Загадана выжыць

Аднойчы я ўбачыла ва ўніверсітэце хлопца ў інваліднай калясцы. Ён стаяў і чакаў, калі яго забяруць з заняткаў. Мяне гэта ўразіла і я стала лавіць сябе на думцы, што не бачу на вуліцах людзей у калясках. Можа, у нашым горадзе іх няма? Ці можа нашы шляхі не перасякаюцца? «Лезу» ў Інтэрнэт. Ага, аблвыканкам падарыў 383 інвалідныя каляскі тым, каму яны патрэбны. Значыць, хоць адзін з 383 павінен быў мне трапіцца… Прычыны шукаю на вуліцы. У якасці эксперыментальнай «пляцоўкі» выбіраю раён Фартоў. Пройдземся разам па яго дварах і вулачках?

Калі добра пашукаць, можна сустрэць дамы, дзе ёсць спецыяльныя «скаты» на прыступках для інвалідных калясак. Але некаторыя з іх такія стромкія, што трэба, напэўна, быць акрабатам, каб з іх спусціцца, а тым больш падняцца! Рукі павінны быць вельмі моцныя, калі хочаш абыходзіцца без дапамогі ды застацца пры гэтым жывым. На Болдзіна ўвогуле бачу «прыгожую» карціну: для тых, хто любіць экстрым, спуск з трамплінам.[1]

>

Асноўная праблема ўсіх «скатаў» і дарожак у тым, што яны ў большасці сваёй занадта вузкія: вельмі складана з`язджаць па іх ці разварочвацца. Але гэта праблема тычыцца тых нешматлікіх пад`ездаў, дзе гэтыя дарожкі ўвогуле ёсць. Тры чвэрці дамоў не маюць ніякіх спускаў для інвалідных калясак.[2]. А значыць, не маюць і… праблем.

Добра, няхай неяк інвалід справіўся з гэтай напасцю. Што далей? Напрыклад, хочацца яму адпачыць – заехаць у дворык, парк, на дзіцячую пляцоўку, паглядзець на адпачываючых людзей… А тут – новая перашкода: высокія бардзюры агароджваюць двары і пляцоўкі, нібыта ўмацаванні супраць ворагаў.[3] Калі іх усталёўвалі, думалі далёка не аб усіх жыхарах раёну. А тое, што ад бардзюра ў двор ідзе плаўны спуск, выглядае як здзек.[4]

Ёсць людзі, якія разумеюць цяжкасці інвалідаў. Напрыклад, на пр. Будаўнікоў жыве чалавек, які перамяшчаецца на калясцы. Дык у пад`ездзе яго дома жыхары самастойна зрабілі дадатковы спуск, праўда, не зусім адпаведны. Вядома, яны ж не архітэктары. Таму інвалід заўсёды просіць дапамогі. [5]

Яшчэ для яго залілі цэментам бардзюр, каб зручней было даехаць да асабістага гаражу.[6] Як расказаў мне мясцовы жыхар, па закону людзям «без ног дазвалялася мець гараж недалёка ад дому. Праўда, фізічна здаровыя людзі таксама скарысталіся гэтым правам, і каля законнага гаража з`явіўся яшчэ адзін, не зусім законны.[7]

Пра знакамітыя фартоўскія лесвіцы і казаць няма чаго – самі паглядзіце.[8] Нібы сапраўды, да гэтай пары абараняемся ад ворагаў шэрагам умацаванняў і перашкод. А гэтыя лесвіцы, дарэчы, для некаторых дамоў – адзіныя блізкія шляхі на прыпынак ці, напрыклад, на рынак. Калі не лесвіцы і прыступкі, дык узгоркі… Але прабачце, людзі, тут не кожны фізічна здаровы чалавек забярэцца ўверх.[9]

Сітуацыя з грамадскім транспартам увогуле жахлівая: і прыступкі высокія, і транспарт далёка ад тратуара становіцца. Тут бабулькам цяжка забрацца, а чалавеку на калясцы што рабіць?..[11]

Узгадаем светлафоры: бардзюры як бы і зменшылі, вось толькі ці хапае гэтага?[12]

Вырашыла наведаць раённую баню. Паглядзім, ці створана яна для ўсіх грамадзян. Была прыемна здіўлена: дарога да бані вельмі зручная – бардзюр плаўна пераходзіць у асфальт, праехаць на калясцы вельмі лёгка.[13] Каля уваходу ёсць спуск з невялікім вуглом нахілу.[14] Але у тым месцы, дзе інвалідная каляска павінна разварочвацца, стаіць…сметніца. Вось так – «праезд закрыт» – не сунешся, каб у гэтую сметніцу не трапіць.[15]

Крыху расчараваная, іду далей. Па дарозе з`явілася думка: што б я рабіла, калі б у жаночую распранальню заехала жанчына без ног. Не думаю, што адчула б непрыязнасць, хутчэй здзіўленне. А калі ёй патрэбна была б дапамога? Тут я нават спынілася. Не буду хлусіць, але хутчэй за ўсё я не прапанавала б сваю. Сорамна. Трэба змяняць пазіцыю. Нейкі рускі класік сказаў, што літасць прыніжае чалавека, на якога яна накіравана. Толькі, на самой справе, глупства ён сказаў. Людзі хаваюць сваю літасць, і яна перарастае ў раўнадушша…

Вось і Пышкі, месца адпачынку гродзенцаў. Праўда, толькі тых, хто пераадолее высокія бардзюры.[16]

Цяжка жыць, калі ты па стане здароўя не такі, як большасць. Нават у аптэку сам не трапіш, калі раптам з`явіцца неабходнасць. І тэлефонныя апараты вісяць высока. 17. Добра, што ў некаторых крамах пачалі вырашаць пытанне. Файны раз`езд зроблены ў краме «Переселка» на пр. Будаўнікоў[18], краме «Западный» на вуліцы Дамброўскага.

Зразумела, што справа не толькі ў дарогах і вуліцах…

Чаму самі людзі не прымаюць «калясачнікаў»? Усе мы – паўнапраўныя грамадзяне, але адны карыстаюцца сваімі правамі, а іншыя не могуць жыць нармальным жыццём? Чаму на ўзроўні падсвядомасці сядзіць нейкае брыдкае пачуццё да людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі? Чаму ад грамадства хаваюць такіх людзей, чаму іх так часта аддаюць у спецыяльныя дамы, дзе яны вымушаны адчуваць безсэнсоўнасць свайго жыцця? Столькі пытанняў, і хоць бы адзін адказ!..

Сёння грамадства лічыць сябе дастаткова гуманным і маральным, а дзяржава ганарыцца сваёй сацыяльна-арыентаванай палітыкай. Усё выглядае так спакойна і так трывала добра…

А цяпер здымем акуляры. Мы нібыта жывем у двух паралельных сусветах і, калі яны перасякаюцца, напрыклад, мы сустракаем чалавека на калясцы – нам становіцца няёмка, неўтульна, хочацца хутчэй збегчы. А потым становіцца сорамна. Сорамна ад таго, што такія пачуцці ўвогуле маглі ўзнікнуць.

Вольга Корсун