Лідскі замак: самая кепская рэстаўрацыя ў свеце

|

Вы ўсё яшчэ думаеце, што аднаўленне помнікаў гісторыі беларускімі рэстаўратарамі гэта добра? Добра, можна дараваць танныя шклопакеты ў Міры і цыбуліну-вежу ў Нясвіжы. Але дараваць жалезабетон і цэглу «паводле ГОСТа», выкладзеную малпамі з першых курсаў будаўнічых каледжаў я не магу. Папярэджваю, што пасля такой рэстаўрацыі вочы трэба мыць з мылам.

 

Прыгожа, акуратна, міла выглядае замак.

Пакуль не пачынаеш прыглядацца.

Можа ўнутры пастараліся рэстаўратары? Вядома! І пачалі яны з касы. Як бачна, для працы ў касе патрэбныя навыкі продажу Суперлато ў любую пару года:

І калі ў Еўропе Вам дадуць унікальны квіток з гісторыяй замка (ці хаця б яго малюначкам) — то тут вам дадуць звычайны чэк з лічбамі, накшталт «5500″. Дзякуй, што хоць не ад рукі напісаны.

 

Спадзяюся, экспазіцыя парадуе. Як яна можа не радаваць, калі вядуць да яе дзверы, падпёртыя камянямі. Напэўна, выпалі са сцяны замка. На першы паверх вядзе выдатна стылізаваная лесвіца. Праўда, без парэнчаў.

Экспазіцыя нагадала краязнаўчы куток у школьным музеі. Не ўяўляю, як яны абышліся без народнага кутка, наканечнікаў і артэфактаў Вялікай Айчыннай вайны.

Свечкі — не атрыбут, а выкананне 3-й дырэктывы. У замку вельмі цёмна.

Канчаткова ўзнаўляе атмасферу мапа за 6 тысяч беларускіх рублёў у бярозавай кары.

У замку выкарыстаны вопыт афармлення інтэр’ераў Мірскага замка.

Добра, можа пасля таго, як прагуляюся па сценах замка, у мяне атрымаецца гэта “адбачыць назад”. Хоць і тут пашкадавалі трохі марылкі для атмасфернасці, а падлога, мабыць, засталася ад будаўнічых лясоў.

Як бачна, не ўсюды хапіла сцяжкоў.

Звярніце ўвагу на гэтыя цудоўныя аконныя праёмы. Карціна: «усе беларускія муляры з’ехалі ў Расію». На жаль, за тысячу гадоў тэхналогія будаўніцтва скляпенняў была страчана.

Будаўнікі з разуменнем і адказнасцю паставіліся да выканання задачы, раствора не шкадавалі. Напэўна, такі замак прастаіць яшчэ тысячу гадоў.

Хоць некаторыя цагліны, пры жаданні, можна забраць на сувеніры.

Будаўнікі не забыліся пра вентыляцыю. Хаатычную, якая нічым не заканчваецца. Будзем спадзявацца, камусьці хапіла на дачу.

Зразумела шкада, што кіраўнікі праекта не адрозніваюць адценні чырвонага.

Як шкада, што збудаванняў у правай частцы няма ні на адной гравюры. Можа яны аграгарадок будуюць?

Выкарыстоўваць драўляныя лесвіцы ў каменным замку — не праваслаўна. Іншая справа ўтульны жалезабетон!

Атмасфера замка дапаўняецца ліхтарамі, стылізаванымі пад канец 20 — пачатак 21 стагоддзя.

Я не здзіўлюся, калі ў будаўнікоў засталіся лішнія камяні ад замка.

Завяршае кампазіцыю гасцініца «Ліда»

Уласна, які замак — такія на яго ахвяраванні.

Мясцовыя жыхары выкарыстоўваюць сцены ў якасці туалета. Як патлумачыў свой учынак малады чалавек — «горш ужо не будзе».

Аграрэнессанс, сельскае барока, вясковы постмадэрн — вось такія словазлучэнні мільгаюць у галаве пасля наведвання Лідскага замка. Я шчыра спадзяюся, што на іншыя замкі «рэстаўратарам» грошай не хопіць.

 

І яшчэ: хто прыняў такую працу па «рэстаўрацыі»? У гэтага чалавека няма вачэй, няма мазгоў? Ён ненавідзіць гісторыю роднай краіны? Ці проста атрымаў адкат?

 

Вось такая цана «Дажынак любой цаной», якія адбыліся ў Лідзе ў 2010 годзе.

 

Больш здымкаў на vandrouka.by