Ведаць, памятаць, жыць

| Без катэгорыі

Піянеры з усёй Гродзенскай вобласці сабраліся ў актавай зале палацу, каб успомніць аб вялікай перамозе. На зборы прысутнічалі ветэраны вайны, для якіх перамога не пустое слова, а самы шчаслівы ўспамін. Урачыстая частка збору пачалася выступамі агітбрыгад «Юнацтва» Гродзенскага раёну, «Званы памяці» Слонімскага р-ну і «Пульс» Бераставіцкага р-ну.

Юныя патрыёты прадстаўлялі драматычныя рэпрызы, прысвечаныя вызваленню Беларусі. Затым падводзіліся падрахункі абласнога фотаконкурсу «Дзіцячая грамадская арганізацыя ў тварах» і абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу «Запалі вогнішча дабра». Пераможцы атрымалі падарункі і дыпломы. На зборы былі абвешчаныя планы на будучыню, прызначаны будучыя конкурсы.

               

Ветэранам дарылі кветкі, цукеркі, прагучала мноства цёплых слоў падзякі ў іх адрас. Некаторыя выступалі ў адказ. Вядома, узрост іх ужо пераваліў за 80, але ў іх вачах свяціўся агонь. Павал Цярэнц’евіч Безручэнка пад уздзеяннем пачуццяў нават вырашыў праспяваць экспромтам песню ваенных гадоў. Зала прымала яго «на ўра» кветкамі і апладысментамі.

>

Да ўрачыстай часткі збору праводзілася акцыя «Журавель свету». Складзеныя з паперы жураўлікі, на якіх былі напісаныя цёплыя словы і пажаданні, былі вывешаныя піянерамі на рознакаляровых стужках. А ў канцы сустрэчы кожны мог загадаць жаданне і абраць сабе любога жураўліка, каб жаданне спраўдзілася. Ветэраны першымі атрымалі папяровых птушак.

Далей ўсе ўдзельнікі збору, у тым ліку і ветэраны, наведалі месца, дзе ў час вайны знаходзілася памежная застава, якую ўзначальваў старэйшы лейтэнант Ф. Кірыленка. Каля мемарыялу выступіў з прамовай Аляксандр Мікалаевіч Рэшытняк – палкоўнік у адстаўцы, удзельнік аперацыі «Баграціён» і ўдзельнік вызвалення Гродна. А потым разам глядзелі кінафільм «Кадэт» у кінатэатры «Кастрычнік».

Анастасія Аўдзей

Фота аўтара