Аляксандр Сінкевіч: “Рэформы найменш б’юць па тых, хто найменш ад іх залежыць”

|

Змены ў пенсійным заканадаўстве пачаліся са студзеня 2012 года. Прэзідэнт Беларусі сваім указам №136 ўвёў дыферэнцыраваную сістэму налічэння ў залежнасці ад узросту выхаду на пенсію.

 

Старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Надзея Ермакова яшчэ ў красавіку бягучага года заяўляла аб магчымым правядзенні дэнамінацыі беларускага рубля.

 

Зыходзячы з сітуацыі, калі наступныя прэзідэнцкія выбары запланаваны на 2015 год, часу для правядзення такіх балючых для насельніцтва рэформ застаецца мала.

 

Аб рэформах, якія на слыху ва ўсіх беларусаў, “Твой стыль” паразмаўляў з палітолагам Алесем Лагвінцом і эканамістам Аляксандрам Сінкевічам.

 

Як вы ставіцеся да правядзення ў Беларусі пенсійнай рэформы і дэнамінацыі беларускага рубля?

 

Сінкевіч: На мой погляд, зараз сацыяльна-эканамічная сітуацыя ў Беларусі, нягледзячы на некаторае зацішша, заключае ў сабе высокі патэнцыял нестабільнасці да ўздзеяння знешніх шокаў.

Сярод бізнесу і насельніцтва высокія дэвальвацыйныя чаканні. Усё гэта не з’яўляецца спрыяльным фонам для якаснай дэнамінацыі. У той жа час агульная напружанасць і песімістычны настрой у грамадстве можа дазволіць параўнальна бязбольна правесці пенсійную рэформу, якая можа быць з разуменнем успрынятая насельніцтвам, як непазбежнае зло, асабліва на фоне шакуючых навін з краін паўднёвай Еўропы.

 

align=”left” >

Лагвінец: Я б не зводзіў усе праблемы да пенсійнай рэформы. Беларусі трэба сістэмныя рэформы. Гэта найперш раздзяржаўленне, грунтоўныя і зразумелыя гарантыі для эканамічнай дзейнасці беларускіх суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку гарантыі правоў уласнасці ўлучна з шырокім прызнаннем прыватнай уласнасці на зямлю, празрыстая прыватызацыя і рэальнае паляпшэнне інвестыцыйнага клімату. Гэта таксама макраэканамічная стабільнасць, адказная грашовая палітыка і мадэрнізацыя сацыяльнай сферы.

 

Ці пойдуць ўсё ж такі ўлады на згаданыя дзве рэформы ў бліжэйшым часе?

 

Сінкевіч: Паводзіны беларускіх улад не падобны да прадуманай стратэгіі, што пацвердзіў аўральны рэжым барацьбы з валютным крызісам у 2011 годзе. Хутчэй гэта эмацыйна-сітуатыўнае рэагаванне, таму адназначна сцвярджаць, што будуць праведзены тыя ці іншыя рэформы нельга. Напрыклад, пры ўзнікненні якіх-небудзь знешнепалітычных ускладненняў, для адцягнення насельніцтва цалкам можа быць праведзена несвоечасовая і не надта патрэбная дэнамінацыя, а пенсійная рэформа можа быць абвешчана без усялякага папярэдняга плана, проста ў выніку з’яўлення неспадзяванай дзіркі ў бюджэце.

 

Лагвінец: Улады, верагодна, будуць спрабаваць нешта мяняць. Былі прыклады, калі яны прымалі непапулярныя меры, як, напрыклад, адмена льгот. Але на комплексны падыход яны не пойдуць, бо гэта пагражае ім страціць кантроль над эканомікай, грамадствам і ўрэшце страціць уладу.

 

Як увесці змены з найменшымі сацыяльнымі выдаткамі?

 

Сінкевіч: Разумна правесці дэнамінацыю не цяжка. Беларускія ўлады маюць нядрэнны вопыт у падобных праектах. Ключавым пытаннем тут з’яўляецца шырокае інфармаванне насельніцтва і абсалютная празрыстасць працэсу замены грашовых знакаў.

Што тычыцца пенсійнай рэформы, то яна будзе ў любым выпадку балючай. Адзіны спосаб яе змякчыць – гэта расцягнуць у часе. Але акурат часовага рэсурсу ў беларускіх уладаў, сапраўды, няшмат.

 

Лагвінец: Любыя рэформы патрабуюць сродкаў. Аўтарытарызм замарозіў шмат якія працэсы ў эканоміцы і грамадстве. Галоўнае пытанне: як у выніку рэформаў павялічыць магчымасці людзей і даходы сямейных гаспадарак? Важна мець народны мандат, спрыяць салідарнасці і стварыць дзейныя механізмы абароны найбольш уразлівых пластоў грамадства.

Неабходна, каб патэнцыял эканамічна актыўных грамадзян быў напоўніцу выкарыстаны, а дзяржава праз добрыя законы і дбанне пра іх выканне забяспечыла адпаведныя ўмовы для стваральнай працы, выкараняла карупцыю і бюракратызм, забяспечвала справядлівае пераразмеркаванне грамадскіх дабротаў.

 

Ці з’яўляецеся вы прыхільнікам павелічэння пенсійнага ўзросту?

 

Сінкевіч: Нельга адмаўляць, што сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі з 1932 года істотна вырасла, а пенсійны ўзрост у 55 і 60 год з таго часу не змяняўся. Таму перамены сапраўды саспелі. Найбольш справядлівым з’яўляецца індывідуальны падыход да пенсійнага ўзросту з улікам меркавання самога працоўнага.

