Усе за квіткамі на матч Беларусь – Андора

Квіткі на адборачны матч чэмпіяната свету па футболе-2010 паміж зборнымі Беларусі і Андоры можна будзе набыць з заўтрашняга дня ў касах ЦСК “Нёман” у Гродна і сталічнага стадыёна “Дынама”. Кошт квітка – ад 10 да 40 тысяч рублёў.

Гродна ўпершыню прыме матч адборачнага цыклу сусветнага футбольнага чэмпіяната. Таму кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола чакае, што трыбуны будуць запоўненыя цалкам. Да гэтага нацыянальная беларуская зборная толькі адзін раз праводзіла афіцыйную сустрэчу топ-турніраў не ў Мінску: у кастрычніку 2007 года ў кваліфікацыі да Еўра-2008 беларусы, граючы ў Гомелі, саступілі камандзе Люксембурга з лікам 0:1.

Чаканую гульню ў Гродна будзе абслугоўваць судзейская брыгада са Славеніі на чале з Робертам Крайнчам. Інспектарам матча прызначаны Уладзімір Антонаў (Малдова), а камісарам – Оры Шыла (Ізраіль).

Зараз у 6-й адборачнай групе чэмпіяната свету-2010 наступная групоўка: Англія – 15 ачкоў, Харватыя – 10, Украіна – 7, Беларусь – 6, Казахстан – 3, Андора – 0. Украінцы і беларусы правялі па 4 гульні, а астатнія каманды адыгралі на матч больш. Акрамя таго, у Гродна 6 чэрвеня ў гэтай групе адбудуцца яшчэ 2 сустрэчы: Харватыя – Украіна і Казахстан – Англія.

Паводле БЕЛТА

Здымак Яраслава Ванюкевіча