Першы снег: за выходныя ў Гродзенскай вобласці адбылося 99 аварый
У 4 выпадках кіроўцы выязджалі на паласу сустрэчнага руху.
Адразу тры чалавекі пацярпелі каля вёскі Вярэйкі Ваўкавыскага раёна, калі кіроўца “Сітраэна” з-за няправільна абранай хуткасці сутыкнуўся з “Опелем”.
Шасцёра траўмаваныя каля вёскі Няцечы Гродзенскага раёна. Жанчына-кіроўца “Тайоты” таксама выехала на сустрэчную. З-за сутыкнення з “Фальксвагенам” васьмігадовая і двухгадовая дочкі вінаватай у здарэнні трапілі ў шпіталь. Шпіталізаваныя таксама жанчына-кіроўца сустрэчнай машыны, яе брат, дзевяцігадовы сын і дзесяцігадовая дачка.
Кіроўца “Фальксвагена” ў лабавым сутыкненні з аўтацягніком “Сканія” ў Шчучынскім раёне атрымаў пералом рукі.
Пасажыр таксі і яго 4-гадовая дачка параненыя каля вёскі Каробчыцы Гродзенскага раёна. У “Аўдзі” на якой яны ехалі, урэзаўся джып “Тайота”.
Паводле gaigrodno.by