Яго аўто ў стылі рэтра



Гісторыя аднаго рэстаўратара

 

Калі ступаеш праз браму двара спадара Мукасея, пытанні аб маштабах яго захаплення рэтра-аўтамабілямі самі сабой знікаюць. Погляд упіраецца ў пяць зімуючых аўто савецкага перыяду.

 

Любоў да рэтра-аўто ў Сяргея Мукасея выявілася пры выбары першай машыны. У часы квітнеючага СССР, вярнуўшыся з войска, ён ажаніўся і абзавёўся асабістым транспартам. Выбар маладога хлопца паў на 412-ы, тады новы “Масквіч”, і на 402-і, больш стары. Перавага засталася за старой мадэллю, на рашэнне паўплывалі яе акруглыя формы.

 

 

Раней рэмантаваць аўтамабілі ў аўтасалоне было раскошай. Сяргей абслугоўваў свае аўто самастойна. Так, змяняючы цягам жыцця машыны, ён стаў майстрам у галіне рамонтаў.

 

Сёння рэстаўратар са стажам – індывідуальны прадпрымальнік па грузаперавозках і арэндзе рэтра аўтамабіляў. У пракаце задзейнічана ўся яго рэтракалекцыя.


Ажыўленыя машыны Мукасея

 

Калі абысці вакол дома сцежкай у кшталце літары “Г”, прыходзіць думка, што першае ўражанне ад маштабаў “хобі” было далёка не поўным. Усе значна сур’ёзней. За домам некалькі гаражоў, застаўленых і завешаных усялякімі магчымымі запчасткамі. Ведаю дакладна: тут пустымі гаражы стаяць не могуць.

 

Семь машын працуюць, яшчэ чатыры чакаюць рэстаўрацыі. Гэта не ўлічваючы аўтамабіляў-донараў. Машыны Сяргея бегаюць мала. Гаспадар смяецца – ён адзін, а іх шмат. Аўто выязджаюць з асаблівай нагоды. Звычайна на выставы ці калі іх бяруць напракат.

 

 

У калекцыі Мукасея ёсць “Волгі” і пару “ЗІМаў”. Калісьці “ЗІМы” лічыліся вельмі крутымі тачкамі. Машына прадстаўнічага класу, прызначаная вазіць савецкіх партыйных шышак. У народзе ей далі мянушку “членавоз”. У аўтамабіля быў шыкоўны на той час салон, у якім нават вылучалася месца для аховы. (на здымку злева направа трэці і апошні)

 

Сярод аўто Сяргея ёсць сапрауды ўнікальныя, як джып-самаробак. Раней “простым смяротным” нельга было ездзіць на пазадарожніках. Такія машыны не траплялі ў рукі звычайныя савецкіх грамадзян. Усе джіпы былі ваенізаваныя.

 

Пазадарожнік, які сёння стаіць у двары рэстаўратара – адзіны ва ўсім свеце. Яго зрабіў нейкі беларускі механік-вынаходца. На шасі “ГАЗа-69” ён паставіў кузаў “ЗІМа”, папярэдне зрэзаў з яго адну дзвер. Перад машыны пастаўлены ад “ГАЗ-51”, а формы адноўлены пад “ГАЗ-67”. Атрымаўся савецкі паўнапрывадны самаробак з аб’ёмам рухавіка 2,5 літры.  (на здымку злева направа другі зверху)

 

У гаражы гаспадара стаіць яшчэ адзін цікавы аўтамабіль. Сапраўдны нямецкі Мэрсэдэс з адкідным верхам. Шасцімятровы кабрыялет прадстаўнічага класу прыкладна 1968-1970 гадоў. На сённяшні дзень машына можа “хадзіць” з хукасцю да 140 км. (на здымку першы)


Рэстаўрацыя


Па сканчэнні круга вакол дома становіцца цікава, калі і як гаспадар збіраецца адрэстаўраваць чатыры запланаваныя аўтамабілі. Яго планы здаюцца надта амбітнымі. Аўто цалкам “распранута” і больш падобна да металолому.

