Ці патрэбен фемінізм мужчынам?

Адказ можна знайсці на самім рэсурсе, дзе стваральнікі кажуць: «Правільнае радыё, на наш погляд, гэта радыё, якое не толькі забаўляе, але і вучыць, дапамагае разабрацца ў чыста жаночых праблемах, падтрымлівае ў барацьбе за раўнапраўе». Але, каб даведацца пра падрабязнасці гэтага не зусім звычайнага праекта, я звярнулася да адной з заснавальніц радыё.

 

Пра тое,што такое фемінізм, ці патрэбны фемінізм мужчынам, каму лягчэй жыць у горадзе і, канешне, пра радыё fem.fm, я паразмаўляла з каардынатаркай праекта Жаннай Крёмер, ураджэнкай Гродна, якая зараз жыве ў Берліне, журналісткай, феміністкай і актывісткай.

 

Як нарадзілася ідэя стварыць такі рэсурс і чаму?

 

Ідэя радыё для жанчын нарадзілася мо з год таму, калі я слухала шведскае фемінісцкае радыё і нічога, канешне ж, на іх мове не разумела. Але музыка там была добрая. Тады я стала шукаць аналагічнае радыё на знаёмых мовах. Нешта знайшла на нямецкай, трошку на польскай (там не цэлыя радыёстанцыі, а некалькі перадач), а вось на рускай і беларускай мовах нічога знайсці не змагла. Запытаўшыся ў сябровак даведалася, што і яны б слухалі такое, але ўсе станцыі, якія пазіцыянавалі сябе ў рускамоўнай прасторы як жаночыя, былі нецікавымі, ніякіх сур’ёзных тэмаў не закраналі. Так мы і прышлі да ідэі стварыць нешта сваё.

 

Адкуль такая назва fem.fm?

 

Па-першае, мы плануем уздымаць тэмы, якія будуць цікавыя жанчынам, а таксама распавядаць пра жанчын. Па-другое, мы хочам падтрымаць жанчын у іх правах, у іх развіцці, даць пачуццё жаночай еднасці. Але і «лёгкія» тэмы, такія як шоў-бізнэс, кіно ці мода, не будуць пакінутыя намі без увагі. Нам бы не хацелася быць занадта акадэмічнымі.

Вас могуць слухаць толькі жанчыны?

 

Не, канешне. Слухаць і чытаць нас можна без абмежавання паводле полу. «Радыё» fem.fm пакуль вельмі ўмоўнае. У нас яшчэ няма магчымасці весці сапраўдныя эфіры, трансляваць музыку і мець сваю хвалю. Але мы эскперыментуем з запісам падкастаў, якія можна спампаваць ці паслухаць адразу на сайце.

 

Fem.fm можна назваць фемінісцкім рэсурсам. Аднак я часцяком сустракаюся з тым, што слова «фемінізм» выклікае негатыўную рэакцыю нават сярод «прасунутых» людзей. З чым, на твой погляд, гэта звязана?

 

Я думаю, справа ў тым, што аб фемінізме ў краінах былога СССР загаварылі ў 90-х (ну, прынамсі, я да гэтага часу нічога такога не памятаю, бо была, можа, занадта малая). І фемінізм абмяркоўваўся менавіта заходні. А што патрабавалі тыя ж амерыканскія феміністкі? Яны патрабавалі магчымасць для жанчын працаваць. Бо ў іх рэаліі былі іншыя, чым у савецкіх кабет.

 

Нашыя ж і так даўно працавалі, і правы ў іх былі даўно. Толькі абавязкаў патрыярхальных з іх ніхто не зняў. Таму ў вачах беларускі, якая пахала ў дзве змены спачатку на працы, а потым дома на сям’ю, патрабаванні амерыканак «дайце нам магчымасць выйсці на працу, мы не хочам быць хатнімі гаспадынямі» выглядала, мабыць, дзіўна. Рознасць у эканамічных рэаліях і спрацавала на непаразуменне. Так і з’явіўся міф, што «гэтыя феміністкі невядома чаго хочуць».

