Памяць пра вайну прэзентавалі навукоўцы трох краін

|

Навукоўцы Аляксей Ластоўскі (Беларусь), Ірына Склокіна (Украіна), Раман Хандожка (Расія) прэзентавалі вынікі міжнароднага даследчага праекта «Памяць пра вайну з лакальнай перспектывы». Пасля гадзіны, цягам якой госці прадстаўлялі вынікі даследвання, завязалася спрэчка з прадстаўнікамі гарадзенскай гістарычнай школы. Прафесар Алесь Смалянчук доўга спрабаваў дапытацца ў маладзёнаў чаму менавіта гэтыя гарады сталі аб’ектам іх даследвання.

 

На думку прафесара, лепш было б параўнаць Гродна са Львовам ці з расейскім Калінінградам (колішнім Кёнінгсбергам) чым з гэтымі гарадамі. Бо з пункту гледжання ўсталявання савецкай ўлады і пазнейшай памяці пра вайну, наш горад адрозніваўся ад Растова ці Харкава. Пра гэтыя розніцы казаў нават сам даследчык, што прадстаўляў Беларусь у гэтым праекце.

 

Аляксей Ластоўскі, Інстытут «Палітычная сфера»:

 

«Да 1939 года горад уваходзіў у склад 2-ой Рэчы Паспалітай. Перыяд першай саветызацыі быў невялікім, пасля чаго быў доўгі перыяд нямецкай акупацыі. Нестабільнасць савецкай улады прыводзіла да таго, што памяць пра вайну не з’яўлялася нейкай цэнтральнай ці пануючай у культурнай палітыцы мясцовай улады. У пасляваенны час у газетах больш пісалася пра тое, як кепска жылі беларусы пад панскай Польшчай, пра мужнае змаганне беларускага народа з польскімі прыгнятальнікамі.»

 

Асаблівасцю ўсталявання савецкай улады ў Гродне на думку Аляксея Ластоўскага было таксама тое, што паміж сабою ў гэтым горадзе змагаліся польскія і беларускія нацыяналісты, якія спрабавалі цягнуць на сябе «коўдру нацыяналізму».

На сустрэчы прысутнічалі гарадзенцы, што цікавіліся гісторыяй гэтага перыяду, гарадзенскія журналісты і прадстаўнікі старэйшага пакалення. Адзін з іх, гарадзенскі краязнаўца Аляксандр Талерчык, распавёў пра тое, як жылося ў пасляваенныя гады, як працавалася і з якімі цяжкасцямі амаль штодня сутыкаўся жыхар Савецкай Беларусі.