Лекар для святыняў

|

 

Уладзімір Кіслы – гродзенскі рэстаўратар з 33-гадовым стажам, “лепшы сябар” Аляксандра Мілінкевіча, самабытны мастак, выставу якога можна ўбачыць раз на шэсць год.

 

…Пацямнеўшыя абразы, настольныя гадзіннікі, цюбікі з фарбай ды пэндзлі – ў майстэрні Кіслага ў камяніцы гродзенскага Музея гісторыі рэлігіі няма вольнага месца. Раней іконы з пабураных храмаў сюды прывозілі супрацоўнікі музея “атэізму”, зараз – з большага бацюшкі ды ксяндзы. На ўваходзе на шыльдачцы замест прозвішча напісана “Я” – сведчанне празмернага эгаізму, самаіроніі, а мажліва, здаровага сэнсу.

align=”left” >“Працы вельмі шмат. Вось тут да прыкладу, – Кіслы адразу паказвае на халсціну, якая займае паўстала, – абраз манаха-картэзіянца на палатне. На 99,9 % ён паходзіць з Картуз-Бярозы. Як кляштар там зачынілі, абразы расплыліся па розных месцах, тры з іх аказаліся ў нашым музеі”.

 

З музеем гісторыі рэлігіі звязаная большая частка жыцця Уладзіміра. На пачатку два гады прапрацаваў там у якасці навуковага супрацоўніка: распрацоўваў тэму “Іслам ды юдаізм на тэрыторыі Беларусі”, за якую ніхто не хацеў брацца.

 

“Час, калі мы пачыналі, 80-я, быў вельмі цікавы. Калісці ў Ваўкавыску нашы супрацоўнікі ў апошні момант уратавалі больш за 20 арнатаў (элементы аблачэння ксяндза) з устаўкамі слуцкіх паясоў. Як паясы зношваліся, іх рэзалі да разбіралі на ўстаўкі. Дык іх ужо падрыхтавалі да спальвання, бо асвечанае па канонах нельга проста выкідаць. Такіх выпадкаў было мноства”.

 

Прыгадваюцца і страты – па словах мастака ўся поўнач Гарадзеншчыны ў 80-х засталася спустошанай: працавалі літоўцы. Вывозілі ўсё: этнаграфію, мэблю, ткацтва… З касцёла святога Андрэя ў Слоніме, дзе быў саляны склад, сярод дня, папрасіўшы драбіну ў мясцовых, знялі скульптуры святых. Парадаксальна, але папярэдне мясцовыя ўлады адмовілі ў выдачы скульптураў музейшчыкам: баяліся народнага “гневу”.

 

Калі выпала магчымасць атрымаць стажыроўку на рэстаўратара ў Мінску Кіслы пагадзіўся, доўга не думаючы. І панеслася: Масква, Варшава, Рыга, Львоў… і статус самага аўтарытэтнага рэстаўратара алейнага жывапісу на Захадзе Беларусі.

 

“Музей – гэта непазбежная праца з рознымі экспанатамі: археалогіяй, скурай, кнігамі, тэмпернымі абразамі. Мноства муляжоў як у старой, так і ў новай экспазіцыі зроблена мной. Я ж адзін – канкурэнцыі асаблівай няма, – дзеліцца набалелым Кіслы. – Вядомы мінскі рэстаўратар Аркадзь Шпунт калісці казаў мне: «Глядзі, маладыя дыхаюць у патыліцу…» На жаль, за гэтыя 30 гадоў я гэтага подыху так і не адчуў…”

Праблемы беларускай рэстаўрацыі – асобная тэма, якую цяжка абыйсці. Чыноўнікі прыходзяць, хваляць, але ніхто рэальна не дапамагае: матэрыяламі, прэпаратамі, пакоямі. Напрыклад, для рэстаўрацыі алейнага жывапісу на палатне патрэбныя чатыры вялікія памяшканні. “Змятаць галубінае лайно з рамаў ды абразоў усё ж такі пажадана не ў тым самым пакоі, дзе робіцца залачэнне…” – іранізуе Кіслы.

