ездзіць туды апіцца півам з сябрамі. Год за годам арганізатары запрашаюць ўсё тых жа :B:N:, Ściana, Znich ды Neuro Dubel – быццам бы ў беларускай музыцы зусім нічога не адбываецца. Хаця, мінулагоднія выступы супермодных Akute ды драйвавых Yellow Brick Road, якія сабралі няшмат людзей, могуць быць доказам таго, што кансерватыўная публіка Басоў такіх гуртоў не прымае.

 

Да вывучаных на памяць рэпертуараў беларускіх рокераў гэтым разам дадаўся яшчэ і слабейшы гук – вынік эканоміі арганізатараў на ўсім, на чым толькі можна было зэканоміць. Грошай на фэст у гэтым годзе выдзелілі мізэрную колькасць. Нават бэйджаў для арганізатараў, музыкаў і журналістаў зрабіць не здолелі.

  

Гурт PAWA (пераможца Адборышча) гэта фактычна новая інтэрпрэтацыя альбома “Angleza” ад Tesatmentum Terrae. Часам ледзь не ў духу Prodigy. 

 

Даволі цікавым быў «самы нудны гурт Падляшша» – ILO&Friends, аднак іх выступ гэтым разам быў менш пераканаўчы і ўдалы, чым unplugged на Бардаўскай восені. Адрозніваліся ад галоўнай стылістычнай лініі Басоў бярозаўскія «Кальмары» (фактычна, сайд-праект :B:N:), якія граюць вясёленькія песні ў духу першых альбомаў Крамбамбулі. Іншым вартым увагі, але не такім ужо і новым элементам былі дыджэйскія сэты да самай раніцы. DJ Nobel’ю з Гродна ды іншым электроншчыкам удалося затрымаць шмат каго на танцполе да самай раніцы.

 

Польскія хэдлайнеры не ўразілі – пасля R.U.T.A. ды Lao Che, што былі ў мінулыя гады, Farben Lehre і Raggafaya глядзеліся можа быць і годна, але значна менш цікава. Хаця, апошнія аказаліся нават вельмі драйвавай камандай. Сербалужычане з Berlinska Dróha i Čorna Krušwa, што трапілі на фэст неяк зусім выпадкова, ніяк не маглі раўняцца з супольным праектам ДахаБраха & Port Mone, што выступаў на Басах год таму. Наогул, можна лічыць, што традыцыя запрашаць цікавыя гурты з іншых краін, акрамя Беларусі і Польшчы, перарвалася, не паспеўшы як след замацавацца.

 

Панкі з Farben Lehre выконваюць свой папсовы хіт Matura

 

Традыцыйна непрыемнай была ахова – гэта пры тым, што ледзь не штогод працуе іншая фірма. Таксама ў чарговы раз арганізатары правялі Басы адначасова са святкаваннем Грунвальдскай перамогі. Добра, што хоць гэтым разам была магчымасць непасрэдна пасля прыбіральні памыць рукі – для Басоў такі «камфорт» гэта навінка.

 

Калі паласа фінансава-арганізацыйных няўдач вакол фэста будзе цягнуцца далей, безумоўна, на Басовішча будзе ездзіць усё менш людзей не толькі з Беларусі, але нават і з Польшчы. Адсутнасць рэальнай візавай падтрымкі (у гэтым годзе гэта проста здзек – было прапанавана атрымаць візу за 5 дзён перад фэстам, заплаціўшы 60 еўра і 200 тысяч!) заахвочвае выбрацца на канкурэнтныя фэсты ў Беларусі ці бязвізавых краінах кшталту Украіны. Абмежаваная колькасць гуртоў, якія звычайна граюць на фэсце, наўрадці ў стане прыцягнуць нават тых, для каго візы – не праблема. Дадатковыя атракцыі: паказы фільмаў, выставы, другая сцэна – самі па сабе фестывалю моцна не дапамогуць.

 

Дзіва дзіўнае: Znich сабраў пад сцэнай значна больш людзей за Neuro Dubel

 

Пры ўсім гэтым, людзі на Басовішча ездзяць і будуць ездзіць далей. Бо гэта Басовішча – фэст з вялікай гісторыяй і слаўнымі традыцыямі. Фэст на які проста трэба паехаць, бо гэта ліпень, а ты жывеш пару дзясяткаў кіламетраў ад Гарадка.

 

Калі наступным разам удасца арганізаваць рэальную візавую падтрымку, безумоўна, колькасць гледачоў можа павялічыцца нават у некалькі разоў. І пытанне ўжо зусім не ў тым, каб абнавіць музычную частку. Проста выпіць піўка з сябрамі, якіх бачыш 2-3 разы ў год, ды схадзіць у Auchan – гэта ж так крута.

 

 

Здымкі Маі Зентары

Відэа Марэка Бомбы