У Гродне арганізацыі і ініцыятывы маюць вялікую патрэбу ў валанцёрах

|

Утульная атмасфера Кальяннай спрыяла стварэнню даверлівых адносін. Людзей было няшмат, многія ўжо былі знаёмыя адзін з адным. Але адметнасцю гэтай сустрэчы стала тое, што пад адным дахам сабраліся амаль ўсе валанцёрскія ініцыятывы і арганізацыі, якія працуюць з валанцёрамі.

 

Каардынатарка міжнародных праектаў у праграме “Моладзь у дзеянні” Алеся Бяленік распавяла пра свой досвед працы з прыёмам валанцёраў з Польшчы ў “Цэнтры “Трэці сектар”.

 

Хто такі валанцёр? Што такое валанцёрства? У беларускім заканадаўстве няма дакладанага азначэння гэтых тэрмінаў, таму часам узнікаюць юрыдычныя праблемы з афармленнем валанцёрскай дзейнасці.

 

Алеся агучыла важныя моманты з пункту гледжання таго, як можна прыцягнуць да сваёй дзейнасці валанцёраў – трэба думаць, што можна прапанаваць гэтым людзям, бо валанцёры таксама павінны атрымліваць штосьці ад сваёй бясплатнай дзейнасці. Гэта можа быць самарэалізацыя, магчымасць падарожнічаць, зведваць нешта новае і цікавае, сустрэчы і знаёмствы з новымі людзьмі і г.д. Момант матывацыі абавязкова павінен прысутнічаць.

Удзельнікі сустрэчы размясціліся ва ўтульнай Кальяннай №4

 

На сустрэчы кожная валанцёрская ініцыятыва змагла прэзентаваць сваю дзейнасць. Ініцыятыва “Ружовы слон”, якая працуе з дзецьмі-сіротамі, паказала цікавае відэа. Прадстаўніца “Крок насустрач” прэзентавала сваю ініцыятыву праз прызму гісторыі асабістага жыцця валанцёра.

 

Прадстаўніца грамадскай арганізацыіі па ахове жывёл “Адданае сэрца” падкрэсліла, што ў нармальным здаровым грамадстве заўсёды добрыя адносіны да жывёлаў, у тым ліку бадзялых.

 

З прэзентацыі “Зялёнага Гродна” ўдзельнікі сустрэчы даведаліся пра нераст ласося і пра тое, што бабры, аказваецца, ворагі гэтай рыбы і сапраўдныя злодзеі, бо валяць мноства дрэваў. Прадстаўніца гэтай ініцыятывы патлумачыла, што валанцёрская дзейнасць, акрамя асноўнага накірунку, дапамагае ёй даведвацца пра многія цікавосткі са смежных сфер, то бок валанцёрства не звужваецца да чагосьці спецыфічнага.

 

Сваю дзейнасць прадставілі таксама “Хрысціянскі валанцёрскі рух святога Мікалая”, які працуе ў гарадзенскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей з асаблівасцямі развіцця, “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ды “Таварыства аховы помнікаў”.

 

Пасля прэзентацый прадстаўнікі розных ініцыятыў падыходзілі адзін да аданаго, дамаўляліся пра магчымасці сумесных мерапрыемстваў. Гэта і была галоўная мэта сустрэчы – пазнаёміць усе валанцёрскія ініцыятывы і арганізацыі Гродна і дамагчыся таго, каб яны знайшлі агульныя кропкі ўзаемадзеяння.

 

Зрэшты, у пэўнай ступені яны ўжо былі знаёмыя: выразнай адметнасцю Гродна ёсць тое, што некаторыя валанцёры задзейнічаныя ў некалькіх ініцыятывах адначасова.

 

align=”left” alt=”Юлія Каляда” >

Юлія Каляда, арганізатарка сустрэчы: “Мне асабіста вельмі цяжка бачыць, што за апошнія 5-7 год моладзь прамяняла рэальнае жыццё на інтэрнэт. Усе сядзяць за кампутарамі, праз іх праходзіць агромны паток інфармацыі, але што адбываецца ў рэальным жыцці яны ўсё ж не ведаюць.


А ў рэальным жыцці шмат праблем: есць хворыя людзі, ёсць дзеткі без бацькоў, ёсць бяздомныя жывёлы і ўсе яны патрабуюць дапамогі рэальнага чалавека. Арганізацыі і ініцыятывы, якія ўзялі на сабе груз вырашэння гэтых праблем, маюць вялікую патрэбу ў дапамозе дабраахвотнікаў.


Сустрэча ладзілася для таго, каб гарадзенцы маглі больш давецца пра валанцёрскі рух у Гродне. На жаль, людзей “з вуліцы” сёння было няшмат. Але карысны вынік ёсць: на сустрэчы многія з актывістаў упершыню пачулі адзін пра аднаго, нехта ўжо прыдумаў сумесныя мерапрыемствы.


Мы вырашылі, што калі гарадзенцы да нас не ідуць, мы самі да іх пойдзем. Для таго, каб знайсці новых валанцёраў, прэзентацыі і падобныя сустрэчы будзем ладзіць часцей”.


Здымкі аўтаркі