 

У чым тады розніца паміж намі і жанчынамі «там»? Ты ж мела магчымасць назіраць жыццё тут і на Захадзе.

 

Сапраўды, Захад і Усход маюць розныя патрэбы. Калі ў Нямеччыне дагэтуль непараўнальна большая чым у Беларусі праблема з садкамі (нават тыя, што існуюць, працуюць звычайна толькі палову дня), то беларускі і не зразумеюць, чаму немкі так востра менавіта тэму садкоў абмяркоўваюць. Калі ў Польшчы забароненыя аборты і вялікія цяжкасці з гарманальнымі кантрацэптывамі, а ў Беларусі з гэтым ніякіх пытанняў амаль што няма, то ізноў мы не перасякаемся ў нашых праблемах.

Быць феміністкай у Еўропе і ў Беларусі – розныя рэчы?

 

Еўропа агулам бліжэй да дэмакратыі чым Беларусь, на дадзеным этапе. І слова «фемінізм» тут не лаянка, а падстава паважаць чалавека, які сябе феміністам назваў. Нават калі нехта выказвае крытыку сучаснага фемінізму, ён заўсёды зробіць рэверанс у бок, што ён разумее і вельмі цэніць дасягненні фемінізму. Тут прынята паважаць чалавека, які за свае правы змагаецца. А ў нас прынята такога чалавека баяцца і самім «не высоўвацца» праз асаблівасці гісторыі з-за сучаснага палітычнага ладу.

 

Як ты думаеш, ці наогул ёсць у Беларусі фемінізм? А гендэрная адчувальнасць?

 

У Беларусі больш патрыярхальных стэрэатыпаў. Жанчыны баяцца паказваць сваю незалежнасць і розум, нават калі іх маюць. Усялякія показкі пра бландынак, пра «б’е, значыць любіць», «сука не захоча, кабель не ўскоча» і г.д. дагэтуль папулярныя і кіруюць уяўленнем пра свет большай часткі беларускага насельніцтва. Мы нават не задумваемся над тым, што цытуем.

 

Упэўненая, большасць з тых, хто, напрыклад, сэксісцскія анекдоты расказвае, здзівіліся б, што яны такім чынам падтрымліваюць гвалтаўнікоў, зневажаюць жанчын як клас і г.д. Хутчэй за ўсё, каб ім паказаць статыстыку, напрыклад, што пасля праслухоўвання такіх показак мужчыны больш ахвотна крыўдзілі жанчын у рэальным жыцці, яны б задумаліся і змянілі б сваё стаўленне да такога гумару. Але такой інфармацыі амаль няма ў СМІ, няма ў школах і інстытутах, таму ніхто і не рэфлексуе, жыве па накатаным, без гэтай самай «гендэрнай адчувальнасці». Трэба даваць людзям інфармацыю, трэба адукоўваць. У гэтым зараз і ёсць адна з задач нас, журналістак і актывістак.

 

Кажуць, фемінізм патрэбны толькі жанчынам. А мужчынам? Ці можа гэта пагроза для іх?

Фемінізм прыносіць сваю карысць усім, хто гатовы да роўнасці, хто хоча, каб нашым дзецям жылося лепш, каб дачок не гвалцілі за тое, што яны ў спадніцы, каб сыноў любілі не за грошы ў іх гаманцы, каб кожны сам мог выбіраць, чым яму займацца ў жыцці без дурных абмежаванняў тыпу «фізіка не жаночая справа» ці «які ён мужчына, калі дома сам падлогу мые».

 

Фемінізм даўно перастаў быць толькі рухам за правы жанчын, сёння гэта рух за роўныя правы ўсіх. Жанчыны менш зарабляюць за тую ж працу. Мужчынаў абмяжоўваюць у іх бацькоўскіх правах пасля развода. Жанчын прымушаюць апранацца прывабна, інакш асуджаюць за недагледжанасць і непрывабнасьць, але адначасова тых, хто апранаецца прывабна, абвінавачваюць у выпадку сэксуальнага гвалту ў тым, што «сама напрасілася». Ад мужчынаў патрабуюць адмовіцца ад эмоцыяў.