 

Машына, якую зараз рэстаўруе Сяргей

 

Часам Мукасей знаходзіць машыны на рэстаўрацыю, але бывае, яны знаходзяць яго. За такі доўгі час, што рэстаўратар займаецца рамонтам аўто, усё яго акружэнне ведае пра хобі. Знаёмыя дальнабойнікі выступаюць асноўнымі інфарматарамі. Вярнуўшыся з рэйса, яны распавядаюць, дзе бачылі падыходзячыя для рэтра-рэстаўрацыі машыны. Але ёсць і стандартныя крыніцы, як рэкламныя аб’явы.

 

Каб сабраць адну машыну, трэба разабраць двух-трох “донараў”. Аўтамабіль цалкам перабіраецца. Запчасткі камплектуюць, чысцяць і фарбуюць. Донары павінны быць аналагічнай мадэлі і маркі. Для рэстаўрацыі рэтра-аўто патрэбны “родныя” запчасткі, ажно да шын.

 

Апошні штрых – афарбоўка машыны.

 

 

“Калі ёсць усе запчасткі, на ўсё ў мяне ўходзіць год”, – кажа рэстаўратар. Звычайна ён першую палову года разбірае аўтамабіль, камплектуе, другую – рэмантуе, збірае і фарбуе. Але каб ставіць на ногі рэтра-тэхніку, чалавеку з меньшым вопытам спатрэбіцца значна больш часу. Як прагназуе майстар, каля пяці год.

 

Сёння Мукасей актыўна займаецца рэстаўрацыяй “ГАЗа-69”, пазадарожніка 1958 года.


Кошт рэстаўрацыі


Апынуўшыся ў гаражы, я ўбачыла такі ідэальны парадак, які толькі можна ўявіць. Рэчы аналагічнага прызначэння вісяць побач. Цяжка зразумець, як з такой колькасцю шрубак, запчастак можна трымаць армейскі парадак.

 

 

Машыну пад рэстаўрацыю можна набыць і за 300, і за 500 даляраў. Але за такія грошы ад машыны будзе адна назва. На ажыўленне аўтамабіля бяруць тэхніку даражэй альбо шмат. На аднаўленне аднаго аўтамабіля трэба адаць не меньш за 6 000 даляраў.

 

У Беларусі адносна невялікія кошты на рэтра-запчасткі. У Маскве адзінь алень на капот каштуе 300 даляраў, краты радыятара – 200, бампер – 400, родная гума – 400 за штуку. Калі збіраць машыну па такіх коштах трэба будзе аддаць каля 10-15 тысяч даляраў. Звычайная рэстаўрыраваная “Волга 21” у Маскве каштуе ў раёне 25 тысяч даляраў.

 

 

Калі ў Саюзе аўтамабіль быў раскошай, кошты на аўтатэхніку былі астранамічныя. “Волга” каштавала як дзве кватэры. “Жыгулі”, “Масквіч” як адна, а “ЗІМ” – чатыры.


Клуб аматараў рэтра-аўтамабіляў


Як толькі я паставіла нагу на парог хаты, стала канчаткова зразумела – рэтра-аўто гэта ўсё яго жыццё. У простым паводле ўбранства доме галоўнымі элементамі дэкору былі рэчы аўтатэматыкі і фатаграфіі з жыцця аўтамабіліста.

 

У асноўным рэстаўратар збірае свае машыны сам. Але цяжкія працы дапамагаюць рабіць сябры клуба, які арганізавалі гарадзенскія аматары рэтра-аўтамабіляў. Як кажа Сяргей, цяжкую працу ў адзіноце не зробіш, гэта не швэдар вязаць, а жалеза цягаць. Так удзельнікі клуба дапамагаюць адзін аднаму ставіць сваіх коней на ногі.

 

Гарадзенскі клуб рэгулярна ўдзельнічае ў выставах. Паказваюць сябе і свае машыны гарадзенцы ў асноўным па Беларусі. У планах гэтага года наведаць выставу ў Львове.

 

На сценах хаты вясяць граматы і дыпломы, іх дапаўняюць фатаграфіі з выездаў клуба. На фота рэтра-аматары пры поўным парадзе. Мужчыны ў ваенных касцюмах, жанчыны ў шыкоўных сукенках. І ўсё ў стылі рэтра.

 

 

Здымкі аўтаркі