Беларуская чыгунка ўводзіць сістэму ліній, класаў і новую нумарацыю цягнікоў

|

Пасажырскія перавозкі будуць ажыццяўляцца ў межах наступных відаў чыгуначных зносін: гарадскія лініі — перавозкі ў межах Мінска, абласнога цэнтра і за іх межы, але не далей за чыгуначныя станцыі (прыпыначныя пункты), размешчаныя ў гарадах-спадарожніках; рэгіянальныя лініі — у межах адміністрацыйных межаў вобласці і за яе межы да чыгуначных станцый (прыпыначных пунктаў), размешчаных у бліжэйшым горадзе абласнога падпарадкавання сумежнай вобласці, але не далей за яе абласны цэнтр; міжрэгіянальныя лініі — паміж горадам Мінскам і абласнымі цэнтрамі, паміж абласнымі цэнтрамі; міжнародныя лініі — паміж Беларуссю і іншымі дзяржавамі; камерцыйныя лініі — перавозкі, выкананыя па маршрутах, вызначаных замоўцам (юрыдычнай ці фізічнай асобай) на дагаворных умовах.

 

Рэгіянальныя і міжрэгіянальныя лініі падзяляюцца на бізнес- і эканам-клас у залежнасці ад хуткасці руху цягнікоў і прыпынкаў у населеных пунктах.

 

Такім чынам, усе цягнікі, якія курсіруюць сёння па беларускай магістралі, будуць аднесены да той ці іншай лініі пасажырскіх перавозак. Так, прыгарадныя цягнікі будуць называцца цягнікамі гарадскіх ліній і рэгіянальных ліній эканам-класа. На цяперашнім этапе цягнікі гарадскіх ліній будуць курсіраваць толькі ў Мінскім чыгуначным вузле.

 

Замест паняцця “мясцовыя цягнікі” будуць ужывацца найменні “цягнікі міжрэгіянальных ліній эканам-класа” і “цягнікі міжрэгіянальных ліній бізнес-класа”. Замест “далёкія” і “міжнародныя цягнікі” — “цягнікі міжнародных ліній”. Таксама з’явяцца цягнікі камерцыйных ліній, правобразам якіх сёння з’яўляюцца турыстычныя цягнікі.

 

Вызначэнні “пасажырскія”, “хуткія” і “фірменныя” цягнікі не будуць ужывацца ў дачыненні да ўнутрырэспубліканскіх перавозак, а захоўвацца толькі для міжнародных.

 

У лістападзе на вітражах білетных кас з’явяцца знакі абслугоўвання (візуалізаваныя элементы) і назвы (на трох мовах: рускай, беларускай і англійскай) тых ліній пасажырскіх перавозак, на якія ў іх будуць прадавацца праязныя дакументы. Выява адпаведнага знака абслугоўвання кожнай лініі будзе размяшчацца і ў раскладзе адпраўлення і прыбыцця пасажырскіх цягнікоў пасля нумара цягніка. Так, для гарадскіх ліній такім знакам з’яўляецца астра на чырвоным фоне, для рэгіянальных ліній эканам-класа — фіялка на сінім фоне, рэгіянальных ліній бізнес-класа — крокус на сінім фоне і г.д.

З мэтай упарадкавання сістэмы інфармацыйнага абслугоўвання ў адпаведнасці са змяненнем найменняў цягнікоў мясцовых зносін з 3 лістапада для іх будзе ўстаноўлена новая нумарацыя.

Гэтым цягнікам будуць прысвоеныя нумары з 601 па 698 (сённяшняя нумарацыя — з 1 па 148, а таксама з 801 па 806). Так, напрыклад, хуткі цягнік № 106/105 Брэст — Мінск, які курсіруе цяпер па беларускай магістралі, будзе звацца цягнік № 646/645 міжрэгіянальных ліній эканам-класа Брэст — Мінск. Змяненне нумарацыі цягнікоў не азначае змянення хуткасці іх руху. Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце БЧ.

 

Плануецца, што колькасць прыпынкаў цягнікоў міжрэгіянальных ліній эканам-класа па рашэнні Беларускай чыгункі можа быць змененая ў сувязі з павелічэннем (адсутнасцю) устойлівага пасажырапатоку. Што да курсіравання цягнікоў рэгіянальных ліній эканам-класа (цяперашніх прыгарадных цягнікоў), то на іх шляху прыпынкі цяпер застануцца без змяненняў.

 

Здымак naviny.by