 

У такіх рамках непрыемна і нязручна як мужчынам, гэтак і жанчынам. Выбар і свабода патрэбныя нам усім. Таму барацьба за раўнапраўе і фемінізм – гэта добрая справа для ўсіх. Гэта ў патрыярхальным свеце ідзе «вайна палоў за падпарадкаванне», а ў дэмакратычным свеце замест іх павінна быць супрацоўніцтва і роўнасць.

 

Ці магчымая роўнасць мужчыны і жанчыны і ці існуе яна ў нашай краіне? Сітуацыю лепш назіраць збоку: як бачыш яе ты?

 

Вядома, роўнасць магчымая! Ці верылі ў роўнасць прыгонныя сяляне ў Расейскай імперыі або чорнаскурыя рабы і іх гаспадары ў Амерыцы? Думаю, не. Уяўляю, як яны там казалі: «такі парадак заведзены адвек, не нам яго мяняць. Сяляне ад прыроды дурнейшыя за паноў, то і не трэба ім роўных правоў з панамі» – сёння такое можна дзе-нідзе пачуць у міжпалавым кантэксце.

 

Час змяніўся, роўнасць значна наблізілася. Чаму ж паміж жанчынамі і мужчынамі такога не дасягнуць? Я аптымістка ў гэтым сэнсе. Тым больш, я лічу, што беларусы ў душы людзі справядлівыя. Роўнасці нават у патрыярхальным сялянскім грамадстве Беларусі было трошку большай чым у суседзяў. Узяць тую ж завядзёнку жаніцца без пазашлюбнага сэксу. Гэта ў суседзяў забарона на сэкс была толькі для жанчыны, а ў беларусаў для абодвух. І мужчыны таксама павінны былі сябе берагчы да вяселля. Мне падаецца, гэта адзін з вельмі важных паказчыкаў для тых часоў.

 

І яшчэ такое пытанне: каму лягчэй выжыць у горадзе: мужчыну альбо жанчыне? Для каго створана гарадское асяроддзе?

 

Сёння ў горадзе лягчэй выжыць здароваму, маладому, багатаму і без дзяцей.

 

З аднага боку ўладкавацца на працу і больш зарабляць прасцей мужчынам. Тым больш, калі ў чалавека ёсць малыя дзеці. Для мужчыны гэта не праблема пры пошуку працы, для жанчыны – праблема. Працадаўцы яе не хочуць.

 

Але што тычыцца гарадскога стрэсу, прыстасавання да абставінаў і г.д., то, магчыма, жанчынам тут лягчэй. Як паказвае практыка, жанчыне прасцей пераступіць праз свой гонар і дыплом. Яна пойдзе мыць падлогу ці нават у прастытуткі, калі трэба выжываць.

 

Мужчына хутчэй сап’ецца ці стане бамжом, патрапіць у турму, а нават калі сітуацыя не такая цяжкая, а проста стрэс будзе ў сабе насіць, не выгаварыцца сябрам ці псіхолагу, хутчэй давядзе сябе да інфаркта ці інсульта.

 

Кожнаму полу цяжка па-свойму. Добра было б наўзаем вучыцца добрым якасцям іншых. Напрыклад, мужчынам – выгаворвацца, абмяркоўваць праблемы, наладжваць сацыяльныя кантакты, нават паплакаць, замест таго каб накачвацца алкаголем. Жанчынам – мужчынскай упэўненасці ў сабе, дазволіць сабе здаровую долю агрэсіі, як у спорце ці бізнэсе, менш апраўдвацца ды сціпла трымацца ў цяньку, а умець сябе прэзентаваць, прасіць павышэння зарплаты за добрую працу і г.д.