Захаваем рэдкіх рыб разам! У Астравецкім раёне вучацца ахоўваць ласося

|

Галоўная мэта ўсталяваных стэндаў – данесці да людзей інфармацыю пра неабходнасць аховы ласосяў, а таксама выклікаць пачуццё гонару, што ў іх мясцовасці ўсё яшчэ сустракаюцца дзікія сёмга і кумжа. Недасведчаны чалавек не будзе мець неабходнай інфармацыі і навыкаў, каб нанесці шкоду рыбам. У той жа час, стэнды будуць навідавоку ў мясцовых жыхароў і іх дзяцей, гасцей рэгіёна, што будзе спрыяць павышэнню ўзроўня іх экалагічнай адукаванасці і адказнасці.

 

Удзел у семінары прынялі больш за дваццаць жыхароў Астравецкага раёна і Мінска, большасць з якіх ужо мела вопыт патрулявання рэк у час нерасту і ўсведамляе неабходнасць аховы рэдкіх рыб.

Падчас семінара ўдзельнікі змаглі сустрэцца з экспертамі і супрацоўнікамі АПБ, даведацца новае пра ласосей, паглядзець відэа нерасту. Асноўным практычным мерапрыемствам было ўсталяванне стэндаў і абследаванне асноўных рэк, дзе можа адбывацца нераст ласосяў.  

 

Стэнды былі ўстаноўлены разам з удзельнікамі семінара, большасць з якіх склалі мясцовыя жыхары, для якіх гэта быў асабісты ўнёсак у справу захавання нашых ласосяў.  Усяго ў рэгіёне з’явілася 18 стэндаў, якія былі усталяваны пры некаторых лясніцтвах і рэках, у вёсках Гервяты, Рымдзюны, Альхоўка, Міхалішкі, Варона і іншых.

Стэнды былі выкананы ў межах сумеснага праекта грамадскіх арганізацый «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і MadPro(Літва): «Захавальнікі жывых рэк: удзел грамадскасці ў захаванні дзікага балтыйскага ласося ў Беларусі і Літве».