Памяць пра Слуцкае паўстанне: “Пару чалавек прыходзяць са сцягамі”

|

Адзінае, што зараз можа нагадаць мясцовым жыхарам пра тое, што тут калісці было антыбальшавіцкае паўстанне, гэта крыж у вёсцы Грозава. На самым прыпынку сустракае вязізны крыж з надпісам у памяць палеглых тут жыхароў, што змагаліся за незалежнасць гэтых мясцін.

 

Пытаю ў мясцовых старажылаў, ці памятае хто пра гэта паўстанне? “Помніць та мы помнім, толькі гаварыць нічаво не будзем”“Чаму?”“Да мая маці ў 30-ых неяк узгадала пра паўстанне і пра тое, як мясцовыя тут змагаліся – дык праз пару дзён знікла і вярнулася толькі пасля вайны”.

 

Пытаюся, ці можа мясцовыя актывісты ладзяць нейкае свята ў лістападзе. “Ды пару чалавек прыходзяць са сцягамі, ну і бывае з Мінску нехта прыязджае”.

Памятны крыж у Семежаве

 

Для мясцовай моладзі гэтае свята ў лістападзе абсалютна незразумелае, бо ніякай зацікаўленасці гісторыяй тут няма і, як мне падаецца, яна проста выбіта вайсковым савецкім ботам ці вынішчана сядзеннем у лагерах.

 

Склалася даволі цікавая сітуацыя – мясцовае насельніцтва пасля самога паўстання пачало з’яджаць і на вызваленую тэрыторыю прыязджалі людзі з усходу, яны і прывівалі савецкую ўладу. Пра былую веліч Грозава нагадваюць рэшткі палаца, што дзіркамі вокнаў запрашае да сябе мясцовых птушак.

 

Вёска Семежава,  дзе былі адныя з самых цяжкіх баёў у 1920-ым і якая не раз пераходзіла з рук у рукі, таксама сустрэла нас невялічкім крыжом у памяць змагароў за незалежнасць. Тут ведаюць пра тыя баі толькі прыезджыя. Мясцовыя, як мы пабачылі, могуць хіба стаяць побач з крыжом і піць “вкуснае-недарагое”, не ведаючы нічога пра падзеі, у якіх, цалкам магчыма, маглі прымаць удзел і іх дзяды альбо прадзеды.

 

Падарожжа пакінула сумны настрой і адбіла на будучыню якое-кольвек жаданне ехаць у край, дзе пра пралітую кроў усе забыліся.

Памятны знак у Грозаве. Макет помніка з музея ў Старых Дарогах

 

Каля захочацца ўзгадаць пра Слуцкае паўстанне, я лепш паеду ў Старыя Дарогі, дзе ў музеі Анатоля Белага сабраныя ўнікальныя матэрыялы па гісторыі падзей 1920 года. Сярод іх рэдкія фатаграфіі і партрэты кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання. Тамжа выстаўленыя два макеты помнікаў паўстанцам. Іх у розныя гады прапаноўвалі ўсталяваць у Слуцку, але пытанне так і не было вырашана станоўча.

 

Здымкі kurjer.info