Чарнігаў – горад сучасны. І старажытны

| Без катэгорыі

“Чысценька,” –  здзівілася я, калі раніцай мы выйшлі з цягніка, памятаючы пра нядаўнія спрэчкі ў інтэрнэце наконт таго, што ўкраінскія гарады адрозніваюцца ад нашых бруднымі вуліцамі.

 

Смецця не заўважылі, аднак  з вакна старэнькай таксоўкі здавалася, што горад  затрымаўся  ў нейкіх 90-ых. Разбіты асфальт, старыя дамы, блёклыя фарбы. Але вялікая колькасць дрэваў вельмі цешыла, асабліва ўзгадваючы наш горад.

 

Дрэвы нікому не перашкаджаюць, –  адазваўся таксоўца.

Больш за тое, распрацаваныя, так званыя, зялёныя турыстычныя маршруты па горадзе і ваколіцах.  Можна замовіць палёты на паветраным шары  ці мотадэльтаплане, сплавы на плыце і рыбалку на Дзясне, тут жа, на гарадскім пляжы,  усіх жадаючых чакаюць катамараны, вадалёты, водныя шары. За горадам можна наведаць запаведнікі ды дэндралагічныя паркі. Увогуле  сфера адпачынку тут  больш прывабная, чым у нас.

 

Нягледзячы на правінцыйны выгляд, у цэнтры горада нас чакала вялікая колькасць кавярняў, бараў і рэстаранаў з дастаткова прыемнымі  для беларуса коштамі.  Абслугоўванне на высокім узроўні. Гэта спачатку здзіўляла, а потым прымалася, як добрая сваесаблівасць Чарнігава.

Яшчэ адна асаблівасць – вялікая колькасць кругласуткавых вялікіх  прадуктовых крамаў, астатнія ж працуюць да 23 гадзін. На міні-рыначках можна знайсці танную садавіну ці гародніну. Кошты ў два разы меньшыя за нашы.

 

 

Можа, заробкі тут меньшыя? 

Крама, у якую зайшлі, шукала прадаўцоў і касіраў. Заробак ад 1400 грывен. 1 грыўна=1000 беларускіх рублёў.

Касірка распавяла нам, што заробак гэта сярэдні, ёсць крамы, дзе і больш зарабляюць. Гэта як сярэдняя украінская пенсія, што  складае 52% ад мясцовай сярэдняй зарплаты. Сярэдні ж мясцовы заробак – прыкладна 2800. Вось і лічыце.

 

 

У Чарнігаве ёсць на што паглядзець. У першую чаргу – гэта, канешне, храмы і манастыры,  пабудаваныя  пачынаючы з 11 стагоддзя і  раскіданыя па ўсім старым горадзе. Тут іх вельмі шмат.

 

 

 

І Пятніцкая царква, якая да болю ў сэрцы нагадвае нашую Каложу, і Барысаглебскі ды Спаскі саборы, што знаходзяцца на так званым Валу, і  Ялецкі Успенскі манастыр, ды шмат іншага, паглядзець на што варта. На гэта спатрэбіцца не адзін дзень. Тым больш, праблем з начлегам у гэтым горадзе няма. Тут  больш за 10 вялікіх гатэляў, сярод іх два  набліжаных да еўрапейскіх стандартаў: гатэльна-турыстычны комплекс “Прыдзяснянскі”, які афіцыйна мае дзве зорачкі,  ды  “Парк-гатэль Чарнігаў” – сучасны трохзоркавы гатэль бізнэс-класа.

 

Адзінае, дабірацца да іх дастаткова цяжка – грамадскі транспарт ходзіць дзіўна і непрадказальна. Прыехаў тралейбус  без  нумара: мясцовыя, хіба ведаючы нейкую таямніцу, пасядалі ў яго ды паехалі, мы вырашылі  не рызыкаваць і дачакаліся аўтобуса. Было адчуванне, што ён прыехаў да нас з 60-ых гадоў, а на даху красаваліся балоны з газам.

А што, – так танней, –  зазначыла кандуктар.

 Пазней мы бачылі нават мапеды з такімі міні-газавымі балончыкамі.  А ездзіць  вырашылі на таксі, тым больш, кошты дазвалялі. Па горадзе нам выходзіла – 17-25 грывен. Не больш.

 

А ноччу ва ўсім Чарнігаве адключаюць вулічнае святло, і нікога гэта асабліва не здзіўляе – прызвычаіліся. Эканомія. І гэта з нейкай іншай рэальнасці.

 

Фота аўтара