Выстава да 150-годдзя беларускай чыгункі адкрыецца ў Старым замку

|

Загадчык аддзела найноўшай гісторыі, Андрэй Вашкевіч:

 

Выстава распавядзе пра ўвесь гістарычны шлях чыгункі на Гарадзеншчыне: дарэвалюцыйны час, міжваенны перыяд, пасляваенны.

У час падрыхтоўкі выставы была зроблена вялікая праца.

Акрамя фондаўскіх матэрыялаў, мы пакажам і тое, што мэтанакіравана шукалі, збіралі цягам года, сустракаліся з калекцыянерамі, ветэранамі чыгункі. Таму будзе многа цікавага: копіі першых здымкаў Гродна, зробленых вянгерскім фатографам Антонам Рорбахам, які спецыяльна прыехаў фатаграфаваць будаўніцтва Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі, шмат дакументаў, фотаздымкаў, паштовак, розныя чыгуначныя прадметы (ліхтары, станцыйны звон, рэйкі, тэлеграфныя апараты, форма чыгуначніка).

 

Наведнікі ўбачаць макет гістарычнага будынка гродзенскага вакзала, зроблены Ігарам Лапехам і ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка  Цэнтра творчасці дзяцей і юнацтва, а таксама больш за 30 макетаў паравозаў і цягнікоў, якія вырабляе гарадзенец Пётр Горбач.

Выстава адкрыецца ў Старым замку ў 16 гадзін 6 снежня.