 

“Патрэба ў рэстаўрацыі існуе. Наша матэрыяльная культура пацярпела неверагодна: войны, пажары, свядомае знішчэнне. Неяк чуў ад мясцовых, што ў Гальшанах старшыня саўгасу некалі наняў адмыслова людзей, каб зрабілі пагром у касцёле – разбілі арган, паздзекваліся са скульптураў…”

 

Мастак упэўнены, што такая палітыка вядзецца і па сённяшні дзень, хоць і развальваць “ужо няма чаго”: “Чым мог перашкаджаць людзям млын? Гэта як ехаць на Воўпу, вёска Гледнявічы. Старшыня калгасу падагнаў бульдозер ды разваліў. Я пытаюся: «Навошта?». Сказаў, што «панскае»”.

 

Шмат рэчаў як у 80-х, так і цяпер паступала ў музей з мытні: “Я неяк рэстаўраваў абраз, распілаваны на чатыры часткі – каб змяшчаўся ў дыпламаце. Тады ж быў выпадак, калі на мяжы затрымалі «пабожнага» негра з сакваяжам, у якім было 150 абразоў…”

 

На рахунку рэстаўратара багата адноўленых святыняў: цудатворныя абразы Маці Божай Кангрэгацкай, Маці Божай Тракельскай… Аднак мастак не робіць розніцы паміж рэстаўрацыяй свецкіх рэчаў і сакральных. “Стаўлюся да прадметаў як лекар да хворага чалавека: бачу разбурэнні і траўмы. Часам пытаюцца: «Што ты адчуваеш, калі трымаеш у руках такі абраз?» Я адчуваю, што пакаленні людзей маліліся на яго”.

 

Пры гэтым Кіслы не лічыць сябе атэістам, хоць і смяецца, што “быў сумленным піянерам”. Вырас у праваслаўнай сям’і ў вёсцы Дубна на Мастоўшчыне, але не забывае падкрэсліць, што продкі былі ўніятамі (яшчэ ў дзядоў былі ўніяцкія імёны). “Я веру ў разумнага Творцу, несмяротнасць душы. Веру, што на гэтым свеце ты не павінен жыць як табе хочацца: трэба выконваць пэўныя правілы”.

 

…Інфармацыя аб смерці дудара Уладзіміра Пузыні ды мастака-рэканструктара зброі Генадзя Асташонака для Кіслага – навіна. “Не ведаў…” Аднак пасля паўзы працягвае: “Але наша культура будзе жыць. Ведаеце, адзін дзед казаў: «Вось пры Польшчы была гліна – то гліна, а зараз – гаўно, а не гліна…» – старэйшыя людзі маюць часам такую канцэпцыю” (смяецца).

 

“Па-першае, у нас спецыфічны народ у гэтым плане: ён і паміраць не памірае, але і не жыве толкам. Тое самае ў культуры: я ведаў у музейнай справе некалькіх «падзвіжнікаў»: Лявонці Клок, Элеанора Вецер, Вольга Церашчатава – такіх людзей я ўжо не бачу. Але гэта яшчэ не сведчыць аб тым, што іх няма. Адкуль узяўся Багдановіч? Карпюк мне калісці казаў: «Адкуль ТЫ такі ўзяўся?» …І дурата і падзвіжнікі ёсць і будуць заўжды”.

Кіслы не толькі рэстаўратар, але і самабытны мастак – у яго творах час-почас прысутнічаюць то кавалкі старадаўняй кафлі, то рог тура з раскопак – рэха асноўнай прафесіі. “Дарэчы, рыхтуюся да выставы, даўно не было… – дзеліцца нібыта ваеннай таямніцай Уладзімір, – хацеў бы назваць яе «Дэжавю» – узгадкі з перажытага і пабачанага за апошняе дзесяцігоддзе. Зімой прыходзь…”

 

Ужо на выхадзе запытваюся пра сяброўства з Мілінкевічам. У сваіх агітацыйных буклетах у 2006-м “адзіны кандыдат” назваў Шалкевіча з Кіслым сваімі лепшымі сябрамі.

 

“З Мілінкевічам мы старыя сябры, так сталася… Для мяне ён не палітык, а менавіта стары сябар. Пазнаёміліся мы з ім калісці на глебе цікавасці да гісторыі (разам, напрыклад, адшуквалі парэшткі караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў вёсцы Воўчын для перадачы ў Кракаўскі Вавель ў 1991-м – аўт.). Тое, што нас аб’ядноўвала – засталося, таму мы з радасцю бачымся і кантактуем”.

 

Здымкі Яна Лялевіча