Выратавальнік-герой з дня на дзень можа стаць татам. А яшчэ – быць узнагароджаным (абноўлена)

Спяшаючы на енк дзіцяці, ён зваліўся ў гарачую ваду і атрымаў апёкі пятай часткі цела.

 

Жонка Паўла расказала пра яго стан.


«НН»: Як сябе адчувае Ваш муж?


Ірына Янушкевіч: Стан стабільны. Хаця, канечне, у яго ўсё баліць. Яму пастаянна робяць уколы з абязбольваючым, пастаянна мяняюць павязкі.


«НН»: Якія часткі цела апякло?

 

ІЯ: Цалкам рукі, ногі, грудзі ад шыі.


«НН»: Вы яго бачылі?


ІЯ: Ён у рэанімацыі ляжыць, але ўдалося трапіць — размаўлялі. Але сёння яго ўжо пераводзяць у аддзяленне.


«НН»: Вы нядаўна ажаніліся?

ІЯ: Так, летам.


«НН»: Цяпер чакаеце дзіця?

ІЯ: Так. У мяне дзявяты месяц, у прынцыпе, магу раджаць.


«НН»: Павел можа вярнуцца з бальніцы татам.

ІЯ: Мусіць, так і будзе. Бо лячэнне зойме не менш за месяц. Напэўна, мне давядзецца выязджаць з радзільні адной і ехаць да таткі ў іншую бальніцу.


«НН»: У яго такая прафесія — людзей ратаваць. Не страшна было да гэтага выпадку на дзяжурствы яго адпраўляць?

ІЯ: Кожны раз надта страшна. Але ён моцна любіць сваю працу, ён — патрыёт прафесіі. І складана было б яго адгаварыць пакінуць МНС.


«НН»: Вашая кватэра ўчора таксама засталася без цяпла?

ІЯ: Не. Я жыву на Дамброўскага, а там нічога не зачапіла.


«НН»: Чытачы пытаюцца, якім чынам Вашай сям’і можна цяпер дапамагчы.

ІЯ: Дапамогу і нам прапаноўваюць, але мы пакуль даём рады самі. Ніякіх лекаў не патрабуецца — усё лячэнне ён атрымлівае ў бальніцы. А маральна прыемна, што пішуць, падтрымліваюць. Я ганаруся сваім мужам. І прыемна, што ні я адна.

 

«НН»: Усяго Вам найлепшага, а Вашаму мужу-герою словы глыбокай павагі ад чытачоў «Нашай Нівы».


Як стала вядома “Твайму стылю”, 19 снежня на брыфінгу ў аблвыканкаме з нагоды ўчорашняга надзвычайнага здарэння, старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра даручыў падрыхтаваць дакуманты для ўзнагароджання Паўла за яго мужны ўчынак.