 

Лагвінец: Пенсійная рэформа непазбежная, гэта прызнаюць усе. Але, па маім меркаванні, павелічэнне пенсійнага ўзросту ў беларускай сітуацыі не можа быць панацэяй.

 

Ці розніца ў пенсійным узросце (55 годоў для жанчын і 60 год для мужчын) гэта неапраўданая дыскрымінацыя?

 

Сінкевіч: У свеце будучыні аднатыпная планка будзе лічыцца састарэлым інструментарыем з ХХ стагоддзя. На змену ідзе індывідуальны падыход і адказны выбар кожнага чалавека. Гэтай трансфармацыі павінен папярэднічаць перыяд адпаведнага выхавання, а таксама стварэння механізмаў індывідуальнага пенсійнага страхавання. Але пакуль у Беларусі гэтага няма, таму даводзіцца мераць людзей старой агульнай меркай.

У гэтым сэнсе розны пенсійны ўзрост для мужчын і жанчын сапраўды шмат у чым апраўданы, паколькі існуюць такія фактары, як розная фізічная вынослівасць, вялікая сацыяльная нагрузка на маці, асабліва на адзіночак і шматдзетных.

За апошнія 30-50 гадоў адбыліся сур’ёзныя змены ў гендэрнай парадыгме, рэзка ўзрасла доля свядома бяздзетных сем’яў, што дало падставы казаць як аб дыскрымінацыі жанчын, якіх рана адпраўляюць на пенсію, так і аб дыскрымінацыі мужчын, якія вымушаныя працаваць “на знос”.

Тым не менш, я лічу, што ўвядзенне адзінага пенсійнага ўзросту ў дадзенай сітуацыі не прынясе карысці Беларусі, а толькі замацуе негатыўныя дэмаграфічныя тэндэнцыі.

 

Лагвінец: Я згодзен з экспертамі, якія у рамках распрацовак “Народнай праграмы” прыйшлі да высновы, што розніцу ў пенсійным узросце давядзецца выроўніваць. Гэта частка сусветнай практыкі. Але скасаванне розніцы – таксама не панацэя.

 

Якая пенсійная сістэма ў цяперашняй эканамічнай сітуацыі больш падыходзіць Беларусі?


Сінкевіч: Я прыхільнік змешанай пенсійнай сістэмы з назапашвальным страхаваннем для больш самастойнай і адказнай часткі грамадства, а таксама захаваннем гарантаванага фіскальнага забеспячэння для грамадзян, якія схільныя перакладаць частку сваёй адказнасці за будучыню на астатняе грамадства. Адначасова павінна весціся тлумачальная праца аб перавагах назапашвальнай сістэмы.

 

Лагвінец: На маю думку, для Беларусі найбольш пасуе змешаная пенсійная сістэма: частка пенсіі па-ранейшаму павінна гарантавацца дзяржавай, а другая – паходзіць з асабістых пенсійных рахункаў грамадзянаў. Хачу падкрэсліць, што паспяховасць пенсійнай рэформы будзе наўпрост звязаная з эканамічнай мадэрнізацыяй, а таксама дэмаграфічным аднаўленнем нацыі.

 

Ці будуць дэнамінацыі спадарожнічаць іншыя палітычныя ці сацыяльна-эканамічныя рэформы?


Сінкевіч: Беларускія ўлады досыць кансерватыўныя пры правядзенні любых рэформ, таму я лічу малаверагоднымі якія-небудзь буйныя эксперыменты ў працэсе дэнамінацыі.

Хутчэй за ўсё, гэты працэс, калі ён сапраўды пачнецца, будзе праведзены па аналогіі да дзвюх папярэдніх дэнамінацый і без прывязкі да іншых палітычных і сацыяльна-эканамічных зменаў. Прынамсі, калі сітуацыя ў эканоміцы будзе адносна стабільнай.

 

Лагвінец: Дэнамінацыя – гэта праява непрафесійнай эканамічнай палітыкі і манетарнага авантурызму. Пытанне ізноў жа не ў чарговай дэнамінацыі, якая будзе працягваць інфляцыйную спіраль, а ў комплексных захадах па стабілізацыі нацыянальнай валюты: гарантаваная аўтаномнасць Нацбанку, абмежаванне грашовай эмісіі, аптымізацыя выдаткаў з дзяржаўнага бюджэту, збалансаванне гандлёвага звароту праз стымуляванне росту экспартнага патэнцыялу, змяншэнне энэргаёмістасці эканомікі і прыцягненне прамых замежных інвестыцыяў.

 

Што рабіць насельніцтву, каб рэформы прайшлі для яго найбольш бязбольна?


Сінкевіч: Дзяржаўныя рэформы найменшым чынам б’юць па тых людзях, якія найменш ад іх залежаць.

Таму найважнейшым сродкам страхавання ад непажаданых наступстваў будучых рэформаў з’яўляецца дыверсіфікацыя сваёй дзейнасці, апора на ўласныя сілы, блізкіх сяброў і сваякоў.

Менавіта гэта з’яўляецца працэсам станаўлення грамадзянскай супольнасці. Пакуль гэта не будзе завершана, насельніцтва і дзяржава будуць успрымаць адзін аднога як нейкія чужародныя субстанцыі, якія толькі і думаюць, як адзін аднога падмануць.