Горад, у якім жывуць людзі…

Мы ўсе, незалежна ад ВІЧ-статуса, з`яўляемся раўнапраўнымі жыхарамі нашага гораду. Флаер з такім надпісам я атрымала на выставе, якую стварылі ВІЧ-дадатныя людзі, якія прыехалі ў Гродна з усёй Беларусі.

>

Выстава-інсталяцыя была арганізавана ў галоўным корпусе ГрДзУ ў межах праграмы беларуска-шведскага супрацоўніцтва «Колокол» пры падтрымцы Фонду «Ноев ковчег» (Швецыя), праекту Беларускага Чырвонага Крыжа «Моладзь супраць ВІЧ» пры фінансавай падтрымцы Дацкага Чырвонага Крыжа. Перад ўрачыстым адкрыццём выставы была праведзена прэс-канферэнцыя, на якой прысутнічалі арганізатары праекту, прадстаўнікі Чырвонага Крыжа, ВІЧ-дадатныя людзі, прадстаўнікі выканкамаў, зоркі беларускай эстрады – Аляксандар Патліс з гуртом «Патліс band», дуэт Аляксандра і Канстанцін і іншыя. У нашай краіне існуе створаная ў 2007 годзе «зорная каманда» – артысты беларускай эстрады аб`ядналіся ў каманду для падтрымкі людзей з ВІЧ-інфекцыяй.

Вядома, было шмат журналістаў. Яны распавядалі аб самой праграме, якая ахоплівае шмат гарадоў Беларусі (рэалізацыя праекту пачалася з Гродна, уваход на ўсе мерапрыемствы вольны). Дарэчы, у Гродзенскай вобласці зарэгістраваны самы нізкі паказчык захворвання – 373 чалавекі.

Не буду шмат распавядаць аб канферэнцыі: там была і праграма праекту, і статыстыка захворванняў, пажаданні журналістам ствараць станоўчы вобраз хворага чалавека, які радуецца жыццю і адказны перад грамадствам. Дарэчы, зараз гэты вобраз звязаны са смерцю і наркотыкамі, а большасць выпадкаў, на самой справе, здараецца з-за палавых кантактаў з хворымі людзьмі.

Падрабязнасці з выставы

Гэта трэба бачыць сваімі вачыма. Выстава атрымалася вельмі цікавай і незвычайнай. Галоўная ідэя – стварыць маленькі горад надзеі, мары, у якім жывуць такія ж людзі, як мы з вамі. У гэтым горадзе вісяць карціны, толькі вельмі незвычайныя – яны намаляваны на … белых майках і адлюстроўваюць тое, што хвалюе больш за ўсё – заўтрашні дзень.

Побач – лісты, на якіх аўтары работ расказваюць пра свае гісторыі і мары, выказваюць свае пажаданні і перасцярогі. На адным з «дамоў» вісіць «паштовая» скрынка, дзе кожны наведвальнік можа заставіць «ліст» – свае ўражанні ад выставы, пажаданні, парады. Я паразмаўляла з вельмі прыемным і пазітыўным маладым чалавекам Вячаславам – членам Беларускага Аб`яднання «ЛЖВ (Людзі жывуць з ВІЧ):

– Я баюся таго, што ў нашым грамадстве вешаюць ярлыкі на тых, хто хварэя на ВІЧ, –адказвае ён на маё пытанне аб тым, што яго хвалюе больш за ўсё, чаго яму не хапае. – А мы звычайныя людзі, нам таксама хочацца кахання, паразумення, павагі, нам хочацца рэалізоўвацца і жыць. Адзінае наша адрозненне ў тым, што ў нас ёсць хвароба, але ВІЧ – не прыгавор, з ім можна жыць шмат гадоў, і мы жывем.

– А як прыйшла ідэя стварыць такую выставу?

– Мы даўно хацелі зрабіць нешта падобнае, тым больш, 17 траўня будзе Сусветны Дзень памяці памерлых ад СНІДа, які мы адзначым урачыстым канцэртам у Віцебску, чым і скончыцца наш праект. Я – галоўны арганізатар выставы. Праўда, спачатку хацелі зрабіць менавіта карціны, але потым адна дзяўчына прапанавала намаляваць што-небудзь на майках, і прапанова была прынятая. Я маю некаторую адукацыю ў сферы мастацтва, таму падказваў і крышку вучыў, як трэба маляваць. Уявіце, 30-гадовыя, 40-гадовыя людзі вучыліся маляваць, і ім прыходзілася тлумачыць, як дзецям, што вось так рабіць не трэба, што фарбы акрылавыя, іх есці нельга (смяецца). У выніку вы самі бачыце, што атрымалася.

– А ваша работа тут ёсць?

– Не, за ўсімі арганізацыйнымі момантамі я проста не паспеў, а шкада. – Якія яшчэ мерапрыемствы вы ладзіце? – Ой, шмат якія. Сустрэчы, канцэрты, акцыі, спаборніцтвы. Дарэчы, не так даўно нашае аб`яднанне спаборнічала з былымі наркатычна залежнымі і членамі БРСМ. Мы вельмі хваляваліся, таму што думалі, што БРСМ-цы вывядуць сваіх спартсменаў, і нам іх ніяк не пераадолець. А так хацелася паказаць усім, што мы – не інваліды, як лічаць некаторыя!

– Ваша арганізацыя супрацоўнічае з падобнымі ў іншых краінах?

– Так, мы супрацоўнічаем з расійскім і украінскім аб`яднаннямі, пераймаем адзін у аднаго вопыт, ідэі. Увогуле, усе мы стараемся трымацца разам, таму што толькі так мы можам жыць нармальна і рэалізоўваць сябе.

Вячаслаў – чалавек жыццярадасны. Але ў канцы нашай размовы ён крышку пасмутнеў і сказаў:

– З гэтым можна жыць, але лепей, каб гэтага не было…

Мне вельмі запомніліся гэтыя словы і тое, як ён іх сказаў. Такія людзі, як ён, востра адчуваюць кошт жыцця. У кожнага з іх свая гісторыя, але ўсе яны радуюцца кожнаму моманту – светламу ці цёмнаму. Яны ствараюць сваё шчасце не гледзячы на ўсе перашкоды і выпрабаванні…

Ад выставы засталіся пазітыўныя эмоцыі, таму што не было адчування безвыходнасці, страчанай надзеі, а было светлае пачуццё радасці ад кожнага дня.

Вольга Корсун