“Мірны атам” наступае на Астравеччыну

| Без катэгорыі

А мясціны тут сапраўды шыкоўныя! Пакуль што. Часам можна падумаць, што знаходзішся недзе ў Прыкарпацці: зарослыя лесам схілы, амаль горныя рэчкі, вялікая паўнаводная Вілія і добра захаваныя старыя вёскі. Хапае таксама помнікаў архітэктуры. Чаго толькі варты Гервяцкі неагатычны касцёл!

Што тут будзе, калі АЭС пабудуецца і пачне працаваць? Сёння з-за дрэваў бачны яшчэ не трубы, а толькі будаўнічыя краны, па дарозе туды-сюды снуюць вялікія грузавікі з цэглай, пяском ды цэментам.

Уезд на станцыю старанна заліваюць новым асфальтам. А ў дзесяці кіламетрах адсюль жыве (ці мо дажывае) невялікая вёсачка Кавалёўка, дзе ўсяго два ліхтары, а дарога такая ж як гадоў 200 таму. Каб праехаць па ёй, трэба мець ці добрую аўтамабільную падвеску, ці моцныя нервы, а лепш і тое, і другое.

Такіх вёсак вакол будучай АЭС шмат. Ёсць большыя, ёсць меньшыя. Некаторыя з іх знаходзяцца вельмі блізка да будучай станцыі – літаральна 5-6 кіламетраў. Афіцыйна такое суседства лічыцца бяспечным.

 

Кажуць, калі рыхтавалася пляцоўка пад станцыю, у хуткім тэмпе валілі лес, а за лесарубамі ўжо наступалі бульдозеры, каб, не губляючы часу, зрабіць будаўнічую пляцоўку. Ды і зараз бачна – спяшаюцца. Гэта ўскосна пацвярджаюць у неафіцыйных размовах будаўнікі. Толькі куды спяшацца на такой адказнай будоўлі?

 

Жыццё ў навакольных вёсках, якіх па Астравецкім краі раскідана мноства, быццам замерла. Усе чакаюць. Што будзе далей? Аграэкатурызм, на які мелі вялікую надзею мясцовыя, наўрадці будзе тут надалей развівацца. Турысты, што цалкам натуральна, сюды больш не паедуць. Хіба што зрабіць адмысловы маршрут – атамны, з наведваннем станцыі, напрыклад. А так, само слова – атамная – выклікае нейкі страх. Асабліва ў беларусаў.

Некалькі гадоў таму тут пачалі выкупаць дамы літоўцы, найчасцей з Вільні. Не дзіўна – да літоўскай сталіцы ўсяго 40 кіламетраў. Потым да іх падключыліся і мінчукі. Ёсць вёскі, дзе 70% жылога фонду належыць гарадскім. Добрыя новыя дамы. Некаторыя будавалі для сябе, як лецішча, а некаторыя – для турыстаў. Што рабіць далей з гэтымі сядзібамі, гаспадары пакуль не вырашылі. Усе знаходзяцца ў стане гэткага доўгатэрміновага чакання. Чакаюць і мясцовыя. Толькі чаго?

 

Размаўляць наконт будаўніцтва АЭС яны не спяшаюцца. З трывогай і недаверам глядзяць на мяне. Нічога дзіўнага – вёскі і мястэчкі маленькія, усе ведаюць адзін аднаго. Калі ў 2009 годзе астравецкія актывісты пачалі збор подпісаў супраць будаўніцтва станцыі, да іх на працу ці дахаты пачалі прыходзіць прадстаўнікі мясцовай улады. Тады было сабрана больш за 250 подпісаў. Невялікая лічба, але для мясцовых гэта быў своеасаблівы прарыў. Тут не выходзяць на вуліцы пратэставаць, тут не пляскаюць у далоні. Тут усё ціха і проста. Аднак тэма АЭС, канешне, хвалюе.

 

За кіламетр ад вёскі Малыя Фіранкі будзе пабудаваны водазабор будучай станцыі, а гэта значыць, што простаму і ціхаму жыццю прыйдзе канец. Так лічаць мясцовыя. Некаторыя з іх раюць перанесці ўрад бліжэй да станцыі, каб дэпутаты працавалі непасрэдна каля вытворчасці “мірнага атама”. Побач можна пабудаваць хакейны стадыён – прапануюць яны з своеасаблівым чорным гумарам.

Меркаванняў супраць будаўніцтва АЭС давялося пачуць нямала. Тэма гэтая вельмі балючая і трывожная, таму людзі згаджаюца размаўляюць са мной “без імён”.

 

Некаторыя проста маюць надзею на тое, што станцыю так і не пабудуюць, маўляў, “не хопіць у іх грошаў”. Ёсць і тыя, каму проста ўсё-роўна. Напэўна, гэта другі паводле папулярнасці адказ у маім маленькім імправізаваным апытанні.

 

Два хлопцы на “Аўдзі” з літоўскімі нумарамі прыпыніліся каля мяне, калі я крочыла з адной вёскі ў другую. Ад пытання наконт АЭС адмахнуліся: “Нічога не зменіцца. Нам увогуле ўсё роўна. Няхай будуецца”, – і паехалі далей.

 

Дзве жанчыны, што размаўлялі на адной з вуліц Гервят зазначылі: “А што, будзем жыць,як жылі!”“Пакуль не ірване”, – дадала другая.

 

Станоўчага меркавання ад мясцовых, што іхнае жыццё ў сувязі з новабудоўляй стане лепшым, я так і не пачула.

 

Здымкі аўтаркі