Як жыў, ваяваў ды загінуў паэт С.Крывец

|

Ураджэнец Мастоўскага раёна, ён пражыў нядоўгае, але досыць драматычнае жыццё. У адным сваім вершы Крывец напісаў так:

 

Жыццё не чэрпаюць па жмені,

Жыццё бяруць усё зараз.

Інакш людзей не будзе з нас,

Інакш з нас будуць толькі цені.

 

Гэтыя радкі вельмі ярка адлюстроўваюць жыццёвую пазіцыю паэта. У 1915 г. сям’я, у якой гадаваўся Сяргей, уцякла ад нямецкага нашэсця на неабсяжныя расійскія прасторы. Там, у Саратаўскай губерніі, хлапчук два гады вучыўся ў мясцовай школе. Больш не атрымалася. Беларускія ўцекачы вырашылі вярнуцца на радзіму. А дома, вядома, і сцены дапамагаюць.

 

З ранняга юнацтва Сяргей пачаў працаваць, засвоіў мноства прафесій. Быў пастухом, цесляром, рабочым на будоўлі, маляром. Увесь гэты час займаўся самаадукацыяй, многа чытаў. Яшчэ ў школе ў Крыўца выявіліся здольнасці да малявання, узнікла цяга да паэтычнай творчасці. У 1928 г. заходнебеларускі часопіс «Заранка» надрукаваў першы верш С. Крыўца. Вельмі хутка малады літаратар пераканаў усіх, што ў яго ёсць свой арыгінальны паэтычны голас:

 

Забіці «я» – сабе скалечыць,

А быць калекай – кепскі жарт.

Хай траціць вобраз чалавечы

Ўжо той, хто «я» свайго не варт.

 

Гэта было выказана смела і таленавіта. Тры гады ў пачатку трыццатых Крывец жыў у Гродне, працаваў цесляром і працягваў пісаць вершы. У 1933 г. Сяргей пераехаў у Беласток, дзе з галавой акунуўся ў тамтэйшае культурнае жыццё.

 

Ён па-ранейшаму шмат займаўся паэтычнай творчасцю, удзельнічаў у тэатральных пастаноўках, друкаваўся ў папулярным выданні «Новая дарога». Сябры паэта пазней успаміналі, што вечарыны з бясконцымі размовамі пра сусветную і беларускую літаратуру маглі доўжыцца да раніцы. Менавіта ў тую пару ў Сяргея нарадзіліся такія радкі:

 

Гэй, вярні мне, вецер, песню,

Песню долі батрака!

Свет зрабіўся мне зацесны,

Быццам клець для жаўрука.

 

Не абмінулі паэта вельмі папулярныя тады рэвалюцыйныя ідэі. Некалькі разоў ён імкнуўся перасячы савецка-польскую мяжу, каб з усходнімі беларускімі братамі будаваць новае шчаслівае жыццё. Аднак яго затрымлівалі польскія памежнікі. Яму нават прыйшлося некаторы час пасядзець за кратамі, што, канешне, дадало мудрасці маладому рамантыку. І, безумоўна, выратавала яго ад немінучых сталінскіх рэпрэсій.

 

 Пасля 17 верасня 1939 г. Сяргей ажыццявіў сваю мару аб працягу адукацыі. Два перадваенныя гады ён вучыўся ў Беластоцкім педагагічным інстытуце. Вялікая Айчынная пачалася раптоўна, і ўжо ў першы яе дзень Сяргей Крывец апынууўся на акупаванай немцамі тэрыторыі. Фронт вярнуўся сюды толькі летам 1944 г. І вось тады паэт стаў салдатам.

 

Вайна паступова адыходзіла на Захад. Баі ішлі на Вісле, пад Варшавай, у іншых польскіх населеных пунктах. Падраздзяленні Чырвонай Арміі набліжаліся да Ўсходняй Прусіі, Балтыйскага ўзбярэжжа.

 

У пераможным 1945 г. радавы 731-га стралковага палка Сяргей Крывец прыняў свой апошні бой. У літаратурных энцыклапедыях і розных даведніках дата гібелі салдата падаецца так: «Загінуў 28 красавіка 1945 г. каля Гдыні». Альбо: «Загінуў 28. 4. 45 пад час штурму Гдыні».

 

Аднак у некаторых крыніцах ёсць і іншая дата гібелі паэта: 13 траўня 1945 г. Як бачым, розніца істотная. І нідзе чамусьці не гаворыцца пра месца пахавання нашага земляка. Здавалася б, чаму? У апошні ваенны год улік стратаў у савецкіх войсках быў наладжаны дакладны, і сем’і загінуўшых атрымлівалі пахавальныя з канкрэтнымі каардынатамі. Што тады адбылося з Сяргеям Крыўцом, калі ён значыцца ў ліку загінуўшых, а не прапаўшых без вестак?

 

Па-першае, штурм Гдыні адбываўся ў канцы сакавіка 1945 г., канчаткова немцаў выбілі з гэтага горада 28 сакавіка, а не месяцам пазней. І воіны 731-га стралковага палка менавіта ў канцы сакавіка ўдзельнічалі ў баях за Гдыню. 28 сакавіка ў атакуючых шэрагах быў і Сяргей Крывец. У нейкі момант непадалёку выбухнуў варожы снарад. Востры боль ударыў байца па нагах… Праз некаторы час салдата вынеслі ў тыл.

 

 У медсанбаце яму аказалі першую дапамогу, аднак раненне было вельмі сур’ёзным, і чырвонаармейца накіравалі ў бліжэйшы эвакуацыйны шпіталь пад нумарам 2222. 31 сакавіка ў шпітальнай рэгістрацыйнай кнізе зрабілі запіс аб паступленні параненага стралка. Дыягназ: складанае асколачнае раненне абедзвюх ног, абцяжаранае анаэробнай інфекцыяй.

 

Амаль паўтара месяца Сяргей Крывец змагаўся за жыццё, за гэты час яму зрабілі некалькі аперацый. Часамі яму рабілася лепш, здавалася, што ўсё ў выніку будзе добра. Вось і пераможныя майскія залпы прагрымелі. Побач з Крыўцом на шпітальным ложку ляжаў малодшы сяржант Іван Леўкін. Ён быў родам з тагачаснай Карэла-Фінскай АССР, у войску служыў кулямётчыкам. 28 сакавіка 1945 г. разам з Крыўцом ён удзельнічаў у баі на гдыньскіх вуліцах, там і быў паранены. У шпітальных паперах за 2 траўня было пазначана: «Сяргей Крывец. Іван Леўкін. Стан паляпшаецца».

 

Аднак, на жаль, цуда не адбылося. Сяргей Крывец памёр 13 траўня 1945 г., а яго франтавы таварыш – на наступны дзень. Разам іх пахавалі на могілках горада Конітца. Цяпер гэты населены пункт мае назву Хойніцэ, ён знаходзіцца ў Паморскім ваяводстве Польшчы. Невялікі ўтульны гарадок з насельніцтвам прыкладна 10 тысяч чалавек. Старажытныя вуліцы, забудовы гатычнай архітэктуры. І без перапынку коціць побач свае хвалі Балтыйскае мора.