Заходнія інвестары прыходзяць у СЭЗ у рамках інтэрвенцыі на Усход

У 2012 годзе ў СЭЗ увайшлі з інвестыцыямі дзве краіны: Польшча і Латвія, у 2011 годзе іх было дзевяць.

 

Па словах намесніка кіраўніка адміністрацыі Дзмітрыя Ражкова, “бум” 2011 года хутчэй звязаны са зменамі ва ўмовах рэгістрацыі:

 

align=”left” alt=”Дзмітрый Ражкоў Дмитрий Рожков” >

Нельга сказаць, што, калі прыйшло 9 краін-інвестараў – гэта добра, а дзве – гэта дрэнна. Па вялікім рахунку, калі іх будзе адна ці дзве, але глабальных і сур’ёзных, то яны перакрыюць па інвестыцыйных укладаннях унёсак мноства дробных інвестараў.

У 2011 годзе мяняліся ўмовы дзейнасці для рэзідэнтаў СЭЗ, таму многія прадпрыемствы хацелі заявіць свае ідэі. Хто зарэгістраваўся год назад, рэалізоўваў праекты ў 2012 годзе. Пачаткоўцы гэтага года будуць будаваць вытворчасці, пашырацца і мадэрнізавацца ў 2013-2014 гадах”.

 

У раёне “Грандзічы” ў 2013 годзе будзе працягваць рэалізоўвацца праект па будаўніцтву вытворча-складскога комплексу “Контэ Спа”. Прыступаюць да пашырэння вытворчасці ў раёнах Аульс і Грандзічы кампаніі групы ЗОВ: “Зов-пліта” і “ЗовЛенЕўрамэбля”.

 

Тамжа пачне будаўніцтва вытворчая кампанія “Меркурый”. Цяпер у іх ідзе распрацоўка зямельнага ўчастка на скрыжаванні недалёка ад Гродзенскага мясакамбіната. Побач будзе пашырацца і прадпрыемства “КВІНФУД”, якому ў гэтым раёне таксама выдзелены зямельны ўчастак.

Новы стэнд, які паказвае тэрыторыю СЭЗ з улікам апошніх пашырэнняў. Націсніце, каб пабачыць у большым памеры

 

У раёне “Новая Гожа” плануюць будаўніцтва Біякам Тэхналогія, Эдэм і Белабедзінг. Латвійскае ТАА “ЭкспартОдры” плануе рэалізацыю інвестыцыйнага праекта па вытворчасці светапразрыстых канструкцый (вокны, дзверы і г.д.) і інтэр’ерных вырабаў на гэтым участку. Ужо вядзецца праектаванне вытворчых плошчаў, якія размесцяцца на тэрыторыі былога ваеннага гарадка ў Новай Гожы. Вытворчасць плануецца запусціць у 2013-14 гадах.

 

Асвойваецца новы ўчастак у раёне “Калбасіно”. ТАА “Утульны Еўрадом Прэміум” прадугледжвае будаўніцтва вытворча-складской базы і адміністрацыйна-бытавога корпуса. Прадпрыемства ўкладзе 1,2 млн еўра ў вытворчасць канструкцый з дрэва і пластыка.

 

Некаторыя прадпрыемствы знаходзяцца на стадыі распрацоўкі праектаў землеадводу ў гэтым раёне. Пакуль ўчасткі ім не выдзелены.

 

У раёне “Аульс” у 2013 годзе будзе актыўна працягвацца развіццё інжынернай інфраструктуры.

 

У гэтым годзе СЭЗ “Гроднаінвест” актыўна займалася правядзеннем электрычнасці, газу і каналізацыі для прадпрыемстваў, якія будуць рэалізоўваць свае інвестыцыйныя праекты на тэрыторыі гэтага ўчастка.

 

У 2013 годзе тут запусціцца ТАА “БелЦеплаПласт” – прадпрыемства па вытворчасці уцяпляльнікаў: мінеральнай ваты, цеплаізаляцыйных пенапалістырольных пліт. Цяпер ідзе праектаванне зямельнага ўчастка і заказ абсталявання. У планах па мадэрнізацыі на гэтай тэрыторыі прадпрыемствы БелГро і Навігатар.

 

У раёне “Абухава” ёсць вельмі сур’ёзны праект па транспартнай лагістыцы. У сілу сваёй капіталаёмістасці праект ужо некалькі гадоў знаходзіцца на стадыі падбору інвестараў.

 

Улетку гэтага года праектам зацікавілася кітайская кампанія Sinohydro Corporation Ltd. Прадстаўнікам кампаніі паказалі вытворчыя плошчы і зямельныя ўчасткі, у тым ліку тэрыторыю гродзенскага аэрапорта.

 

Як кажа Дзмітрый Ражкоў, раён Абухава ва ўвязцы з Аульсам у будучыні з’яўляецца перспектыўным:

 

Лагістычны цэнтр можа апрацоўваць розныя тыпы грузаў. Гродзенскі аэрапорт акурат трапляе на тэрыторыю свабоднай эканамічнай зоны. Пабудаваць еўрасклад – гэта не праблема. Аднак ён будзе стаяць пусты. Патрэбен лагістычны аператар, які мае свой транспартны ланцуг Расія-Еўропа, напрыклад.

