Тхор? Куніца? Чупакабра?

|

І адбылося гэта здарэнне не ноччу, а напярэдадні вечарам, таму што дзве курыцы, якія прызвычаіліся прыходзіць у хлеўчык на начоўку раней, там і былі знойдзены, восем птушак нерухома ляжалі на падворку за хлеўчыкам, а дзве курыныя асобіны прапалі без вестак.

 

Людзі, якія ў адзін момант страцілі сваю міні-ферму, былі ў разгубленасці. Хто мог учыніць такі напад? Тхор? Аднак ён звычайна дзейнічае ноччу. Куніца? Магчыма, але іўеўская вуліца Чкалава знаходзіцца далекавата ад лесу. І, самае галоўнае, ніхто з суседзяў не бачыў нічога падазронага. Я пагаварыў з гаспадаром дома, і той не хаваў свайго здзіўлення.

 

– Здаецца, нічога падобнага ў такіх маштабах у нас  раней не было. На тхара зусім не падобна. Куніца… Можа быць, але ёсць пэўныя сумненнні.

– Можа, чупакабра? – жартам спытаўся я.

– Можа быць, – на поўным сур’ёзе адгукнуўся мой суразмоўца.

 

Гэты выпадак не адзіны ў Іўі за апошні час. Толькі паспелі заціхнуць размовы ў горадзе пра «чкалаўскае» здарэнне, як на іншай вуліцы невядомы драпежнік знішчыў цэлы курыны статак – 22 штукі.

 

Дарэчы, апошнім разам у Беларусі сенсацыя наконт чупакабры ўспыхнула менавіта ў сувязі з Іўеўскім раёнам. Мінулай восенню Лідскае тэлебачанне паведаміла пра тое, што ў лесе непадалёку ад Іўя грыбнікі знайшлі мёртвую чупакабру. Праўда, потым спецыялісты вызначылі, што гэта была звычайная лісіца. Можа, і так. Хто ж тады зараз выходзіць на ціхае паляванне ў невялікім гарадку?

Ілюстрацыя: rai77.ru