Гарадзенцы пабачылі “Здымаць на паражэнне” першымі
Кірыл Нонг (на здымку) – 23-гадовы беларускі рэжысёр, які навучаўся ў Нью-Ёркскай кінаакадэміі. Свой шпіёнскі баевік з элементамі камедыі Нонг прадставіў свету восенню гэтага года – прэм’ера 49-хвіліннай стужкі ў інтэрнэце адбылася 20 кастрычніка. Адкрытай прэзентацыі ў афлайне не было да гэтага часу – Гродна стаў першым горадам, дзе фільм паказалі публічна.
Бюджэт
Ледзь не першае, што сказаў стваральнік стужкі пасля сеанса: “Гэта не камерцыйны праект. Кіно здымалася для асабістага партфоліа”.
На ўсё выдаткі мелася толькі 3000 даляраў. Каб укласціся ў бюджэт, рэжысёр тры месяцы збіраў рэквізіт і рыхтаваўся да здымкаў. Акторамі сталі сябры Нонга, якія працавалі толькі “за ідэю”. Людзі, у якіх прасілі дапамогу, звычайна ахвотна згаджаліся паўдзельнічаць у стварэнні карціны. Так на экране з’явіліся два BMW і атрад як належыць апранутага спецназа. Ролю спецназа выканала каманда страйкбалістаў.
Грошы спатрэбіліся для здымкаў сцэны з верталёта. Пасля кінапрагляду рэжысёр разбурыў блукаючы ў сеціве міф, што кіно з такім абмежаваным бюджэтам не пацягнула б сцэну з верталётам. У мінскім гатэлі “Robinson Club” можна арэндаваць верталёт нават на 15 хвілін. Чвэрць гадзіны ў паветры будзе каштаваць 1,1 мільёна беларускіх рублёў. Больш часу на здымкі сцэны рэжысёру і не трэба было. Адкрыць кашалёк прыйшлося, каб зняць сцэну ў рэстаране. Дазвол на здымкі таксама каштуе грошай.
Канчатковы бюджэт стужкі склаў 2,5 тысячы даляраў. Але рэжысёр не зусім згодны наконт дарэчнасці слова “бюджэт”: “Фактычна, бюджэта, як такога, у карціны няма. Грошы ішлі толькі на абсалютныя патрэбы. Мае калегі ў Злучаных Штатах, калі даведаліся колькі каштаваў фільм, запыталі ў мяне, ці не маркетынгавы гэта ход”.
align=”middle” alt=”кальянная” >
Гледачы ў Кальяннай №4
Ад ідэі да мантажа
Крыху болей года прайшло ад з’яўлення ідэі фільма да яе поўнай рэалізацыі – выхада гатовага прадукта ў сеціва. Чатыры месяцы спатрэбілася для напісання сцэнарыя, восем – на здымкі і яшчэ два тыдні на пераагучванне. Паралельна здымкам фільм мантавалі.
Сам сабэ рэжысёр, сам сабэ аператар… Нонг сыграў усе ролі ў стварэнні фільма. Хіба што, не стаў акторам у сваім кіно. Ад ідэі да мантажа – усё яго аўтарства. Але пры гэтым рэжысёр адзначыў: “Людзі кажуць, што я адзін зняў фільм. Гэта няпраўда. Кіно – гэта заўсёды каманда. На пляцоўцы заўсёды са мной быў, як мінімум, адзін чалавек, які дапамагаў з абсталяваннем”.
Самай складанай сцэнай для аўтара выдалася “пагоня”. На яе здымкі збіраліся 17 разоў. У выніку з трох гадзін знятага матэрыялу на экране з’явілася пару хвілін.
Планы на будучыню
У першую чаргу аўтар “Здымаць на паражэнне” збіраецца быць рэжысёрам. Нонг спадзяецца, што з часам у яго з’явіцца свой аператар, але пакуль, калі не паступяць якія-небудзь прапановы, будзе і далей здымаць свае незалежныя праекты, як “чалавек-аркестр”. На сённяшні дзень 23-гадоваму рэжысёру такая “фішка” падабаецца.
Гледачы запыталіся ў аўтара, ці паступалі да яго прапановы ад “Беларусьфільма”. Ён адказаў, што пакуль нічога не прапаноўвалі, але з радасцю будзе разглядаць усе варыянты.
“Ажыатаж да гэтага фільма ўжо ўпаў. Я прыняў усю крытыку ў бок стужкі і ў наступным годзе думаю пачынаць здымаць новую. Магчыма, гэта будзе камедыя”.
Здымкі аўтаркі