 

Беларускі ініцыятар пакуль прыпыніў праект. Шукае суінвестараў. Кітайская кампанія, у сваю чаргу, гатова ўдзельнічаць у праекце. Аднак ніхто не кажа, што ад праекта хтосьці цалкам адмаўляецца. Будзе ён з адным інвестарам або з іншым – у любым выпадку будзе. Бо гродзенскі рэгіён цікавы інвестарам па прычыне свайго памежнага месцазнаходжання”.

 

Што тычыцца ўваходжання новых прадпрыемстваў у склад СЭЗ “Гроднаінвест”, ужо ў пачатку студзеня 2013 Гроднатаргмаш збіраецца папоўніць шэрагі свабоднай зоны. Прадпрыемства ўжо прадаставіла бізнэс-план у адміністрацыю.

 

Нягледзячы на стратную працу і зрыў інвестыцыйнага праекта 2010 года па выніках праверкі Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці, ААТ “Мастоўдрэў” мае шанцы ўвайсці ў 2013 годзе ў Гродзенскую СЭЗ і рэалізаваць новы праект.

 

Усе праекты, якія рэалізуюцца ведамаснымі прадпрыемствамі, праходзяць разгляд у галіновых міністэрствах альбо канцэрнах. Свабодныя эканамічныя зоны не рэгіструюць прадпрыемства без іх ўзгаднення.

 

Прадпрыемства павінна прыйсці ў СЭЗ з канкрэтным інвестыцыйным праектам. Цяпер Мастодрэў знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі дакументацыі. Калі ў іх будзе перспектыўны план развіцця на 5-7 гадоў, там і будзе бачна, як яны будуць перакрываць свае страты, – працягвае спадар Дзмітрый. – Першы год, два, тры прадпрыемства будзе недаплачваюць падаткі, але гэта будзе зачынам для таго, каб праз пару гадоў істотна нарасціць аб’ёмы вытворчасці і перакрыць тыя прэферэнцыі, якія спачатку яму дае дзяржава”.

 

У Беларусі СЭЗ занялі нішу для працы з малым і сярэднім інвестарам. Гэта праекты ад 1 да 5 мільёнаў еўра.

 

Нам бы хацелася мець больш. Але чым больш сумы грошаў, тым больш гэтыя грошы “палітычныя”. Прыходзіць буйны інвестар і пачынае патрабаваць для сябе нейкіх асаблівых прэферэнцый, льготных сыравінных рэсурсаў. Калі ім укладваюцца сотні мільёнаў даляраў, ён хоча, каб была ўладкованая ўся інфраструктура. СЭЗ жа абмежаваныя ў сваіх рэсурсах. Хоць у нас ёсць прадпрыемствы, якія інвеставалі і 20, і 30 і 50 мільёнаў. Але такіх адзінкі”.

 

Адной з асаблівасцяў гродзенскай СЭЗ з’яўляецца прысутнасць вялікай колькасці беларускіх інвестараў.

 

У свой час у Польшчу прыйшло шмат замежных інвестараў, цяпер яны рухаюцца на Усход. Ёсць інвестары, якія прыходзяць толькі са сваіх краін. Напрыклад, з Аўстрыі і ЗША.

 

У лідскім “ЛітехБел” з польскага боку сабралася некалькі вытворцаў асвятляльнага абсталявання. Па вялікім рахунку, гэта вынас вытворчасці ў іншую дзяржаву. Для нас ад гэтага толькі выгада: падаткі ж плацяцца ў наш бюджэт”.

 

Для Гроднаінвест не самамэта зарэгістраваць як мага больш прадпрыемстваў. Зараз вельмі важна падтрымліваць дзеючыя вытворчасці, каб ствараліся працоўныя месцы і ў будучыні нарошчваліся аб’ёмы вытворчасці.

 

     
 

ДАВЕДКА


На канец 2012 года ў склад СЭЗ “Гроднаінвест” уваходзіць 94 прадпрыемствы, з іх 6 зарэгістравана ў гэтым годзе. Сярэднямесячны аб’ём вытворчасці ў 2012 годзе больш за 60 мільёнаў еўра. Прадпрыемствы СЭЗ даюць больш за 20% экспарту Гродзенскай вобласці.

 

На сённяшні дзень у СЭЗ працуе 16 800 чалавек. На аднаго працоўнага ў СЭЗ прыбытак па стане на кастрычнік 2012 года складае 47 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэта самы высокі паказчык сярод усіх СЭЗ Беларусі.


Прадукцыя экспартуецца ў 33 краіны свету. Задзейнічаны інвестыцыі з 22 краін. Па стане на канец 2012 года інвестыцыі ў асноўны капітал СЭЗ склалі каля 520 мільярдаў беларускіх рублёў.